Выбрать главу

Я веру, што некалі мы ўрэшце перастанем хавацца за любоў да Бога і зразумеем, што нам самім наканава ўпраўляцца з гэтым светам. І нікому болей.

А яшчэ я веру, што чалавек можа не забіваць чалавека. Бо пакуль ён гэта робіць, дык, па сутнасці, ўсё яшчэ нічым не розніцца ад звера. Калі я гляджу на хоць якога генерала, дык бачу не вышываны золатам мундзір, а запэцканую крывёй і брудам поўсць. Зрэшты, з генерала не так ужо і складана зрабіць чалавека. Трэба адно скінуць з яго галавы фуражку і паздзіраць пагоны.

Куды больш складана ачалавечыць палітыка. Нікуды не выкінуць з гісторыі сучаснай беларускай дзяржавы яе першага кіраўніка, але я веру, што ніводная вуліца нашай краіны ніколі не будзе насіць ягонага імя. Гвалтуючы людзей, можна паспяхова будаваць дарогі, палацы і нават дзяржаву. Аднак усё гэта не адмаўляе сам факт гвалту, які па азначэнні не палягае шанаванню.

Я не проста веру, я непахісна ўпэўнены, што бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» некалі зноў стануцца дзяржаўнымі сімваламі краіны. Бо яны ўвабралі ў сябе ўвесь сакральны сэнс бясконца доўгай гісторыі гэтай зямлі. І нават у самую апошнюю пару ні што іншае, а толькі яны гуртавалі вакол сябе ўсіх тых беларусаў, што прагнулі свабоды і незалежнасці. І ні за што іншае, а менавіта за бел-чырвона-белы сцяг і штандар з «Пагоняй» гэтых беларусаў да крыві збівалі на вуліцах і кідалі ў вязніцы.

Скажыце, за тыя дзяржаўныя сімвалы, што мы сёння маем, ці які чалавек з уласнай волі хоць аднойчы заступіўся? Альбо можа за іх нехта хоць самую драбнюткую кроплю крыві праліў? Ну, хіба якая швачка на фабрыцы пад голку палец сунула, калі зялёны кавалак тканіны з чырвоным нітавала…

Я веру, што неўзабаве Беларусь зробіцца вельмі заможнай краінай. Праўда, мне трохі няёмка, што нашая заможнасць паўстане з самага глабальнага крызісу XXI стагоддзя, а менавіта з крызісу пітной вады, глыбінныя запасы якой у нас ці не самыя вялікія ў Еўропе. Але колькі з нашых багаццяў раней карысталіся іншыя?!

І апошняе. Я веру, што ў гэтым дзівосным свеце акрамя чалавека ёсць яшчэ нехта, каго я называю Вялікім Інкогніта. Гэта, напэўна, яму ў сваю пару заманіла вымудрыць усё, што ёсць і чаго няма. Аднак Вялікі Інкогніта не мае нічога агульнага з біблейным Богам. Яму не патрэбныя ні наша любоў, ні нашая вера ў яго. Калі ён чаго і чакае ад нас, дык гэта толькі вялікай Адказнасці. І не толькі за той свет, у якім мы нараджаемся і паміраем, але і за сонца ў нябёсах.

Вікторыя Папова: Калі вы паверылі ў беларускі нацыянальны шлях? Пры якіх абставінах гэта адбылося?

— Такія рэчы ў адначассе не здараюцца. Тым болей, што выхаваны камуністычнай прапагандай, у маладосці я быў зацятым інтэрнацыяналістам. І дасюль не забылася, як падчас вучобы ў Маскве пры сустрэчы з нацыянальна ангажаванымі землякамі апантана палемізаваў на карысць інтэрнацыяналізму. Нават мог у шале выкрыкнуць апаненту класічнае: «Нацыяналізм — апошні прытулак нягоднікаў». Таму спатрэбілася шмат чаго перадумаць, перш чым я перарушыў цалкам у іншы бок. Але пра ўсё гэта ў некалькі словах не раскажаш. Бадай, згадаю толькі адзін сюжэт, які выразна памятаецца і праз дзесяцігоддзі. З тых маскоўскіх часоў я маю гонар сябраваць з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком. Пасля майго вяртання ў Мінск мы з ім часта сустракаліся і шмат размаўлялі: я турбаваўся за Сусвет, ён — за Беларусь. Міналі гады ў такіх размовах, і аднойчы, развітваючыся пад высокім зорным небам, я, ужо «нацыянальна адукаваны» сваім сябрам, раптам падумаў: «Калі такія высокія духам і розумам людзі, як Ластоўскі, Цвікевіч, Тарашкевіч (усіх не пералічыць) ахвяравалі свае жыцці дзеля Беларусі, дык нешта ў гэтым, напэўна, ёсць»?

Я ўжо даўно перакананы сам і даўно пераконваю іншых, што «нешта ў гэтым, напэўна, ёсць». Толькі хто б мне самому сказаў — што?

Таццяна Палякова: У якой ступені гісторыя Беларусі ёсць прычынай нашага сённяшняга становішча? Яна надае вам упэўненасці ў барацьбе за лепшую будучыню альбо, наадварот, спараджае страх, паняверку, жаданне мімікрыраваць, боязь рызыкі?

— У беларускай гісторыі былі розныя перыяды: і славутыя, і ганебныя, таму кожны вольны сам выбіраць сабе альбо яе гонар, альбо яе ганьбу. Той, хто выбірае гонар, скажа вам, да прыкладу, што ў XVI—XVII стст. мы былі цывілізацыйным лідэрам ва ўсім кірылічным свеце. Бо ў тую пару асноўныя мадэрновыя працэсы разгортваліся на подзе кнігадрукавання, а «беларуская кірылічная друкаваная прадукцыя была найбуйнейшай у свеце,  найбагацейшай як па колькасці выданняў, гэтак і па іх змесце» (Юрый Лабынцаў; між іншым, маскоўскі даследчык). Ну а той, хто выбірае ганьбу, скажа вам… Зрэшты, я да такіх не належу.