Выбрать главу

Таццяна Чыжова: А яна ёсць?

— Гэта пакажа час, але я не выключаю, што якраз ваш хаўрус, які згуртаваўся вакол працы над філасофска-літаратурным часопісам Беларускага калегіума «Паміж», і станецца ядром новай інтэлектуальнай генерацыі. Дарэчы, калі падобнае здарыцца, дык гэта будзе першая інтэлектуальная генерацыя, пасля стыхійна ўзніклай напрыканцы васьмідзесятых—пачатку дзевяностых (Анціпенка, Бабкоў, Барысевіч, Бембель, Дубавец, Матрунчык, Сагановіч, Санько, Жлутка, Шыбека…) Нельга сказаць, што паміж імі, стваральнікамі дыскурса сучаснага мыслення, і Вамі — не з’яўляліся новыя «героі», але яны прыходзілі паасобку, кожны сам па сабе і як быццам зніадкуль, а генерацыя — гэта заўсёды плён актуалізацыі нейкіх маштабных дыскурсіўных практыкаў.

Таццяна Слінка: Я лічу, што нашая генерацыя паўстала ўжо і сярод нас «міф Акудовіча» выглядае, з майго гледзішча, наступным чынам… Зрабіўшы крок з утульнага закуточка, адкуль мы сузіралі рэчаіснасць, інакш кажучы, пачаўшы прамаўляць/ пісаць тэксты, мы адчулі, што ўжо ўпісаныя ў кантэкст існуючай сітуацыі, а ўсю сітуацыю можна акрэсліць двума словамі: посткаланіяльныя руіны (руіны вялікіх сэнсаў і класічнага мыслення ў звязе з посткаланіяльнай свядомасцю). Большасць з нас, апынуўшыся на руінах, пачала адчайна хапацца за тое, што засталося: адныя ўзяліся распрацоўваць праекты рэстаўрацыі руінаў, другія схаваліся ад руінаў ў свет зданяў, прапануючы падчас дажджу на гэтых купах друзу ўявіць сабе сцены і дах. І таму позіркі тых, хто яшчэ/ужо наважваецца ўсведамляць сябе на папялішчы сэнсаў, непазбежна скіроўваюцца да постаці сп. Валянціна Акудовіча, які не толькі не адмаўляе таго, што нічога няма, але і сцвярджае: «Так, мы жывём на руінах, аднак гэта — добра». Сп. Акудовіч, а ці ёсць у нас хаця б руіны?

— На жаль, яшчэ засталіся не толькі руіны, але і безліч самых розных хімерычных збудаванняў, таму бурыць нам і бурыць, калі мы хочам убачыць на яснае вока і саміх сябе і той рэальны свет, у якім адбываем сваю калейку быцця. А што да «няма», якое многіх палохае, дык тут я дазволю сабе самацытату: «Можа самім лёсам нам наканавана адбыцца праз «няма», якое мы выношваем усярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячагодздзе? Колькі за гэты час вусцішнае «нішто» праглынула імперыяў, народаў, культураў, якія ганарліва раскашавалі сярод сваіх здабыткаў і перамогаў? Ад іх ужо даўно і знаку не засталося. А мы, збіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасцю, перакрочваем у трэцяе тысячагодздзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб засведчыць нашае Вялікае «Няма» як самы надзейны шлях праз час і быццё».

Таццяна Слінка: Атрымліваецца дзіўная супярэчнасць: самае няўтульнае стаецца для нас самым утульным, самы няпэўны шлях стаецца для нас самым пэўным.

