Ліля Ільюшына: Давайце вернемся на пача так гаворкі: чалавека няма, яго дагэтуль не стварылі. Ды ці магчыма наогул стварэнне чалавека, ці можа філасофія альбо нешта яшчэ стварыць чалавека?
— Чалавек — гэта еўрапейскі міф пра чалавека, які складваўся цягам тысячагоддзяў. Вельмі значную ролю ў міфалагізацыі чалавека, як самадастатковага суб’екта, адыграла юда-хрысціянства, дагматызаваўшы персанальную лучнасць асобы з яе трансцэндэнтным суверэнам. А вось для ментальнасці Усхода чалавек зусім не з’яўляецца такой значнай цацай (там чалавек — толькі адзін з сюжэтаў кармічнай трансфармацыі). Магчыма, якраз дзякуючы гэтаму ментальнаму досведу Усхода, я без лішняга драматызму стаўлюся да сітуацыі, калі людзі будуць, а чалавека не будзе. Хаця нам і цяжка ўявіць свет без чалавека, сябе без чалавека, бо мы выраслі ў цывілізацыі, дзе галоўнай каштоўнасцю лічыўся чалавек і ўсе ісціны, ідэалы і сэнсы трымаліся на міфе пра чалавека. Ды што паробіш, цывілізацыя чалавека скончылася. Адной з прычынаў таму — выбух камунікацыяў, які зніштожыў прастору. А без прасторы, нацыянальнай у тым ліку, чалавек немагчымы, бо ён ні што іншае, як сума статычна зафіксаваных знакаў, атрыбутаў, падзеяў… З гэтага, мой адказ на вашае пытанне, Ліля, мусіць быць адмоўным. Але не ўсё так проста. Я вось цяпер падумаў, што можа мая заангажаванасць Няма якраз і абумоўленая утапічнай марай «знайсці чалавека». Раней я яго шукаў у Ёсць, але там знайшоў толькі ягоную адсутнасць. Выходзіць, што адзінае месца, дзе чалавек можа быць, калі яго няма ў Ёсць, гэта — Няма. Можа я прайшоў адно палову шляху, які пралягаў праз Ёсць, а калі здолею прайсці і другую, дык там, за брамаю ў Няма і знайду тое, што шукаю?
Таццяна Чыжова: Сітуацыя спрыяе наступнаму пытанню: што вы возьмеце з сабою, калі пойдзеце туды? Ці наадварот, каб прарвацца ў Няма, трэба скінуць з сябе апошняе?
— Калі б я быў нудыстам, дык пайшоў бы галяком. Але паколькі я выхаваны ў цнатлівых традыцыях заходнебеларускага мястэчка, дык мне давядзецца ісці туды апранутым. За гэтым жартаўлівым адказам утоеная надзвычай сур’ёзная праблема. Бо сапраўды, перш чым рушыць у той бок, трэба паскідаць з сябе апранахі сімулякраў, што чалавецтва напрацоўвала тысячагоддзямі. Мяне досыць часта папракаюць, што я сваімі тэкстамі разбураю рэлігію, традыцыю, літаратуру, ідэалы… А я не ведаю, як патлумачыць іншым, што гэта я толькі скідваю апранахі сімулякраў, каб прайсці другую палову дарогі, што кожны мой «нігілістычны» тэкст — гэта толькі фрагмент шляху да Няма, дзе я спадзяюся знайсці тое, што мы ўсе разам згубілі тут.