Выбрать главу

— Вельмi цiкава. Я так не думаў, прынамсi ў такiм ракурсе i ў такой танальнасцi — гэта вашая версiя. Марцiн Гайдэгер не аднойчы назваў мову домам быцця. Вы прапануеце прадумаць мову, як прастору нябыту i ў сінонiмы да мовы далучаеце быццё. З апошнiм мне лёгка пагадзiцца, бо вышэй я ўжо трохi спрабаваў прааналiзаваць працэс каланiзацыi быцця мовай i тое, як мова падмянiла сабой быццё. Але ўсё-такi найбольш мяне зацiкавiла ў апошніх вашых пытаннях не экстрэмальнае здумленне, што мы iснуём у Няма (бо ў такiм разе мне проста давялося б шукаць ужо не Няма, а Ёсць, гэта значыць, усяго толькi перацягваць з аднаго месца на другое тыя самыя канатацыi, што мяхi з бульбай са склепа на гарышча — цi наадварот), а ацэнка мовы як таго, што быццам бы прысутнiчае ў рэальнасцi i адначасна адсутнiчае як нешта рэальнае (тут адразу згадваецца «лiючаяся форма» Абдзiраловiча). Пакуль дакладна не ведаю, што мяне так узрушыла ў фармулёўцы вышага запыту, але iнтуiцыя падказвае: тут нешта ёсць у дапамогу шукальнiкам Вялікага Няма. Таму — дзякуй!

6. Трохі прыватнага

Нарадзіўся, апладніўся, памёр — вось і ўвесь чалавек. І так, а не іначай, у кожнага, за выключэннем, хіба, Ісуса Хрыста (але ж ён не цалкам ад людзей паходзіў). З гэтага бясконцага і банальнага самапаўтору чалавека чалавекам персанальныя сюжэты іншых мяне цалкам абыходзяць (бадай менавіта таму я ніколі не чытаў чужых пісем, не ўглядаўся ў чалавека, калі ён спіць і абыякава ставіўся да плётак пра знаёмцаў і паэтаў). Дарэчы, мой персанальны сюжэт мяне таксама лічы не інтрыгуе. Больш за тое, часам настолькі забываюся на сябе, што потым не адразу магу згадаць, хто гэта я? Каб у такія моманты лішне не лыпаць вачыма, я даўмеўся замацаваць над пісьмовым сталом шыльдачку з надпісам: «Валянцін Акудовіч».

Пры ўсёй як бы складанасці і нечаканасці кожнага чалавека ўпаасобку, мы насамрэч да паныласці аднолькавыя. І калі хоць што трохі разнастаіць нас, дык гэта тыя эпохі, культуры ды жыццёвыя сітуацыі, якімі кожнага апрычона адорвае ягоны кон. Хаця і тут персанальная разнастайнасць досыць умоўная. Класічнае літаратуразнаўства налічыла ўсяго нейкі дзесятак сюжэтаў, што складаюць аснову абсалютна ўсіх мастацкіх твораў, напісаных хоць дзе і хоць калі. А значыць, на ўсе тыя мільярды насельнікаў зямлі, што былі раней і ёсць цяпер, маецца адно дзесятак схемаў, у якія ўкладаюцца падваліны ўсіх чалавечых біяграфій…

Але маёй абыякавасці да персанальнага чалавека пярэчаць такія маштабныя падзеі як мастацтва, літаратура, тэатр, філасофія і шмат чаго яшчэ. Калі чалавек у сваёй сутве гэтак прымітыўна элементарны, дык чаму тады вялікія мастакі, пісьменнікі і мысляры тысячагоддзямі прагна ўглядаюцца ў гэтага чалавека, а той не стамляючыся цікуе ў іхняй праекцыі за персанальнай візіяй самога сябе?

Я не маю адказу на гэтае пытанне. Я магу толькі працягваць пытацца. Можа, такім чынам чалавек хавае сваю пустату і панылую аднастайнасць ад самога сябе, каб, як пісаў Ніцшэ, не памерці ад праўды? А, можа, якраз і наадварот. Вымкнуты з універсальнага цэлага ў персанальную біяграфію (хроніку адзіноты) чалавек апынаецца сам-насам супраць усяго Сусвету і толькі гэтым трагічным супрацівам пераадольвае бязлітасную банальнасць анталагічнага кону: нарадзіўся, апладніўся, памёр. Хаця, як на сённяшні дзень, у апошнім варыянце, бадай, залішне шмат гераічнай рыторыкі, якую цяжка таясаміць з сучасным чалавека, што татальна абрынуты ў мізэрнасць самога сябе як чалавека.

Ганна Соусь: У што вы верыце?

— Я веру, што ўвесь гэты неверагодны свет, як і тая дзівосная цывілізацыя, якую стварыў чалавек, паўсталі не выпадкова. Залішне гэты свет прыгожы, а цывілізацыя звыш меры адмысловая, каб яны маглі адбыцца збегам выпадковых абставінаў.

Хаця мая вера не пазбаўленая сумневу, бо колькі я не трудзіў глузды, але так і не зразумеў, хто і дзеля чаго мог вымудрыць сабе такую забаву?

Натуральна, калі я шукаў адказу, дык першым згадаў Бога, які, паводле Бібліі, і ёсць прычынай ўсяго, што ёсць. Але гэты адказ мяне не задаволіў, бо мы ўжо даўно жывём у свеце, створаным не Богам, а чалавекам. І на зямлі, і ў нябёсах — спрэс плён нашай працы.

Таму я веру Фрыдрыху Ніцшэ, які першым заўважыў, што «Бог памёр». Прынамсі, Той, біблейны. А з гэтага вынікала, што цяпер адказнасць за лёс людзей і планетаў мусіў быў узяць на сябе чалавек. Але чалавек збаяўся залішняй адказнасці і таму працягваў хавацца за словамі Святога Аўгустына: «Любі Бога і рабі, што хочаш». Хочаш — рабі проста вайну, а хочаш — сусветную. Адно не забывайся любіць Бога. А калі гэтая любоў аж прэ горлам, дык ты з воклічам «Алах акбар!» можаш нават скіраваць аэробусы з людзьмі ў хмарачосы Нью-Йорка.