Выбрать главу

Інеса Паўлінковіч-Пацукова: Вы працавалі і слесарам, і намеснікам дырэктара школы турызму, і рэдактарам часопіса «Крыніца», і кладаўшчыком на складзе турысцкага начыння, і куратарам філасофскага аддзялення ў элітарным Беларускім калегіўме… Дык хто вы на самай справе?

— Некалі я напісаў вялікае эсэ, якое называлася «Хто я? альбо Мяне няма, не было, не будзе». У тым эсэ мне якраз і хацелася зразумець, хто ж я на самай справе? Як вынікае з працытаванай назвы, мае высновы былі не лішне аптымістычныя…

А што да маёй біяграфіі, дык ў ёй было яшчэ шмат чаго, што вы не пералічылі, але для мяне надзвычай істотнага. Да прыкладу згадаю хаця б вучобу ў маскоўскім Літаратурным інстытуце і чвэрць стагоддзя вандровак па гарах (у 1980 г. я стаў майстрам спорту СССР па спартовым турызме). Бадай менавіта горы і кнігі найбольш паўплывалі на маё жыццё, бо горы навучылі мяне любіць свабоду, а кнігі — вольнае мысленне.

Дзмітрый Асташка: Мне распавядалі, што вы з ранку да ночы адзiн сядзiце ў нейкiм склепе. У вас што, комплекс Дыягена?

— Я скептычна стаўлюся да псiхааналiзу i таму нiколi не спрабаваў аналiзаваць уласныя комплексы. Хаця, магчыма, нешта падобнае ў мяне ёсць, бо некалькi разоў у жыццi я абiраў месцам свайго прытулку «бочку». Так пасля заканчэння Лiтаратурнага iнcтытyтa недзе гадоў пяць вартаваў розныя «аб’екты», а значна пазней кінуў рэдактарскую працу ў дзяржаўным часопісе і сапраўды схаваўся ў «склепе» на пасадзе кладаўшчыка ў турысцкай фiрме. Разам з тым паралель з Дыягенам у мaiм выпадку можна скарыстаць xiбa толькi як прыгожую метафару. Проста я вельмi лёгка i асаблiва не камплексуючы мяняю верх сацыяльнай iepapxii на самы яе нiз (і наадварот). Мне не iстотна, кiм я працую, нaмecнiкaм галоўнага рэдактара штотыднёвіка цi кладаўшчыком, галоўнае, каб мне было ўтульна на маім месцы. А ў гэтым склепе мне пакуль утульна, як было мала дзе яшчэ. Да таго ж тут, калi няма клiентаў, я магу чытаць, пiсаць, рэдагаваць тэксты, сумоўнiчаць з лiтаратарамi, фiлосафамi, мacтaкaмi…

Інеса Паўлінковіч-Пацукова: Цікава было б даведацца пра ваш быт: што ў вас на сняданак, якая кватэра, дзе набываеце сабе адзенне?

— Нягледзячы на маю «метафізічную адсутнасць», у рэальным жыцці я нічым не адрозніваюся ад іншых людзей (прынамсі, мне так падаецца). Мой лад жыцця найбольш дакладна акрэсліваецца маімі любовямі (тут вельмі істотная іх паслядоўнасць): сябры, кнігі, вандроўкі, алкаголь, жанчына… Гэтая шкала каштоўнасцяў сфармавалася яшчэ ў маладыя гады. Цяпер я сюды дадаў бы яшчэ дзве катэгорыі: Беларусь і Свабода.

А што да ўласна побыту, дык недзе да трыццаці трох год я на яго практычна не зважаў, бо жыў адзін па інтэрнатах. А прыгатаванне ежы не было для мяне пабытовай праблемай. Наадварот. Няма больш філасофскага занятку, чым мыццё посуду і абіранне бульбы… І толькі потым, калі з’явілася  сям’я, я зразумеў, што такое побыт. Гэта быў сумны досвед, бо сямейны побыт — гэта перадусім грошы, грошы і яшчэ раз грошы. А я іх не ўмею зарабляць. І ўжо ніколі не навучуся — позна…

Максім Жбанкоў: Вам падабаецца ваша імя?

— У дзяцінстве і маладосці катэгарычна не падабалася. Нешта было ў ім чужыннае маёй сутве, нешта залішне інтэлігенцкае, рафінаванае. Таму я больш любіў свае мянушкі: «Віч», «Вал». Асабліва апошнюю — была ў ёй нейкая моц, дынаміз, энергетыка, якімі я і насамрэч поўніўся тады, хаця і не думаў пра гэта. Але з гадамі я наблізіўся да свайго імя (ці наадварот). Магчыма яно было дадзена мне навыраст.

Максім Жбанкоў: Дзень святога Валянціна параўнаўча новае для нас свята. Як вы ставіцеся да яго?

— Я ў захапленні ад яго. Мяркую, што менавіта такога свята нам заўсёды не хапала. Рэч у тым, што ўсе святы савецкай эпохі (дарэчы, як і рэлігійныя святы) — былі агульнымі і, калі заўгодна, абавязковымі для ўсіх. Амаль немагчыма было ўхіліцца ад святкавання, скажам, дня Касатрычніцкай рэвалюцыі, 8 Сакавіка, 1 і 9 Мая… А дзень усіх заканых максімальна персаналізаваны, у агульным дыскурсе свята ты святкуеш яго толькі з тым, каго любіш…

Дарэчы, заўважым, літаральна за некалькі год раней нікому невядомае свята зрабілася адным з самых масавых. І гэта пры тым, што дзяржава яго не падтрымлівае, паколькі яно не тоесніцца з паноўнай ідэалогіяй. Больш за тое, яно актыўна ганьбуецца савецка-праваслаўнай часткай грамадства, як экспансія Захаду! Што з іхняга боку выглядае цалкам натуральна, паколькі дзень святога Валянціна гамуе саборнасць ды калектывізм і сакралізуе індывідуальнага чалавека ў ягонай персанальнай радасці.