Выбрать главу

— Тут я хутчэй салідарызуюся з тым Фуко, які фіксуе страту інтэлектуалам сваёй ролі (і з шматлікімі іншымі ў тыпалагічна падобных аналітыках), чым з вамі, Вольга. Вы прамаўляеце: «праца інтэлектуала не згубіла свайго значэння, паколькі ўлада і сацыяльныя сувязі патрабуюць крытыкі і асэнсавання, якія, аднак, могуць паставіць пад пытанне працэс атрымання масамі задавальненняў ад жыцця». З пазіцыі чыстага тэарэтызму (прыслоненага да ідэалізму), тут, магчыма, і ёсць рацыя. Але ў сучаснай рэальнасці інтэлектуал (і ягоная праца) не патрэбныя ні ўладзе, ні масам. Хутчэй наадварот — яны ім толькі замінаюць. Калі каму сёння хоць часткова і патрэбны інтэлектуальны плён, дык гэта паліттэхнолагам (яшчэ раз нагадаем паноўную трыяду: палітык, паліттэхнолаг, журналіст), якія зрэдчас ім карыстаюцца для сваіх зусім не інтэлектуальных мэтаў. І таму на вашае запытанне: «ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай?», я без сумневу адказваю: толькі там яму і месца. А калі інтэлектуал ідзе ў палітыку, дык ён перастае быць інтэлектуалам. Дакладней, ён сам мусіць выкінуць на сметнік увесь свой інтэлектуалізм, бо яму, як палітыку, гэта будзе адно замінаць. З вядомых мне беларускіх інтэлектуалаў толькі Уладзімір Мацкевіч спрабаваў (і, калі не памыляюся, спрабуе) удзельнічаць у рэальнай палітычнай барацьбе. Але я зусім не ўпэўнены, што ягоны інтэлектуалізм яму там дапамагае. Дарэчы, ужо не аднойчы знаныя беларускія палітыкі звярталіся да мяне, спадзяючыся, што «філосаф» Акудовіч падкажа, як ім дапяць да ўлады. Але паколькі было не складана пралічыць, што ўлады ім пакуль не бачыць, як уласных вушэй, дык ужо пасля першага сумоўя яны гублялі ўсялякую цікавасць і да «філосафа», і да ўсёй сусветнай філасофіі ўвогуле…

І ўжо зусім іншая рэч, што інтэлектуал таксама грамадзянін. У тыя гады, калі Беларусь бурапеніла мітынгамі і шэсцямі, абсалютная бальшыня нацыянальна заангажаваных інтэлектуалаў была на вуліцах, трапляла ў пастарункі (Алесь Анціпенка), біла «амапаўцаў» (на адным з іх Ігар Бабкоў зламаў свой парасон), цярпела ад міліцыянтаў (Валянцін Акудовіч доўга ганарыўся, што пры разгоне шэсця міліцыянт добра лупцануў яго дубінкай па лытцы) і г.д. і да т.п. Але, як вы разумееце, гэта зусім розныя пазіцыі — прысутнасць інтэлектуала ў палітычным дыскурсе ў якасці грамадзяніна і ў якасці інтэлектуала.

Вольга Шпарага: І ўсё ж такі, калі інтэлектуал не ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе наўпрост, дык ці трэба яму пазбягаць і крытыкі гэтай барацьбы, дакладней — тых кантэкстаў, у якіх гэтая барацьба адбываецца? Я цалкам з вамі згодная: разуменне таго, што ты грамадзянін, і рэальны ўдзел у палітыцы — гэта не адно і тое самае. Але ці не робяць інтэлектуалы былога Савецкага Саюза менавіта такога рода атаясамленне, бо цягам усёй гісторыі Савецкай Імперыі грамадзянамі яны былі выключна ў віртуальным сэнсе, паколькі ўся палітыка зводзілася да следавання волі бацькі ўсіх народаў? Але што самае жахлівае, вынікам падобнага атаясамлення становіцца адмаўленне палітычнай рэальнасці як рэальнасці, якая патрабуе свайго асэнсавання, а можа нават і вынаходніцтва. Вяртаючыся да вашага вызначэння інтэлектуала як «эўрыстычнай катэгорыі» і да таго, што ў ХХ стагоддзі на месцы інтэлектуала апынуліся, перадусім, паліттэхнолаг, актыўны кансюмарыст і журналіст, я пытаюся ў самой сябе, ці не ператвараецца «эўрыстычнасць» інтэлектуала ў чыстую фікцыю, калі ён спакойна пагаджаецца на тое месца, якое яму ўстанавіла гэтая «тройка», замест таго, каб актыўна выпытваць іх і супольнасць у цэлым аб тым, хто і чаму ладзіць нашае жыццё, на якія прынцыпы абапіраецца гэты лад і ці адкрыты ён крытыцы і пераменам? Інакш кажучы, ці патрэбна інтэлектуалу крытыкаваць сацыяльнае і палітычнае?