Выбрать главу

Аляксандр Адамянц: У сувязі з мовай паўстае дадатнае пытанне. Як вам бачыцца праблема нацыянальнага самавызначэння і нацыянальнай самаідэнтычнасці беларусаў? Ці не з таго ўзнікаюць цяжкасці з нацыянальным самавызначэннем, што беларуская мова апынулася на перыферыі культурнай сітуацыі ў цэлым?

Вольга Шпарага: Я хачу зрабіць яшчэ адну заўвагу з гэтай нагоды, абапіраючыся на вашыя тэксты. Вы дастаткова негатыўна ацэньваеце нацыянальную ідэю. Па-першае, последам за бальшынёй еўрапейскіх філосафаў адзначаеце, што пара нацый у заходнім свеце прамінула. Гэты час прыпаў на мадэрную эпоху XVII—XIX стагоддзяў і характарызаваўся фармаваннем нацыянальных дзяржаваў. Крызіс гэтай эпохі звязаны з Першай і Другой сусветнымі войнамі, калі нацыі-дзяржавы распачалі змаганне адна з адной. Пасляваенны перыяд і наступ эпохі постмадэрна — гэта час фармавання новых надцыянальных — эканамічных, палітычных, культурных — структур, якія бяруць на сябе місію вырашэння міжнацыянальных і міжкультурных канфліктаў. Па-другое, канец нацыянальнай ідэі вы звязваеце з канцом «эпохі Ідэй», гэта значыць, нейкіх абстрактных і універсальных тэарэтычных канструктаў, якім мусілі падначальвацца лакальныя тэорыі і практыкі. Эпоха постмадэрна зрабіла лакальнае, ці актуальнае, у вашай тэрміналогіі, найвышэйшай каштоўнасцю. Па- трэцяе, вы адзначаеце, што ў мастацкім плане нацыяналістычныя ідэі нічым не розняцца ад камуністычных.

Тады напрошваецца пытанне: ці не пярэчыць беларуская нацыянальная ідэя сучаснаму цывілізацыйнаму развою? Другое пытанне, якое мяне хвалюе: калі падобная супярэчнасць насамрэч існуе, дык ці рэальна яе пераадолець? Інакш кажучы, ці магчыма народу альбо дзяржаве здзейсніць самавызначэнне, прамінуўшы этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі? І ці не ёсць менавіта гэтая праблема — фармаванне Беларусі як самастойнай нацыянальнай дзяржавы ў эпоху «пасля нацый» — генератарам усіх нашых сённяшніх бедаў?

— Уласна кажучы, вы, Аляксандр і Вольга, у гэтых апошніх сваіх пытаннях сфармулявалі і мае адказы на іх. Таму мне застаецца толькі дадаць трохі інтэрпрэтацыяў… У эпоху «выбуху мадэрнасці» нацыяналізм выявіўся універсальнай ідэалагічнай формулай для самых непадобных соцыумаў. Нацыяналізмам па-рознаму, але аднолькава плённа скарысталіся і даўно паўсталыя дзяржавы, і тыя, што ствараліся наноў (хаця дакладней было б сказаць, што гэта нацыяналізм імі скарыстаўся). Але трыумфальнае шэсце нацыяналізму было звязанае не з яго фантастычнай прыдатнасцю да гранічна розных сітуацыяў у якасці ідэалогіі, а з тым, што ён апынуўся найбольш эфектыўным інструментам у якасці тэхналогіі мадэрнага соцыуму. Дарэчы, на неверагодную тэхналагічнасць нацыяналізму амаль ніхто не звярнуў увагу… Зрэшты, сёння ўсё гэта ўжо амаль не мае значэння. Бо цывілізацыя культураў скончылася. Пачалася культура цывілізацыі, якая пакуль трымае назву «глабалізацыя». Зразумела, што глабалізацыя — гэта прынцыпова іншая (ад нацыяналізму) форма ідэалагічнага і тэхналагічнага ўладкавання быцця чалавека. І мы разам з усімі нацыяналізмамі (аформленымі, недааформленымі і толькі запачаткаванымі) ужо ўцягнутыя ў гэтую новую гульню ў жыццё, правілы якой, дарэчы, яшчэ толькі пачынаюць пісацца, і таму пакуль зусім не зразумела, хто ў канчатковым выніку ў ёй пераможа.

Таму натуральна, што з сітуацыі «глабалізму» перад кожным нацыяналізмам паўсталі свае і вельмі сур’ёзныя праблемы. Асноўная праблема беларускага нацыяналізму ў тым, што ён усё яшчэ застаецца без канвецыйнага нацыянальнага міфу, каб паспець з яго плённа скарыстацца перад тым, як глабальныя перарухі вельмі шмат чаго перайначаць і ў нашых сэрцах, і ў нашых галовах.

Вольга Шпарага: І як на гэтую праблему можам рэагаваць мы, інтэлектуалы?

— Тут займеннік «мы» наўрад ці будзе дарэчы, бо працоўнае месца інтэлектуала знаходзіцца ў адзіноце. І таму калі і ёсць у інтэлектуалаў нейкая агульная задача — дык гэта пашыраць і вялічыць дыскурс інтэлектуалізму… «Аднак жа ўсё існуе, каб быць прыдатным для нечага», — заўважыце вы. Ну так. Але каб не было інтэлектуальнага дыскурсу, дык ці адбыліся б мы з вамі як інтэлектуалы, а значыць ці адбыліся б і ўвогуле? За сябе адкажу, што напэўна не, я не адбыўся бы… Аб чым тут гаворка? Можа,  інтэлектуалізм паўстаў і сфармаваўся як дыскурс зусім не для «нечага», а толькі для «некага». Можа, ён і існуе адно дзеля таго, каб было куды прыйсці і было дзе застацца тым, каму кон уплёў у зялёнае вецце жыцця папяровую стужку інтэлектуалізму?