Таццяна Слінка: Неяк на прэзентацыі кнігі Алеся Разанава вы сказалі, што трэба ісці далей за немагчымае…
— Здаецца, я згадаў аб чым гаворка. Але на пачатак удакладненне — гэта скажонае цытаванне Ангелюса Сілезіюса: «Ідзі туды, куды не можаш»… Дык вось, калі ставіць сабе за мэту прарыў татальнай аблогі Ёсць, каб тым самым хоць на ўскрайку відалі «пабачыць» хай сабе нават не самое Няма, а, верагодна, ўсяго толькі ягоны «цень», безумоўна, трэба спрабаваць ісці далей не толькі за магчымае, але і за немагчымае… Ісці без спадзеву на хоць які вынік, ісці перакрочваючы праклён Парменіда, які ў свой час безапеляцыйна сцвердзіў, што ёсць толькі ёсць, а ніякага няма — няма, і ніколі ніхто словам не зможа давесці, што няма — ёсць.
Таццяна Слінка: А як гэтая ваша ідэя прарыву ў Няма спалучаецца з вашай канцэптуальнай метафарай утульнасці. Вы не аднойчы сцвярджалі, што чалавек прагне не свабоды, шчасця ці грошай, а толькі ўтульнасці. Але калі чалавек свядома і мэтаскіравана прыспешвае сваю хаду насустрач Няма, то ён разбурае ўтульнасць — утульнасць звычайных рэчаў, штодзённага і звыклага Ёсць…
— Я ніколі не імкнуўся да лагічнай — ці якой іншай — сістэмнасці ў выказванні сваіх думак, у фармуляванні свайго бачання самых розных праблемаў. Для мяне паслядоўнасць і сістэмнасць маіх тэзаў наогул не падаюцца вартымі ўвагі, дарэчы, як і ў іншых. Невыпадкова ў сваім эсэ «Разбурыць Парыж» я кажу пра наспелую змену логацэнтрычнага мыслення на дыскурсіўнае, якое выяўляе і фіксуе бытнае як бясконцую пульсацыю сістэмна амаль нічым не сашчэпленых актуаліяў…
Але ў выпадку з гэтым вашым пытаннем не выключана, што ніякай супярэчнасці і не прадбачыцца. Я вось толькі цяпер, у звязку з вашымі словамі, падумаў: можа маё захапленне Няма абумоўлена перадусім тым, што самая ўтульная ўтульнасць, зусім верагодна, палягае за мяжой Ёсць? Невыпадкова нашыя людзі спрадвеку кажуць: хай сабе тут пакутую, але ўжо на тым свеце адпачну. (Дарэчы, падзея адпачынку, бадай, як ні што іншае прэзэнтуе феномен утульнасці, бо нават толькі думка пра адпачынак ужо на нейкі момант стварае сітуацыю камфорту.) Разам з тым, у спалучэнні гэтых дзвюх праблемаў вымалёўваецца яшчэ адзін надзвычай істотны ракурс. Чалавек ніколі не зможа пачувацца цалкам утульна, пакуль вусціш Няма будзе дыхаць яму ў патыліцу й зазіраць у зрэнкі. Зразумела, што калі сёння цалкам непразрысты феномен Няма калісьці хоць у нейкім сваім акрайчыку бу дзе раз’яснены, то гэта наўрад ці пазбавіць чалавека ад вусцішы, але, але…
Таццяна Чыжова: А як вы лічыце, разарванасць нашай рэальнай «беларускай сітуацыі» («Архіпелаг Беларусь») спрыяе актуалізацыі праблемы анталагічнага Няма ці, наадварот, акумулюе высілкі беларускіх інтэлектуалаў у бок супраціву канкрэтным разбуральным сілам і тэндэнцыям?
— Найлепшым адказам тут быў бы амбівалентны, маўляў: і так і гэтак. Быў перыяд асабліва на пачатку апошняга «Адраджэння», калі беларускія інтэлектуалы не столькі займаліся распрацоўкай сваіх улюбёных філасафемаў, колькі боўталіся ў сацыяльна-палітычным віры актуальных падзеяў, спрабуючы дапамагчы палітыкам сашчапіць у адно трывалае цэлае разадраную на шматкі нацыянальную Беларусь. Як сведчыць досвед таго прамінулага, асабліва вялікай карысці з гэтага Беларусь не здабыла. Ці здабылі з той публічнай канкрэтыкі нешта карыснае інтэлектуалы — агулам тут нічога не скажаш. У кожнага з удзельнікаў гэтага ідэалагемнага гармідару былі свае набыткі і свае страты. Што асабіста да мяне, дык хаця я пачаў пісаць эсэ, вакол якога ў нас пераважна і ідзе гаворка, аніяк не зважаючы на рэальную праблематыку Беларусі, але яшчэ не завершыўшы справу, нечакана для сябе зразумеў, што выяўленая ў гэтым тэксце страта я-чалавекам сваёй экзістэнцыйнай самаідэнтыфікацыі можа быць наўпрост спраектавана на страту культурнай самаідэнтыфікацыі беларуса. Дарэчы, пазней не аднойчы розныя аўтары і ў розных канфігурацыях так ці інакш звязвалі маё «мяне няма» з «няма Беларусі» ці — наадварот. Мяне падобныя інтэрпрэтацыі персанальнага «няма» мала цікавяць, хаця я таксама не выключаю, што недапраяўленасць як агульнай так і маёй персанальнай ідэнтычнасці нейкім глыбінным чынам паўплывала на кардынальнасць высноваў, што тычыліся наяўнасці (адсутнасці) я-чалавека.
Таццяна Слінка: Вакол вас ствараюць цэлы шэраг міфаў пра тое, кім вы ёсць. Мне хацелася б агучыць адзін з іх пад назваю: «Сп. Акудовіч вачыма нашай генерацыі».