Валянціна Аксак: Сакавіцкія падзеі 2006 года, калі моладзь паставіла на Кастрычніцкай плошчы намёты і трымала ў ёй аблогу колькі дзён, выклікалі шырокі рэзанас і ў краіне, і ў свеце. Я ведаю, што ў гэтыя дні вы таксама не аднойчы былі на Плошчы. Распавядзіце пра свой досвед.
— У нядзелю 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ўвечары было сапраўднае свята свабоды. Сюды, пераадолеўшы страх забароны, прыйшлі дзесяткі тысяч людей, каб пасля выбараў падтрымаць дэмакратычнага кандыдыта на пасаду кіраўніка краіны. Раптам усчалася шалёная завея, аднак яна нікога не напалохала, бо тут згуртаваліся сапраўды адважныя людзі… Толькі нядзеляй свята і скончылася, у панядзелак ужо пачыналася палітыка. Таму ў панядзелак я не збіраўся туды ісці. Але позна ўвечары адзін за адным пачалі тэлефанаваць сямейнікі, каб паведаміць, што на плошчы ставяць намёты, і яны маюць намер заставацца там да ранку. Хоцькі-няхоцькі давялося цягнуцца на плошчу. Бо як такое можа быць, каб мужык грэўся пад пярынай, калі яго дзеці і жонка ўсю ноч мерзнуць на снезе. Праўда, потым так склалася, што недзе пасля гадзіны ночы я з дачкой і жонкай пакінуў Плошчу і вярнуўся да хаты… А сын вярнуўся толькі назаўтра днём.
Вечарам на занятках па філасофіі ў Беларускім калегіуме студэнтаў было значна меней, чым звычайна. Што не здзівіла. Бываюць дні, калі філасофія безнадзейна саступае жывому жыццю…
Адно павітаўся, як мяне адразу запыталіся пра мінскі «майдан». Я толькі што прыехаў адтуль, але мне найменей хацела гаварыць з імі на гэтую тэму. І вось чаму… Я быў захоплены мужнасцю маладых людзей, што цяпер бадзёрыліся каля намётаў альбо адпачывалі ў іх. Аднак разам з тым я разумеў, што Плошча трымаецца не іх мужнасцю, а нейкай мудрагелістай прыдумкай улады, якой чамусьці пакуль патрэбна, каб ля ганка Дома прафсаюзаў нейкі час пастаялі і намёты, і людзі. А як толькі ўладзе гэты гармідар станецца лішнім, праз паўгадзіны на пляцы будзе гуляць толькі вецер, ганяючы папяровае шмаццё.
Мне не хацелася казаць пра ўсё гэта маладым людзям, якія ў той момант былі апантаныя гераічным шалам, але я сказаў. Бо як патрэбная духоўная адвага, каб да ранку лічыць зоры над Плошчай, гэтаксама патрэбная інтэлектуальная адвага, каб не хаваючыся праўды ясна ўсведамляць, табе дазваляе праяўляць тут сваю мужнасць…
А 24 сакавіка, калі я яшчэ спаў, патэлефанаваў брат і коратка запытаўся:
— Ты дзе?
Брат працаваў побач з Кастрычніцкай плошчай, і я адразу ўсё зразумеў — Плошча ўжо пустая. Паўз маю волю меня ахапіла ціхая радасць, паколькі так склалася, што гэтай ноччу з маёй сям’і на Плошчы нікога не было. Але амаль адразу мне зрабілася сорамна за маё ціхае эгаістычнае шчасце. Бо ў тых, хто гэтай ноччу заставаўся на Плошчы, таксама былі бацькі, браты, сёстры… І ўсім ім цяпер балюча і страшна, паколькі пад ранак намётавы лагер пабурылі, а ўсіх ягоных насельнікаў перасялілі за краты.
Глеб Лабадзенка: Спачатку працытую колькі вашых радкоў: «Чалавек глядзіць на малпу, а бачыць эвалюцыю, глядзіць на крыж, а бачыць Хрыста, глядзіць на серп і молат — а бачыць пралетарскую рэвалюцыю, глядзіць на Пазняка — а бачыць апостала нацыі (ці фашыстоўскага калабаранта)». А самі вы што бачыце, калі глядзіце на Беларусь?
— Перадусім я спрабую максімальна абстрагавацца ад кніжнай веды пра Беларусь. Я вымагаюся глядзець на яе як бы з цемнаты, з няведання таго, якой бачылі Беларусь да мяне. З гэткага спосабу бачання ў мяне і сфармавалася разуменне, што я мушу учыніць «вялікую здраду» той нацыяналістычнай Беларусі, якую прыдумалі мае нацыянальна заангажаваныя папярэднікі…
У працэсе нацыяўтварэння патэнцыйна склалася некалькі розных мадэляў паўставання Беларусі. Я тут згадаю ў апазіцыі толькі дзве з іх: Беларусь Францішка Багушэвіча і Беларусь Адама Міцкевіча. Беларусь Багушэвіча — гэта гнілая хатка, лапці, каўтун у валасах і дурны, як варона, мужык, які нэндзіцца сваёй доляй. Зусім іншы варыянт мы бачым у Міцкевіча. Тут Беларусь — краіна прыгожых жанчын і адважных мужчын, вялікіх паэтаў і апантаных містыкаў, непахісных змагароў і высакародных рамантыкаў… Так атрымалася (чаму? — не да месца гаворка), што наробкам Міцкевіча скарысталіся палякі, як высокім правобразам той краіны, у якой ім хацелася б жыць. Нам жа засталася нізавая Беларусь Багушэвіча, якую адраджэнская ідэалогія не можа выдаліць з сябе да гэтай пары. Адсюль і «мая здрада» гэтай Беларусі, заганнай у рэтраспектыве і, выбачаюся за таўталогію, бесперспектыўнай ў перспектыве.