Зрэшты, а чым яшчэ ёсць і само жыццё, як не ўсяго толькі месцам, куды можна прыйсці і дзе можна застацца на нейкі час?
Таццяна Слінка: У філасофскай супольнасці, ды і не толькі там, вы вядомы як той, каго няма. Аднак падаецца, што ваша дэкларацыя ўласнай адсутнасці была ўспрынятая ўсяго як эпатажнасць і выклік, але абсалютна не асэнсаваная як філасофская тэза. Можа, паспрабуйце ўдакладніць, што вы мелі наўвеце пад гэтым «мяне няма».
— Прынамсі, зусім не тое, на што зважаў Сартар, калі казаў: «Чалавек — гэта адтуліна ў быцці». Наўрад ці хто, акрамя вернікаў, спадзяецца, што я-чалавеку можна падшукаць анталагічнае алібі, але мала хто ставіў пад сумнеў наяўнасць экзістэнцыйнага алібі ў я-чалавека. Тым болей падобны сумнеў немагчымы быў для класічнага экзістэнцыялізму, які абсалютызаваў «Я» і цалкам трымаўся гэтай абсалютызацыяй. У маім выпадку ўсё выглядае радыкальна інакш. Я схільны лічыць, што «Я» — гэта толькі граматычная катэгорыя, якую мяне вымушае ўжываць мова (прыкладам таму і дадзены сказ); «Я» патрэбнае не мне, а мове, бо мова ўсёй сваёю структурай угрунтаваная ў гэтае катэгарыяльнае «Я».
Дый наагул, калі класічны экзістэнцыялізм лічыў, што чалавек напампаваны экзістэнцыяй, як футбольны мячык паветрам, дык я мяркую, што ўнутры чалавека — «экзістэнцыйны вакуум» (формула Вітара Франкла, якую ён выснаваў з досведу назірання за палоннікамі канцэнтрацыйнага лагера, ад пакутаў страціўшых «усё чалавечае»). Але ў адрозненне ад Франкла, я не бачу экзістэнцыйнай розніцы паміж чалавекам на волі і чалавекам у канцлагеры, бо з майго гледзішча, я-чалавек — гэта толькі пэўнае месца, на прасторы якога атабарваюцца і гуртуюцца самыя розныя феномены бытнага і быцця: фізічныя, біялагічныя, сацыяльныя, культурныя, ідэалагемныя і — «экзістэнцыйныя». І розніца вольнага чалавека ад палоненага не ў тым, што апошняга не выпускаюць за калючы дрот у шырокі абсяг бытнага, а ў тым, што ўся разнастайнасць феноменаў бытнага не прапускаецца праз калючы дрот на прастору чалавека. Заблакаваны ад бытнага (і тым спустошаны) вязень як найлепей дэманструе маю тэзу пра адсутнасць я-чалавека. Я — гэта толькі тое, што ёсць мною, а насамрэч — мяне, як «Я», няма… Дарэчы, я ўвогуле зачараваны феноменам Няма, прынамсі ён мяне хвалюе і трывожыць у значна большай меры, чым феномен Ёсць.
Таццяна Чыжова: А вам не падаецца, што вось гэтае ваша памкненне да Нішто, да Няма — гэта ўсяго толькі жаданне вярнуцца і замкнуць кола?
— Вярнуцца куды й замкнуць што?
Таццяна Чыжова: Вярнуцца туды, дзе нас раней не было і дзе потым зноў не будзе?
— Цікава!.. Не, я зусім не спяшаюся вяртацца туды, дзе мяне не было і дзе мяне зноў не будзе (дарэчы, гэта, бадай, і не адно тое самае месца, а два кардынальна адрозныя). Але бясспрэчна, што і мая зачараванасць Вялікім Няма і маё разуменне самога сябе як «персанальнага няма» абумоўленыя сітуацыяй адсутнасці (і папярэдняй, і той, што яшчэ чакае наперадзе) як мяне самога, гэтак і ўсяго, што з’яўляецца быць. Хаця, ведаеце, калі я распачынаў пісаць эсэ, якое пазней атрымала назву «Хто Я?, альбо Мяне не было, няма, не будзе», дык быў непахісна перакананы, што чалавек ёсць і што ён абавязкова нагружаны нейкай ісцінай быцця. Варта адно не ленавацца, добра паварушыць глуздамі, далікатна прамацаць усю гісторыю цывілізацыі, увесь інтэлігібельны досвед — і будзе знойдзены адказ на пракаветнае запытанне: хто ён чалавек і ў чым ягоны анталагічны кон? Зыходзячы з маёй упэўненасці, не цяжка сабе ўявіць, колькі ўва мне тады было інтэлектуальнага нахабства (зрэшты, падобна, што яго не паменела і цяпер). За гэты свой пыхлівы авантурызм у падыхо дзе да невырашальнай у прынцыпе праблемы, я быў жорстка пакараны (а мо шчодра ўзнагароджаны?), бо чым болей прамацваў увесь той інтэлігібельны дыскурс, што быў падлеглы майму досведу, тым болей не знаходзіў, а губляў чалавека. У рэшце рэшт, вынік працы апынуўся абсалютна супрацьлеглы сфармуляванай задачы — замест таго, каб знайсці чалавека, я яго канчаткова згубіў, а разам з чалавекам і самога сябе… Затое (магчыма, як у кампэнсацыю страты) пакрысе склалася разуменне, што таямніца чалавека (калі яна ўсё-такі існуе, гэтая таямніца) палягае не ў дыскурсе Ёсць, а ў дыскурсе Няма. Бадай адсюль і паходзяць многія інтэнцыі маіх памкненняў да спрэс загадкавага «топасу» невараці, маё зачараванне тым, пра што людзі звычайна намагаюцца не думаць.