І яшчэ. Для мяне масавае захапленне гэтым святам беларусаў больш пераканаўча за хоць якія сацыялагічныя апытанні сведчыць аб нашай, глыбока ўтоенай, еўрапейскасці.
Вольга Караткевіч: Ці адрозніваецца асабіста для вас дзень святога Валянціна ад іншых дзён?
— Апошнія гады кожны дзень святога Валянціна пачынаецца для мяне аднолькава: з далёкага мястэчка Свіслач тэлефануе маці і віншуе мяне з днём закаханых. Ёй ужо за восемдзесят, але калі яна мяне віншуе, дык голас яе маладзее, робіцца проста такі дзявочым — мне гэта так прыемна. Яна цешыцца з таго, што калісьці гэтак удала выбрала мне імя, а я цешуся з яе радасці. Дарэчы, вось што цікава: мая маці праваслаўная верніца і не абы-якая, а зацятая, але яе цалкам абыходзіць, што гэтае свята мае каталіцкае паходжанне і прыйшло да нас зусім не з таго боку, куды яна хіліцца і куды кладзе свае паклоны.
Максім Жбанкоў: Ёсць даволі абгрунтаванае меркаванне, што каханне — гэта зусім не радасць, а хутчэй эмацыйная катастрофа.
— Каханне — заўсёды трагедыя, бо з яго няма выйсця ў аптымістычную перспектыву. Аднак нідзе болей чалавек не адчувае такой паўнаты быцця, як у каханні. І таму нават той, хто наперад уяўляе ўвесь цяжар быцця, што абрынецца на яго праз каханне, чакае яго.
Вольга Караткевіч: Ці цяжка вам было прызнавацца ў каханні? І што трэба рабіць, каб утрымаць каханую жанчыну?
— Цяжка — не тое слова. У пару свайго першага захаплення дзяўчынай я зрабіў прызнанне адно праз пяць год пасля таго, як шал жарсці апанаваў мною. Значна пазней я неяк задумаўся: чаму нам так цяжка прызнавацца ў гэтым, лепшым з чалавечых пачуццяў? Мяркую, рэч тут вось у чым: хоць кахаем мы сэрцам, але спадыспаду ў каханні заўсёды актыўна ўдзельнічае наш «ніз». Таму сказаць жанчыне: «Я цябе кахаю» — гэта адначасна сказаць другім сэнсам: «Я цябе хачу». І вось цераз прысутнасць гэтага другога сэнсу нам так складана вымавіць першы…
А як утрымаць жанчыну? Якія б ні былі моцныя рукі ў мужчыны, яны ніколі не ўтрымаюць жанчыну, прынамсі — доўга. Каб звяз двух трымаўся ўсё жыццё, і быў прыдуманы інстытут сям’і.
Не каханнем, а толькі сям’ёй мужчына трымае жанчыну каля сябе, зрэшты — і наадварот таксама.
Алесь Козік: Чаму вы так і не сталі сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў? Гэта байкот творчай арганізацыі ці ў саюз вас не запрашаюць?
— Адзіны рэальны сэнс існавання гэтай арганізацыі ў тым, што яе сяброў хаваюць за дзяржаўны кошт. Але паколькі «мяне няма» і з гэтага хаваць няма каго, дык што мне там рабіць?
«Дзеяслоў»: Чым бачыцца вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго вы лічыце сваім літаратурным «хросным бацькам»?
— Літаратурная творчасць для мяне — гэта патрэба. Натуральная патрэба. Якая, калі заўгодна, мала чым розніцца ад фізіялагічнай патрэбы. Гэта тое ж самае вывяржэнне шлакаў — толькі вярбальных, якія назапашваюцца ў арганізме ад спажывання жыцця.
Але непасрэдна да «пісьменніцкай дзейнасці» мяне падштурхнула не гэтая «фізіялагічная патрэба», а кнігі. Добра памятаю, што як толькі навучыўся чытаць, дык адразу захацелася пісаць кнігі самому. Дзеля гэтага я скраў у старэйшага сябра «аўтаручку», бо малечай не мог сабе нават уявіць, што кнігі можна пісаць школьнай асадкай, раз-пораз макаючы пёрка ў атрамант.
Мой «творчы дэбют» адбыўся ў шматтыражнай газеце «Трактар». Гэта быў шэраг вандроўных нарысаў, дзе я распавядаў пра спартовую вандроўку вышэйшай катэгорыі складанасці па Саянскім хрыбце, якую мы зладзілі нашай заводскай турысцкай групай (тады я працаваў токарам на Мінскім маторным заводзе). Вельмі ганарыўся (употайкі), што ўсе мае нарысы кожны раз аб’яўляліся лепшым матэрыялам чарговага нумара газеты.
Што да літаратурнага «хроснага бацькі» — дык яго ў мяне не было. Разам з тым, будзе цалкам справядліва, калі я вылучу на гэтую ролю Міхася Стральцова, з якім мяне пазнаёміў Леанід Дранько-Майсюк. Уласна, мой літаратурны лёс тут на Беларусі быў запачаткаваны ўвагай Міхася Стральцова да маёй пісаніны. На вялізны жаль, нашае «сяброўства» было жахліва кароткім. І калі Стральцоў памёр, я адразу зразумеў, што ён быў мне блізкі і патрэбны, як бацька, і не хросны, а як родны бацька.