Выбрать главу

Аляксандр Адамянц: Ці не маглі б вы удакладніць сваю тэзу пра Беларусь як пра краіну, магчымую толькі ў фармаце сацыяльнай дзяржавы?

— Калі коратка, дык гэта дзяржава, дзе вядзе рэй не ідэалогія, а «сацыяльная анталогія» быцця. Гэта дыскурс без міфаў, акрамя міфа гэтага дыскурса (пакуль не створанага). А калі на мове палітыкі, дык гэта дзяржава, у аснову якой пакладзена мадэль «грамадзянскай супольнасці» (г. зв. «французская мадэль»). І калі я не памыляюся, дык гэтак яно і будзе, бо гэтак у беларускай рэальнасці ўжо ёсць цяпер, толькі ніхто таго, што ёсць, чамусьці не бачыць за каштоўнасць.

Аляксандр Адамянц: Якім вы бачыце будучае Беларусі? Патлумачу сваё пытанне. Я маю на ўвеце не прагнозы, а мэту, да якой мусіць імкнуцца нашае грамадства. Якая задача стаіць перад намі ўсімі? Якія каштоўнасці мы мусім адстойваць? Ці з’яўляецца Беларусь еўрапейскай краінай? А, можа, яна бліжэй да Расіі і ў гэтым сэнсе больш азіяцкая?

— Нейкія мэты можна ставіць, а можна і не ставіць ніякіх мэтаў — усё роўна на выхадзе мы атрымаем тое самае (хіба што ў другім выпадку трохі пазней). Модус камунікатыўна адкрытай цывілізацыі нікому не прадугледжвае ўласнага выбару. Нас чакае доля сярэднестатычнай еўрапейскай краіны, адно што трохі больш  славяназаванай» («зрусіфікаванай») за іншыя ўсходнееўрапейскія краіны. Дарэчы, гэты фактар дадасць нам адметнасці, хаця ў цэлым адметнасцяў у нас будзе не болей, чым у іншых ад іншых. Відавочна, у нас наўсцяж запануюць агульнаеўрапейскія стандарты і каштоўнасці (яны ўжо тут пануюць, варта адно не заплюшчваючы вачэй і глыбей зазірнуць у беларускі чыгунок, дзе булькоча варыва нашага жыцця). Праўда, усе гэтыя «стандарты» і  каштоўнасці» будуць трохі здэфармаванымі з уліку і на вонкавы фактар «азіяцкай» Расіі побач і на тую «рускасць» унутры беларусаў, якая ўжо сталася адным з натуральных чыннікаў нас саміх… І тут ніякіх нечаканасцяў не прадбачыцца — пытанне толькі ў часе. Бо мы еўрапейцы не па геаграфіі, а па лёсе, які наканаваў нашым продкам прыняць чынны ўдзел у фармаванні Вялікай Еўропы і потым быць адным з яе асноўных фарпостаў на Усходзе.

Аляксандр Адамянц: Што вы думаеце аб праблемах мовы? Беларусь двухмоўная краіна, хаця гарадское насельніцтва ў асноўным размаўляе па-руску і ў многіх ёсць адмоўнае стаўленне да беларускай мовы? Якія перспектывы развою і ўзаемадачыненняў гэтых дзвюх моваў?

— Зусім нядаўна я нечакана для сябе зразумеў, што пасля маіх дзяцей самым дарагім для мяне ў гэтым жыцці з’яўляецца мова. Яна мне нават даражэйшая за свабоду і незалежнасць Беларусі. Чаму так? Можа таму, што быццё і нябыт у сваім цэлым размаўляюць са мной толькі па-беларуску (і ні на якой іншай мове яны са мной размаўляць не жадаюць). З гэтага вы лёгка можаце сабе ўявіць, як мне няўтульна ад той сітуацыі, у якой знаходзіцца сёння беларуская мова. Разам з тым, я выдатна разумею, што нават у спрыяльных умовах гэ-тая сітуацыя радыкальна не пераменіцца, і беларуская мова, бадай, ніколі не запануе спрэс. Я аб гэтым ужо шмат пісаў і таму не маю ніякай ахвоты зноў разгортваць аналітыку гэтай скрушнай тэзы. Але з яе вынікае, што ў нас няма іншага выйсця, як пазбыцца «неприятия»  расійскамоўных да беларускамоўных і наадварот. Карацей кажучы: палюбі мову другога, як сваю. Інтэлектуалы тут маглі б стаць «жывым» прыкладам для ўсяго беларускага грамадства. Мірнае суіснаванне розных моваў (як канфесіяў ды рэлігіяў) — гэтак будзе натуральна для Беларусі. А ўсяляк інакш — будзе не натуральна.

«Трэці Шлях»: Дык што ў рэшце рэшт чакае беларускую мову, і на якой мове беларусы стануць размаўляць у будучым?

— Хацелася б верыць, што калі сённяшні рэпрэсіўны перыяд адносна беларускай мовы скончыцца, яна знойдзе сваё месца (і сваю ролю) у жыцці не толькі нацыянальна заангажаваных беларусаў, але і ўсяго грамадства. Разам з тым, найбольш пэўна, што Беларусь і надалей застанецца полімоўнай краінай (якой яна і была заўсёды).

Актыўна будзе пашырацца англамоўны дыскурс, патроху адсланяючы рускамоўны. Хаця, прынамсі ў бачнай перспектыве, дамінаванне рускай мовы бясспрэчна застанецца. А даўжыня гэтай перспектывы будзе залежаць ад заняпаду (ці росквіту) Расіі. У эпоху камунікатыўна адкрытых прастораў (глабалізацыі) з рускай мовай і ў Расіі неўзабаве паўстануць сур’ёзныя праблемы. І калі Расія ператворыцца ў глухую правінцыю глабальнага свету, дык хто захоча размаўляць мовай «дзярэўні», тым болей — не сваёй «дзярэўні»?