Выбрать главу

«Дзеяслоў»: У чым адметнасць вашага творчага працэсу? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх «тэхнічных прыладаў» вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон? Ці выкарыстоўваеце вы «творчыя стымулятары»: кава, цыгарэты, віно, музыка? Што для вас натхненне і ці чакаеце вы яго, каб пачаць пісаць?

— У маладосці я працаваў «з паперай» толькі ноччу. Гэтак атрымалася само сабой. Але пазней я шукаў і вынаходзіў розныя тлумачэнні на карысць «савінага» ладу жыцця. Да прыкладу, я лічыў, што ноччу чалавек больш завершаны сабой, чым раніцай, бо тады ў ім сабраная напоўніцу ўся энергія і падзейнасць прамінулага дня. Да таго ж ноч адсланяе чалавека ад усяго астатняга свету і пакідае яго сам-насам. А творчасць — гэта перадусім адзінота…

Цяпер, і ўжо досыць даўно, я працую (творча) толькі у першай палове дня. Можа таму, што ў сталым узросце пражыты дзень не столькі дадае энергіі, колькі адымае яе і да ночы чалавек падыходзіць добра спустошаным.

Пішу я толькі «самапіскай» і выключна чорным атрамантам.

Кожны дзень у мяне пачынаецца з цыгарэтаў і кавы незалежна ад таго, займаюся я творчай працай ці не. Таму кава і цыгарэты для мяне хутчэй норма, чым «стымулятар». Разам з тым яны бясспрэчна выконваюць і пэўную стымуляцыйную функцыю.

Дарэчы, я ніколі не пішу, узяўшы чарку. Калісьці спрабаваў занатоўваць свае алкагольныя трызненні, але досыць хутка зразумеў: нічога з тых маіх як бы «знаходак» ніякім чынам не тарнуецца з тым, што я раблю на ясны розум.

Я не шукаю і не чакаю «натхнення», але калі гэткі цуд здараецца, дык адчуваю яго нават фізіялагічна — мне «знутры» робіцца горача. Хаця не ўпэўнены, што калі б у гэткі момант скарыстаўся «градуснікам», дык ён засведчыў бы рэальную падвышку тэмпературы.

«Дзеяслоў»: Якія цяжкасці паўстаюць перад вамі падчас напісання твора? Якое значэнне вы надаяце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

— Хаця бальшыня маіх тэкстаў звязаная з выяўленнем мысліўных інтэнцыяў і таму я, здавалася б, перадусім мусіў бы дбаць пра мысленне, як такое, але насамрэч я хутчэй заваблены самой мовай, а не тым, што імкнуся праз яе выяўляць.

Гэта прагучыць, напэўна, смешна, ды хай сабе: я страшэнна люблю нашу мову. Ёю можна пісаць ні пра што і ні аб чым — і ўсё роўна будзе файна. Апошнімі гадамі, калі паўставала сучаснае беларускае мысленне, зазначылася яшчэ адна вельмі адметная своеасаблівасць беларускай мовы. Выявілася, што ў ёй прытоеныя неверагодна багатыя магчымасці для адцягненага рэфлексавання. Гэтая мова была створаная для вялікай філасофіі, а яе змарнавалі на вершыкі…

Пры напісанні тэкстаў ніякай дадатковай літаратурай не карыстаюся. Больш за тое, нават калі падчас працы відавочніцца патрэба нешта удакладніць ці пераправерыць, я лянуюся працягнуць руку да паліцы з энцыклапедыямі і слоўнікамі. З гэтага ў маіх тэкстах даволі прыкрых абмылак, бо і сярод рэдактараў хапае такіх самых лайдакоў, як Акудовіч.

«Дзеяслоў»: Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі вашых літаратурных задумаў? Што/ хто найбольш перашкаджае вам у гэтым? Ці ўплывае на вашую творчасьць ацэнка сяброў, рэдактароў, чытачоў? Ці вяртаецеся вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

— Што мне спрыяе ў творчасці — дасюль не даўмеўся. А замінае (канцэптуальна) той прыкры факт, што ўвесь час даводзіцца думаць, дзе зарабіць хоць якую нішчымную капейчыну. І таму я раз-пораз мушу адкладваць рэалізацыю наспелых задумаў на нейкае гіпатэтычынае «потым», якое здараецца досыць рэдка. З іншага боку, каб я быў добра заможным чалавекам, дык можа і ўвогуле нічога б не пісаў, а напоўніцу бавіўся цудам жыцця… Хто яго ведае?..

Нічые ацэнкі аніяк не ўплываюць на тое, што я раблю. Мне не складана пралічыць адмоўную рэакцыю блізкіх і дарагіх мне людзей на той ці іншы свой тэкст (або пэўную мясціну ў тэксце), аднак я з гэтага ніколі не рэпрэсую тое, што хоча напісацца. Бачыце, мысленне — гэта перадусім інтэлектуальная мужнасць і, адпаведна, мысляр — не той, хто мае здольнасць мысліць, а той — хто не баіцца мысліць (мысліць часам бывае вельмі страшна)…

Я не перапрацоўваю свае тэксты, нават калі бачу, што і дзе можна было б зрабіць да лепшага. Але калі перадрукоўваю іх для кнігі (ці якой анталогіі), дык здараецца, што сёе-тое падчышчу, скарачу, але раблю гэта без асаблівай ахвоты.

«Дзеяслоў»: Ці задаволеныя вы сваімі творамі? Што ў вас не атрымалася ў творчасці? Чым вы найбольш ганарыцеся? Якія эпізоды сваёй біяграфіі вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?