Постмадэрнізм — гэта быццё без сэнсу быцця, быццё без якога-колечы фармуючага цэнтр Абсалюта, быццё без сярэдзіны і берагоў, быццё як татальнасць быцця…
«Беларуская думка»: Ваша бачанне літаратуры ў глабальным кантэксце. Яе рэальнасць і перспектывы. Як доўга яшчэ будуць чытаць мастацкую кнігу, а калі не будуць, дык чаму?
— Часам мне здаецца, што літаратура ўжо даўно стамілася ад самой сябе. За колькі там тысяч год няспыннага маўлення яна сказала пра чалавека ўсё, што яна магла пра чалавека сказаць. Літаратура незлічона абгаварыла яго цела і фізічныя патрэбы, яна наўсцяж абмеркавала ўсе трымценні душы і памкненні духа і нават вывернула вонкі вантробы чалавека, каб вынюхаць самы гнюсны смурод з яго фізіялагічных нетраў. Усё! Нідзе нічога нязведанага ад чалавека не засталося, каб можна было спадзявацца на эўрыстычны працяг. У гэтым сэнсе літаратура скончылася з той самай прычыны, што і эпоха геаграфічных адкрыццяў.
Праўда, гэтак сітуацыя выглядае адно тады, калі мы вызначаем літаратуру, як спосаб засваення «новых сусветаў» на тэрыторыі чалавека. Бо ў літаратуры заўсёды было і шмат іншых функцый: ад дыдактычна-адукацыйных да забаўляльных. І гэты «другі эшалон літаратуры» у той ці іншай меры яшчэ не малы час будзе запатрабаваны. Да таго ж у пару актыўнага развою літаратура засвоіла столькі «новых сусветаў», што цяпер можа бясконца доўга займацца інтэрпрэтацыяй сваіх ранейшых здабыткаў і нават з удаванай наіўнасцю прэзентаваць іх як вынаходніцтвы.
Таму праблема хутчэй не ў самой літаратуры, а ў чытачы. Недзе я ўжо казаў, што не бывае геніяльных твораў, бывае толькі геніяльны чытач. Ці ёсць ён, ці застаўся, ці будзе генеравацца далей гэты вялікі чытач, які і ствараў вялікую літаратуру?..
На гэтае пытанне пакуль я не маю аптымістычнага адказу.
Алесь Козік: Калі зірнуць на прыгожае пісьменства як на цэлае, дык у якім стане, на ваш погляд, знаходзіцца сучасная беларуская літаратура?
— Тут магчымыя два аднолькава пераканаўчыя, але цалкам супрацьлеглыя адказы. І кожны з іх залежыць не ад стану самой літаратуры, а ад вашага ўласнага погляду на яе. Калі ў вас ёсць жаданне бачыць беларускую літаратуру ў глыбокай крызе, дык вам не спатрэбіцца асаблівых высілкаў, каб давесці сваю пазіцыю на фактах, прыкладах і паралелях з іншымі літаратурамі. Але асабіста я выбіраю супрацілеглы варыянт адказу: калі ад нацыянальнай культуры і засталося хоць нешта вартае сур’ёзнай увагі, дык гэта перадусім літаратура.
Алесь Козік: Вы лічыце сябе філосафам ці про ста інтэлектуальна заангажаваным пісьменнікам?
— У акадэмічным сэнсе я не філосаф, а літаратар, схільны да аналітыкі і абстрактнага рэфлексавання… Іншая рэч, што ва ўсе часы прыналежнасць да філасофіі вызначалася не столькі прафесійным статусам, колькі наяўнасцю ўласна мыслення ў таго, хто хоць нейкім чынам спрабуе асэнсаваць падзею быцця…
5. Terra nihil
З’яўленне ўласнабеларускага філасофскага дыскурса, які пачаў фармавацца ўсяго толькі апрыканцы васьмідзесятых гадоў ХХ стагоддзя, сталася адной з самых буйных падзеяў у культуры сучаснай Беларусі. Але адразу мушу зазначыць, што тут я кажу менавіта пра беларускую філасофію, а не пра філасафаванне на Беларусі ўвогуле, якое, акрамя як у беларускім, адбываецца і ў расійскім моўна-ментальным модусе. І сваім аб’ёмам апошні відавочна пераважвае ўласнабеларускі, прынамсі, калі звяртаць увагу на фармальны вымер — бальшыня навукоўцаў ад філасофскіх навукаў (як і інстытуцыяў, якія яны прадстаўляюць) працуюць у расійскай мове і ў поле праблематыкаў, з’арыентаваных на прыярытэты расійскага інтэлектуалізму. Разам з тым, я бадай не шмат перабольшу, калі заўважу, што пры ўсёй сваёй колькаснай перавазе, іх праца, з прычыны яе перыферыйнасці ў праекцыі на расійскую культуру, застаецца, па вялікім рахунку, аднолькава незапатрабаванай як расійскім так і беларускім мысленнем. Але апошняе зусім не азначае, што я забыўся на сказанае Карэлам Чапэкам: «Кітаец, які зажадаў бы стварыць кітайскую філасофію, быў бы, напэўна, добрым кітайцам, але дрэнным філосафам». Гэтыя словы знакамітага чэха я згадваю кожным разам, калі адчуваю патрэбу падкрэсліць, што добра ўсведамляю ўсю ўмоўнасць такога словазлучэння, як «беларуская філасофія», і калі кажу пра фармаванне нацыянальнага філасофскага дыскурса, дык акцэнтую не яго нацыянальную адметнасць, а адметнасць факта з’яўлення гэтага дыскурса ў шматвымернай прасторы беларускай нацыянальнай культуры.