Выбрать главу

«Трэці Шлях»: Якую ролю адыгрывае родная мова ў нацыянальнай культуры, свядомасці, палітычнай стабільнасці і эканамічнай эфектыўнасці грамадства?

— Я не думаю, што, скажам, паміж мовай і эканамічнай эфектыўнасцю грамадства існуе хоць нейкая наўпроставая сувязь. Амерыканская нацыя на чужой мове стварыла самую магутную за ўсю гісторыю чалавецтва супердзяржаву. (Дарэчы, наўрад ці ў амерыканцаў атрымалася б падобнае, каб яны скарысталіся французскай альбо іспанскай мовамі, але гэта ўжо зусім іншая гаворка). А з іншага боку, немагчыма ўявіць немцаў у той значнасці, якую мы ведаем за імі, без нямецкай мовы (бадай, зусім невыпадкова немцы збудавалі сваю нацыю менавіта на этналінгвістычнай мадэлі). Адным словам, уласныя мова і нацыянальная культура камусьці дапамагаюць у палітычным і эканамічным уладкаванні, а камусьці і не (самымі беднымі і неўладкаванымі з’яўляюцца традыцыйныя грамадствы трэцяга свету, дзе родная мова і культура татальна дамінуюць).

Што да нацыянальнай самасвядомасці, дык адсутнасць уласнай мовы тут таксама адбіваецца па-рознаму. Аўстрыйцам, здаецца, не надта муляе, што яны яе не маюць (хаця, да свайго сораму, я пра гэтую праблему аўстрыякаў нічагусенькі не ведаю), а вось чэхі не супакоіліся, пакуль канчаткова не змайстравалі сабе ўласную мову. (Бачыце, суседзі, а як усё па-рознаму). У выпадку з беларусамі праблема мовы, як мне здаецца, чым далей, тым болей будзе муляць, але пры гэтым яна не будзе знаходзіць адназначнага вырашэння. Яшчэ праз нейкі (невялікі) час беларусы стануць спрэс ідэнтыфікаваць сябе беларусамі, аднак размаўляць будуць пераважна па-руску. Толькі ў адрозненне ад аўстрыякаў, унутры кожнага з беларусаў з гэтай «асіметрычнасці» запыніцца назаўжды трохі няўтульнасці, бо раз-пораз ім давядзецца перастракацца з беларусамі, якія размаўляюць па-беларуску. А ў тых яшчэ болей будзе няўтульнасці (і нязручнасці), бо бальшыня такіх самых беларусаў вакол іх гаворыць інакш.

Каб я быў палітыкам, дык узяў бы сабе адной з асноўных задач пазбавіць і тых і другіх беларусаў ад гэтай няўтульнасці.

«Трэці Шлях»: Як найбольш эфектыўна данесці да грамадзянаў Беларусі неабходнасць ведаць і размаўляць па-беларуску? Што для гэтага трэба рабіць? Ці можа тэлебачанне і кіно быць рухавіком гэтага працэсу?

— Рэч зусім не ў тэхналогіях і спосабах «беларусізацыі». Самыя дасканалыя з іх не будуць мець аніякага эфекту, пакуль улада і грамадства не адчуюць сантымент да «матчынай» мовы, як да таго, што палягае ў прычыне і гэтай дзяржавы і іх саміх, як беларусаў, нават калі яны і не збіраюцца вяртацца да мовы продкаў. Толькі паўсюдная сімпатыя і, магчыма (але не абавязкова), ціхі дакор самому сабе за тое, што адлучаны ад слова продкаў, створаць атмасферу прыязні, у якой «мова» зможа заняць хай сабе і не дамінуючую, але стабільную пазіцыю і спакойна функцыянаваць у меру таго рэальнага патэнцыялу, які яна мае насамрэч.

«Трэці Шлях»: Якую б нацыянальную ідэю Вы прапанавалі беларусам, зыходзячы з іх культурных і сацыяльных каштоўнасцяў?

— Калі нехта вам скажа, што ён вынайшоў «нацыянальную ідэю», дык вы пахваліцеся яму, што прыдумалі «перпетум мобіле», ці злавілі ў глухіх нетрах Белавежскай пушчы «снежнага чалавека». Верагодна, ён вам і паверыць, але вы яму не давайце веры. Немагчыма вынайсці тое, чаго ў прыродзе няма. А ў «прыродзе» беларусаў няма ніякай нацыя-нальнай ідэі. Ну калі ўжо некаму без яе хоць памірай, дык хай у гэтай якасці фармалізуе Беларусь як такую. Маўляў, нацыянальная ідэя беларусаў — Беларусь. Трохі дурнавата гучыць, але насамрэч даволі слушна. Бо калі што і яднае беларусаў, дык гэта топас. Таму ва ўсе гістарычныя эпохі, у якія б геапалітычныя канфігурацыі гэтая тэрыторыя не патрапляла, яна заўсёды патрабавала для сябе адметнага статусу (ВКЛ у Рэчы Паспалітай, «Северо-Западный» край у Расійскай імперыі, «Крэсы всходні» ў Польшчы, БССР у Савецкім Саюзе).

Але давайце пакінем праблему «нацыянальнай ідэі» штатным ідэолагам. Бо асабіста для мяне сапраўдная праблема Беларусі (і беларусаў) бачыцца зусім у іншым. Праз стагоддзі розныя палітычныя сілы мэтанакіравана прафанавалі і нашу зямлю, і ўвесь лад ды космас нашага жыцця. І дапрафанавалі да таго, што ўрэшце мы самі паверылі ў сваю прафаннасць (а цяпер і другіх пераконваем у гэтым). Таму сёння я бачу толькі адну сапраўды рэальную праблему, а менавіта: як нам сакралізаваць Беларусь (у сэнсе, як давесці беларускаму грамадству сакральнасць іхняга гістарычнага шляху і іхняга апрычонага топасу)? Бо не могуць не мець сакральнага зместу тыя тысячагоддзі, якімі поўнілася быццё гэтага краю. Прафаннае так доўга не існуе. Так доўга існуе толькі сакральнае.