Таццяна Слінка: Магчыма, нігілізм — не проста адмаўленне, магчыма, гэта і ёсць спроба ўсё з сябе скінуць?
— Аднак не проста ўсё з сябе скінуць, а каб лягчэй было рушыць далей. Рэч у тым, што нігілізм традыцыйна разглядаўся ў ракурсе мэты (ці сам — як мэта, ці — з якой мэтай). У той час, як нігілізм — гэта сродак (спосаб, магчымасць), якім мы карыстаемся, каб расчысціць праходы праз завалы сімулякраў. Але зразумеўшы нігілізм толькі як эфектную прыладу ў справе карчавання пабітых шашалем часу універсалісцкіх сімулякраў, мы нічога не зразумеем у нігілізме, як у адчайным памкненні волі да мыслення перасягнуць мяжу сваіх магчымасцяў. Паўсюднае панаванне ў ХХ стагоддзі нігілізму — гэта пакуль яшчэ нікім не ўсвядомленае вялікае рушэнне мэтафізічнага мыслення ў апошнім спадзеве прарваць аблогу Ёсць, каб паспрабаваць нарэшце наўпрост судакрануцца з вусцішным Няма.
«nihil»: Ваша iмя трывала з’вязваецца з радыкальнай нiгiлiстычнай канстатацыяй: «мяне няма». Гэтыя два словы сталiся амаль сімвалам сучаснасці. Няма i nihil, як судачыняюцца гэтыя паняткi? Цi маглi б вы перакласцi nihil як няма?
— Няма i nihil — словы аднаго дыскурса, але яны не тоесныя адно аднаму, у кожнага з iх свая генеза, свая семантыка, свой наратар. Слова «няма» прамаўляе анталогiя (быццё), слова «nihil» прамаўляе экзістэнцыя (бытнае). Разам з тым, здараецца дастаткова сітуацыяў, дзе яны выступаюць (цi могуць выступаць) у ролi сінонiмаў. (Вось вам прыклад:»мяне няма». Тут анталагiчнае «няма» як бы бярэ на сябе ролю «nihil», бо спрабуе вытлумачыць экзістэнцыйнае «мяне», i хаця з гэтага атрымлiваецца шмат блытанiны, але праз такую нелiнейную злучву мы адразу патрапляем у сярэдзiну анталагiчна-экзістэнцыйнага скрыжавання). Аднак нават тады, калi «няма» i «nihil» апынаюцца ў радыкальнай апазіцыi, iх апазіцыя не болей чым супрацiлежнасць паўднёвай i паўночнай скранi той самай зямной кулi. Хаця, каб па-добраму, дык перад тым, як разводзiць цi лучыць паняткi з «патойбочнага» дыскурса (няма, нiшто, nihil, адсутнасць, нежытво, дэканструкцыя, нябыт, негатыў, той свет, невараць, i г. д. i да т. п.), трэба было б прарабiць вялiкую працу па легiтымізацыi статусу кожнай з падобных i блiзкiх да iх лексемаў i дэмаркацыi iхніх межаў. Гэта значыць скласцi слоўнiк нiгiлiзму, а пазней — грунтоўную энціклапедыю. Бо пакуль тут спрэс анархiя ды партызаншчына, i таму, напэўна, нiхто нiколi не ведае ( я ў тым лiку), на якой прасторы дзе чыя ўлада.
«nihil»: Можа, ёсць некалькі «няма». «Няма», як дзеянне, учынак, традыцыйна нiгiлiстычны разбуральны акт, і «няма» як нядзеянне, нябыт. Яны могуць быць зусiм рознымі, i таму патрабаваць розных словаў i распадабнення?
— Гэта вельмi iстотнае запытанне, на якое ў мяне пакуль i блiзу няма хоць якога пэўнага адказу, бо той адказ, што ляжаць на паверхнi бiнарнай апазіцыi (унiверсальнае «няма» — сінгулярнае «няма», цi нават сума гэтай бiнарнасцi) падрыхтаваны мне структурай мовы, сфармаванай у дыскурсе Ёсць. А, магчыма, кожная аналiтыка «няма» патрабуе нейкай iншай, «негатыўнай» логiкi, мовы, тэкстуальнасцi?.. А, магчыма, i не патрабуе… Вось чаму я кажу пра неабходнасць nihil-слоўнiкаў, nihil- энцыклапедыяў, каб пакрысе пачаць разбiрацца, што там у глыбокiм ценю наўсцяж разлеглага Ёсць?..
«nihil»: Акрамя згаданых слоўнiка і энцыклапедыi, сярод вашых задумаў ёсць анталогiя нiгiлiзму. Якiя постацi i тэксты вы мяркуеце ў яе ўлучыць?
— Яе абрысы яшчэ не зусiм выразныя, аднак у агульнай канфiгурацыi яна ўжо склалася. Я нават ведаю той тэкст, якiм будзе распачынацца энцыклапедыя нiгiлiзму. Як гэта нi дзiўна, але яе запачаткуе радыкальна антынiгiлiстычны тэкст — паэма Парменiда «Пра прыроду», дзе сцвярджаецца, што ёсць толькi тое, што ёсць, а нiякага няма — няма. Уласна, анталогiя нiгiлiзму найперш i патрэбная дзеля таго, каб перасягнуць праклён Парменiда. Бо гэта толькi здаецца, што ён ужо даўно перасягнуты Кiркегарам цi Гайдэгерам.
«nihil»: Вашая анталогiя будзе складацца з герояў i тэкстаў толькi заходняй фiласофскай традыцыi?
— Так, i гэта пакуль прынцыпова. Бо нават калi б мысленьне Усходу мела тэксты, якiя б вырашалi для еўрапейскай ментальнасцi праблему Нiшто, дык я б не ўлучыў iх у гэты збор.
«nihil»: Чаму? Магчыма, ўсходняя традыцыя ўжо мае адказ на вашае запытанне пра Няма. Цi не ўхiляецеся вы ад волi да праўды, ад волi не быць падманутым, адмаўляючыся ўспрымаць веды Усходу?
— Ну, па-першае, гэта толькi нашае правакацыйна-гiпатэтычнае меркаванне, быццам недзе ў спратах Усходу прыхаваны для нас суперкаштоўны фiласофскі камень. Якраз наадварот. Нiчога каштоўнага для сябе ў гэтым сэнсе мы хутчэй за ўсё там не знойдзем, бо хаця мысленне Усходу i мае сваiх філосафаў адсутнасці, але ў ментальнай парадыгме «жоўтага чалавека» праблема Няма ад пачатку была здэактуалiзаваная шэрагам канцэптуальных збочванняў ад цэнтра гэтай праблемы, сярод якiх i любiмая намi iдэя рэiнкарнацыi. Ну скажыце, як можна ўсур’ёз быць заклапочаным наяўнасцю Нiшто, калi цябе наперадзе чакае столькi жыццяў у самых розных формах i станах? Не, калi па вялiкім рахунку, дык гэта толькi наша праблема, у пэўным сэнсе сінанімічная выключна еўрапейскаму феномену пошуку Iсцiны… А па-другое, у кожным разе мы самi мусiм прайсцi свой шлях да Няма без узгляду на здабытую ўжо кiмсьцi веду, прайсцi калi не ў якасцi месii, дык хаця б у якасцi паломнiкаў.