Выбрать главу

Максім Жбанкоў: Вольнае мысленне — гэта амаль заўсёды радыкальная нязгода з абсурдам рэчаіснасці. Рухацца насуперак відаводчнаму — місія інтэлектуала. Дык можа нашыя цьмяныя часы толькі спрыяюць пад’ёму нацыянальнай думкі?

— У пэўнай ступені тэза слушная, але… У нас жа былі яшчэ горшыя часы, напрыклад за саветамі. Аднак тады беларускае мысленне не магло нават заявіць пра сваю магчымасць быць. Дарэчы, за 75 год існавання савецкай улады ў Беларусі не было выдадзена ніводнай кніжкі з класікі сусветнай філасофіі па-беларуску. Каб цёмныя часы былі плённыя, неабходныя пляцоўкі для інтэлектуальнага супраціву. За камуністычным рэжымам такога месца не магло быць па азначэнні. Цяпер мы маем радыкальна іншую сітуацыю. Нягледзячы на самага рознага кшталту яўныя і прыхаваныя рэпрэсіі ды абмежаванні, інтэлектуальнае жыццё на Беларусі мне бачыцца досыць плённым і разнастайным. Тут не да месца разгортваць яго панараму, таму згадаю ўсяго адзін момант. Толькі цягам гэтага года выйшлі чатыры кніжкі, дзе Беларусь асэнсоўваецца як інтэлектуальная праблема (Уладзіміра Мацкевіча, Валеркі Булгакава, Пётры Рудкоўскага і, прабачце, Валянціна Акудовіча). Гэта ж пра нешта кажа.

Максім Жбанкоў: Тым не менш, па вялікім рахунку, краіна жыве без інтэлектуалаў. Яна іх не чуе, яны яе — таксама. Атрымліваецца дзіўная рэч — беларускае мысленне  Беларуссю нібыта і не запатрабаванае…

— Сапраўды, краіна жыве без нас. І ведаць не ведае, што магчыма самае галоўнае, што адбылося ў яе жыцці за апошні час — гэта з’яўленне дыскурса сучаснага беларускага мыслення. Бо без яго Беларусь ніколі не змагла б зразумець і ўпарадкаваць самую сябе. Незалежныя мысляры ўжо прарабілі неверагодную працу, легітымізаваўшы Беларусь у мысліўных канцэптах. Праўда, генерацыя, стварыўшая інтэлектуальную Беларусь, настолькі закахалася ў сваё стварэнні, што, здаецца, ні пра што іншае ўжо не можа ні гаварыць, ні думаць (уявіце сабе нямецкую ці францускую філасофію, якія б адпаведна займалася толькі Германіяй ці Францыяй). Таму свой артыкул пра стан сучаснага беларускага мыслення для ўкраінскага часопіса «Сучаснісць» я назваў «Пігмаліён» (на ўсялякі выпадак нагадаю: скульптар Пігмаліён стварыў скульптуру Галатэі і сам закахаўся ў яе).

Інтэлектуальная засяроджанасць выключна на феномене Беларусі ў сваю пару пару была і зразумелай, і надзвычай плённай. Але задоўжанасць гэтай тэндэнцыі пачынае пакрысе трывожыць. Выдае на тое, што гэта першы крызіс беларускага мыслення. Аднак трывога мая аптымістычная, бо крызіс — гэта заўсёды сведчанне патрэбы наступнага развою.

Андрэй Расінскі: У XIX стагоддзі ў глыбока правінцыйнай Даніі з’явіўся філосаф Сёрэн Кіркегар, які заклаў падваліны аднаго з найвялікшых філасофскіх стыляў ХХ стагоддзя — экзістэнцыялізму. Чаму нічога падобнага не здарылася ў правінцыйнай Беларусі?

— Мне здаецца і сам Пан Бог не ведае, дзе і з чаго нараджаецца геній. А што да ўласна Сёрэна Кіркегара, дык ён быў бадай што самым мужным, за выняткам хіба Фрыдрыха Ніцшэ, еўрапейскім мысляром. Таму і змог зразумець Бога, не толькі як таго, хто ўсё можа, але як і таго, каму ўсё можна. І калі Бог патрабуе ад цябе забіць адзінага сына, як у выпадку з Аўраамам, — забі! І ўсё роўна любі Бога, і не губляй веры ў Яго — «нават калі раструшчыцца ўвесь свет і расплавяцца ўсе элементы, ты павінен верыць».

Між іншым, Кіркегар быў не толькі мужным мысляром, але і адважным чалавекам. Ён жорстка крытыкаваў афіцыйную царкву (а гэта ж яшчэ толькі сярэдзіна ХІХ ст.) за тое, што ў ёй ужо нічога не засталося ад сапраўднага хрысціянства. Як сёння не хапае «свайго» Кіркегара Расійскай праваслаўнай царкве, асабліва на Беларусі!

Андрэй Расінскі: Сёрэн Кіркегар выступаў за «прыватнага чалавека», якога не здольная прыўласціць ніводная ідэалогія, дзяржаўны ці царкоўны інстытут. Ці можам мы гэты  досвед скарыстаць сёння на Беларусі?

— Я не думаю, што нешта з філасофскага наробку Кіркегара мы можам скарыстаць, прынамсі калі мець на ўвазе шырокі сацыяльны план. Класічны экзістэнцыялізм таму досыць хутка і змарнеў, што Сартр, Камю, Марсель і да іх падобныя паспрабавалі яго сацыялагізаваць, гэта значыць, зрабіць масавай філасофіяй. А экзістэнцыялізм, у сваёй сутве, вельмі падобны да рэлігіі. Як паміж вернікам і Богам няма і не можа быць нікога, гэтаксама і філасофія экзістэнцыялізму патрабуе, каб паміж табой і Табой (як шляхам да самога сябе), быў толькі ты сам, і ніхто больш.

Андрэй Расінскі: Краіна таксама здзяйсняе экзістэнцыйны выбар?