Выбрать главу

— Да словаў Янкі Запрудніка дадам толькі, што старабеларуская мова не проста выкарыстоўвалася ў княскай канцылярыі, яна апынулася прыдатнай, каб аб’яднаць уладай у адзінае цэлае вялізную краіну ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Вячаслаў Ракіцкі: А значыць, мова стала інструментам улады?

— Так, у гэтым сэнсе старабеларуская мова нічым не рознілася ад іншых дзяржаўных моваў. Перадусім яна існавала як надзвычай эфектыўны інструмент зняволення і  панавання.

Вячаслаў Ракіцкі: Дык як жа беларусам-патрыётам пасля такой характарыстыкі мовы ставіцца да знакамітага выказвання Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», як і да бясконцага шэрагу падобных выказванняў, якіх даволі можна сустрэць ці не ў кожнага беларускага паэта?

— Мяркую, што да ўсіх гэтых рамантычна-ўзнёслых словаў ставіцца мы павінныя па-ранейшаму: з паразуменнем і спагадай. Але разам з тым ужо даўно наспеў час для ўсведамлення, што ў мовы ёсць і іншы — куды менш рамантычны бок. Што мова створаная не толькі дзеля таго, каб слухаць другога, але каб і слухацца другога, мацнейшага за цябе. Менавіта пра гэта, толькі ўжо адносна пісьмовай мовы, кажа Клод Леві-Строс: «Трэба прызнаць, што першасная функцыя пісьмовай камунікацыі — гэта паскарэнне працэсу зняволення людзей. Бескарыслівае ўжыванне пісьма дзеля інтэлектуальнага і эстэтычнага задавальнення ёсць ускосным вынікам, але і ён найчасцей ператвараецца ў сродак  змацнення, апраўдання ці прыхавання таго ж прыгнёту». Звяртаючыся бліжэй да сучаснасці, філосаф піша: у Х1Х стагоддзі «барацьба з непісменнасцю супадае з узмацненнем кантролю над грамадзянамі з боку ўлады. Калі ўсе будуць умець чытаць, улада зможа ўпэўнена казаць: няма каму адгаворвацца няведаннем закону».

Вячаслаў Ракіцкі: Дык што, і Статут ВКЛ перадусім ствараўся дзеля замацавання ды пашырэння ўлады князя і паноўных элітаў?

— Натуральна. Сёння мы бясконца згадваем Статут, як сведчанне высокай прававой культуры старажытнай Беларусі, не забываючыся пры гэтым адзначыць лібералізм і гуманнасць яе законаў. Да таго ж мы не абмінаем згадкай выразнасць і распрацаванасць той беларускай мовы, якой гэты Статут быў напісаны і з гонарам цытуем словы Льва Сапегі, што «законы нашы выдадзены не на нейкай чужыннай мове, а на сваёй роднай». І ўсё гэта праўда. Але яшчэ большая праўда ў тым, што Статут ствараўся не дзеля  дэманстрацыі нашай высокай прававой культуры і багатай мовы і, тым болей, не дзеля таго, каб некалі потым ім ганарыліся нашчадкі. У Статута была канкрэтная і цалкам прагматычная задача. Праз рэформу прававога поля і сітэматызацыю законаў больш жорстка зафіксаваць пісанай мовай уладу паноўнай эліты над гэтай вялізнай, але аморфнай тэрыторыяй.

Вячаслаў Ракіцкі: Статут ВКЛ у пісанай форме юрыдычна замацоўваў моц свецкай улады? А ў духоўнай сферы што стаяла на варце ўлады?

— Яшчэ адзін вялікі помнік старабеларускай мовы — «Біблія» Францішка Скарыны. Па сутнасці ў духоўнай сферы яна выконвала тую ж ролю, што і «Статут» Льва Сапегі ў сацыяльна-прававой сферы. Беларуская «Біблія» дапамагла канчаткова згамаваць паганства на нашых землях і тым самым сканцэнтраваць усю духоўную уладу ў руках Царквы. Між іншым, заўважым, што адной з асноўных прычынаў татальнай паразы паганства была адсутнасць такой магутнай зброі ў барацьбе за духоўную ўладу, як паўнавартасная пісьмовая культура.

Вячаслаў Ракіцкі: Старабеларуская мова, выявіўшыся мовай улады, не змагла зберагчы Вялікае княства, і яно назаўжды знікла з геапалітычнай мапы Еўропы. Разам з ім назаўжды знікла і старабеларуская мова. Чаму так здарылася?

— Мы з вамі ўвесь час падкрэсліваем, што старабеларуская мова найперш і перадусім была мовай улады. У гэтым крылася яе моц, але, як выявілася потым, і яе слабасць. Пасля ўлучэння княства ў Рэч Паспалітую, цэнтр улады перасунуўся ў тагачасную сталіцу Польшы і мовай улады сталася польская мова. З гэтага старабеларуская засталася без сваёй асноўнай функцыі і змарнела яшчэ да таго, як землі Вялікага княства апынуліся ў складзе Расіі.

Вячаслаў Ракіцкі: Чаму той ці іншы горад становіцца сталіцай? Напэўна, сталіца мусіць ахапіць сваёй уладай усе рэгіянальныя тэрыторыі, арганізаваць прастору існавання раскіданага па вялікіх абшарах насельніцтва як дадатак да самога сябе. Яшчэ сталіца павінна мець гісторыю, у якой канцэнтраваўся б лёс краіны, нацыі. А з гісторыі паўставала б і адметная ўласная міфалогія. Беларусь стагоддзямі вагалася ў выбары свайго цэнтральнага горада, пакуль абрала Мінск. Чаму так было і з чаго так сталася?