— Можа, гэта і ёсць тым парадоксам беларусаў, з якога замежнікі неаднойчы рабілі выснову пра нас, як пра самую таемную, самую непразрыстую еўрапейскую нацыю. Хаця, зусім верагодна, ніякай містычнай (тым болей — месіянскай) патаемнасці ў нас няма. Проста мы не ўпісваемся ў іхнюю карціну свету, а сваёй ім не прапануем. Болей за тое, мы і самі на сябе глядзім іхнімі вачыма і лямантуем з чужога голасу, не знаходзячы ў сабе таго, што ўяўляецца каштоўнасцю не для нас саміх, а для чужынцаў. Вось вы кагадзе згадалі пра посткаланіяльную свядомасць вашай генэрацыі. А вы ўпэўненыя, што гэта ваша свядомасць кажа вам, што вы посткаланіяльныя маладыя людзі, а не нечая іншая свядомасць настойліва пераконвае вас у вашай уласнай непаўнавартасці? За маёй памяццю «посткаланіяльныя штудыі» — гэта ўжо трэці буйны інтэлектуальны праект, у які нас жыўцом уцягвае заходні інтэлектуалізм (першыя два: ідэі Сярэдня-Ўсходняй Еўропы й мульцікультуралізму). Наагул, гэта выдатна, што мы ўжо і здольныя і здатныя прылучацца да асэнсавання ідэяў, актуальных для сучаснага еўрапейскага мыслення. Тым больш, што пакуль самі мы не можам завабіць іншых да абмеркавання намі сфармуляваных праблематык, і з гэтага нам, каб суб’ектызавацца ў еўрапейскім інтэлектуальным дыскурсе, нічога не застаецца, як рэфлексаваць над экспартнай інтэлектуальнай прадукцыяй.

Зрэшты, і прагматычная карысць у гэтым ёсць: удзел у канферэнцыях, семінарах, публікацыі ў замежных выданнях, а пашэнціць, дык і грант які прыхопім. Але крый Божа, уцягвацца нам у чужыя справы «жыўцом»,— будзем ставіцца да іх з грэблівасцю збяднелага арыстакрата, якога абставіны змусілі на нейкі час займацца падзённай працай на заможнага крамніка… Бо інакш мы і не заўважым, да прыкладу, што для нас куды больш істотны феномен не посткаланіяльнай, а постімперскай свядомасці. Між іншым, мы (нацыянальна заангажаваныя) за няўвагу да апошняга ўжо заплацілі вельмі дарагую цану — страцілі ўсе магчымыя каналы ўплыву на беларускае грамадства, як цэлае, і адсюль самі з сярэдзіны сацыяльна-культурніцкага дыскурса, дзе табарыліся з 1989 па 1995 год, былі ссунутыя ў маргінальны закуток. Захопленыя ідэяй скаланізаванасці Беларусі, мы рабілі выгляд, быццам не бачым, што дзевяноста адсоткаў беларусаў лічаць сябе не скаланізаванымі, а каланізатарамі, нашчадкамі стваральнікаў і стваральнікамі Вялікай Імперыі, якая панавала над паловай свету, а Беларусь — не калоніяй, а, бадай, самым істотным пасля Масквы фрагментам гэтай супердзяржавы. І калі Вялікая Імперыя ляснула, дык гэтыя дзевяноста адсоткаў не набылі волю, як было б у сітуацыі скаланізаванасці, а страцілі вялікае апірышча ў быцці і разам з тым пачуццё ўласнай значнасці. (І па сёння бясконцым рэфрэнам усюды гучыць: якую страну загубілі.) Але ідэолагі нацыянальнага адраджэння ўпарта не зважалі на гэты неверагодна істотны, ужо нават не сацыяльна-палітычны, а ментальны фактар, і з дурнотнай настойлівасцю заклікалі беларусаў развітацца са сваёю вялікай гістарычнай роляй і вярнуцца ў стан зняволенага, занядбанага народа (замест таго, каб задзіночыць у адно цэлае вялікае нацыянальнае і вялікае імперскае мінулае). Дудкі! Знайшлі дурняў. Гэта толькі ў нашых паэтаў «мужык дурны, як варона». Калі некаму падабаецца, дык хай ён сабе і чапляе ашыйнік раба, а потым скідвае яго ў сваёй посткаленіяльнай свядомасці… Натуральна, што аматараў падобных садамахісцкіх актаў сярод беларусаў знайшлося няшмат. Так мы, нацыянальна заангажаваныя, апынуліся ў парэштках і на парэштках уласнай нацыянальнай мары. І цяпер — на жаль, вельмі позна,— становіцца зразумелым, што для Беларусі было б куды лепей, каб тыя нашыя ідэолагі, што стваралі посткаланіяльныя партыі і друкавалі посткаланіяльныя газеты, дагэтуль паслі на выгане козаў, а не лезлі ў палітыку.