Максім Жбанкоў: Ці з’явілася за гады нашай незалежнасці ўласна беларускае мысленне?
— Раней, калі нехта казаў «беларускі філёзаф», дык усе вакол пасміхаліся, як быццам яны пачулі нешта недарэчнае. Сёння азначэнне «беларускі філосаф» гучыць гэтаксама натуральна, як, скажам, «польскі філосаф». Цягам гэтых год былі закладзеныя падваліны сучаснага беларускага мыслення, магчымасць якога была толькі пазначаная на пачатку ХХ стагоддзя Ігнатам Канчэўскім і Уладзімірам Сулімам.
Максім Жбанкоў: Правакацыйнае пытанне: а навошта Беларусі свая філасофія? Вось не маюць яе Швейцарыя або Бельгія — і нічога, жывуць і някепска. Можа, сапраўды, за нас ужо ўсё напісалі Гегель, Ніцшэ ды Бадрыяр?
— Напрыканцы 80-х—пачатку 90-х гадоў, калі толькі пачынаў фармавацца дыкурс сучаснага беларускага мыслення, я лічыў, што без уласнай філасофіі беларуская культура заўсёды будзе заставацца не поўнай. Цяпер я разумею, што культура можа поўнавартасна функцыянаваць і без філасофіі, прынамсі, як такой…
Максім Жбанкоў: І беларуская культура таксама?
— І беларуская таксама. Але я б не выключаў, што Беларусь у гэтым плане яшчэ спраўдзіцца. Аб нашым не абы-якім інтэлектуальным патэнцыяле сведчаць тыя мысляры беларускага паходжання, што рэалізоўвалі сябе ў іншых культурах (у самыя розныя эпохі). Дарэчы, для таго, каб з’явілася адметная філасофія зусім не патрэбны сотні ці тысячы філосафаў. Аднаго Артэгі-і-Гасэта хапіла, каб Іспанія ўвайшла ў лік філасофскіх нацыяў.
Максім Жбанкоў: Айчыннае інтэлектуальнае жыццё фактычна падзеленае на два ўзроўні: карпаратыўна-бюракратычны і пазасістэмны, дзе знаходзяцца актуальныя, але з большага нелегітымныя аналітыкі і філосафы. Што азначае гэты расклад?
— Напрыканцы 80-х-пачатку 90-х у нас была парадаксальная сітуацыя: прафесійныя асяродкі, якія мусілі трансляваць філасофскую веду ў сучаснасць і адначасна разгортваць тут найноўшую веду, не займаліся гэтым у нацыянальна-культурным дыскурсе. Ні ў Акадэміі навук, ні на кафедрах філасофія не прысутнічала як падзея беларускага інтэлектуальнага жыцця. І рэч не ў тым, што не пісаліся тэксты «на мове» ці іх пісалася мала: скажам, была выдадзеная шматтомная «Гісторыя беларускай філасофіі» па-беларуску… Рэч у тым, што прафесійныя філосафы ў Беларусі не былі ўлучаныя ў нацыянальна-культурны космас і з гэтага іх філасафаванне было філасафаваннем людзей з ніадкуль. А мысленне (нават чыстае) ёсць мысленне праз апірышча на тыя ці іншыя культурныя знакі ды атрыбуты. Зразумела, быццё немагчыма памысліць толькі праз знакі і атрыбуты беларускага соцыакультурнага кода, але калі яны ў мысленні не прысутнічаюць татальна, дык пра якую беларускую філасофію можа ісці гаворка? Адраджэнская эпоха 90-х гадоў якраз і выявіла ўсю абсурднасць гэткай сітуацыі. Тады і з’явіўся шэраг людзей, патэнцыйна гатовых да інтэлектуальнай працы ў дыскурсе нацыянальнай філасофіі. Але яны рэалізоўвалі свой інтэлектуальны досвед не ў прафесійных філасофскіх асяродках, нават калі там працавалі. Гэта значыць, што сучаснае беларускае мысленне фармавалася не ў акадэмічных інстытуцыях, а ў вольных суполках і незалежных культурна-філасофскіх выданнях. Падзел на інстытуцыянальную рускамоўную філасофію і вольную ад усялякіх канонаў і дысцыплінарсцяў ўжо ўласна беларускую існуе і па сёння.
Максім Жбанкоў: Гэта нармальна?
— Якая ўжо тут нармальнасць? Сёння існуе шмат прафесійных асяродкаў, дзе людзі атрымліваюць беларускія грошы за разумовую дзейнасць, якая нават ва універсалісцкіх абсягах мусіць не тым дык іншым чынам суадносіць плён свайго наробку і з беларускай культурай і, калі заўгодна, з беларускай дзяржавай (у самым шырокім сэнсе гэтага панятку). У той самы час яны цалкам дыстанцуюцца ад беларускасці хоць у якім фармаце. А ў той жа час шмат хто без усялякай сістэмнай падтрымкі сядзіць па інтэлектуальных закутках і працуе на беларускае мысленне. Інакш кажучы, «дзяржаўныя» і пазасістэмныя мысляры знаходзяць сябе не толькі ў розных інтэлектуальных пазіцыях, але і на розных узроўнях сацыяльнай іерархіі.