Выбрать главу

— Мая ацэнка ўласнай працы цалкам залежыць ад сітуацыйнага настрою. Бывае перачытаю нешта сваё і падумаю: дык, здаецца, ты зусім няблага, хлопец, пішаш (і тады пачынаю дакараць сябе, што пісаў і пішу мала). А ў іншы дзень пачытаю тое самае і зануджуся…

Калі я чым і ганаруся, дык гэта не сваімі тэкстамі, а тым, што браў чынны ўдзел у стварэнні некалькіх дыскурсаў, найперш: а) сучаснага беларускага мыслення; б) постмадэрна…

Перажываць наноў хоць што з былога не маю ніякага жадання. Чалавек і так жыве залішне доўга. Не хапала яшчэ і падвойваць гэтую цягамоціну.

Што да пытання пра звяз біяграфіі з творчасцю… Усе мы палоннікі сваіх біяграфій. Толькі ў творчасці адных падзеі біяграфіі выяўляюцца наўпрост, а ў творчасці другіх — ускосным чынам. Пэўна, сярод шматлікіх і самых розных падзей, што фармавалі мяне як літаратара, найбольш значная — вучоба ў Літаратурным інстытуце ў Маскве.

«Дзеяслоў»: Ці ведзяце вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: «Ні дня без радка»? Ці знаёмае вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся вы з ім і як? Калі «не пішацца», што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?

— Калісьці я вёў дзённік, аднак тое было даўно. Пасля замест дзённіка, як календара падзеяў, пачаў занатоўваць падзеі свайго інтэлектуальнага жыцця, гэта значыць — розныя думкі. Аднак цяпер і такога амаль не раблю, бо нарэшце зразумеў адну вельмі простую рэч: сапраўды арыгінальныя думкі бываюць настолькі рэдка, што калі яны здараюцца — дык іх ужо ніяк не забудзеш.

Мяне ніколі асабліва не турбавала «пішацца» мне ці не. Калі пісалася — пісаў, калі не пісалася — проста жыў. І добра, што не пісалася даволі часта, бо інакш за бясконцай пісанінай пражыў бы жыццё без жыцця.

Пачуцця ляноты я не ведаю, але ў мяне іншая хвароба — паколькі мне заўсёды пісалася цяжка, дык я вельмі хутка незалюбіў пісаць. І таму, натуральна, выкручваюся ад гэтай катаргі як толькі магу. Калі вам на вочы патрапіць якісьці мой тэкст, дык ведайце — гэта ў мяне не атрымалася выкруціцца.

«Дзеяслоў»: Як вы ставіцеся да інтэрнет-літаратуры? Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў вам найбольш блізкі — з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

— Пра літаратуру ў Інтэрнеце мне цяжка што-кольвек сказаць, бо зазіраю туды гады ў рады. Да таго ж яна яшчэ толькі шукае свае, прыдатныя для дысплея, формы. Пачакаю пакуль знойдзе.

У мяне склалася «кампанія» з некалькіх дзесяткаў літаратараў і філосафаў, усе новыя тэксты якіх я імкнуся прачытаць. І не з прафесійнага абавязку, а з таго, што гэта надзвычай таленавітая «кампанія».

Пра «блізкіх» літаратараў пытанне не да мяне. Бо я цікаўлюся не «блізкімі», а тымі, чыя творчасць цвеліць і развярэжвае маю ўласную творчую ініцыятыву. Тут перадусімі — Фрыдрых Ніцшэ. Сярод беларускіх літа ратараў я першым вылучаю для сябе Янку Брыля. Я ў ціхім захапленні ад яго: і як ад чалавека, і як ад літаратара.

Перачытваць кнігі не люблю. Мне проста не цікава хоць што рабіць у «другі раз».

«Дзеяслоў»: Чаго, на вашую думку, не хапае цяпер беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

— Сёння беларускай літаратуры не хапае толькі аднаго — чытача. Усё астатняе ў яе ёсць. А калі чагосьці і няма, дык значыць ёй, такой, якая яна ёсць, гэтага і не патрэбна.

Што чакае беларускую літаратуру ў будучыні? Ясная рэч, нічога добрага там яе не чакае. Зрэшты, як і ўсялякую іншую літаратуру. Лепшыя часы літаратуры ў прамінулым (пра гэта ўжо нават апрыкла і самому гаварыць і ад другіх чуць). Але пакуль ёсць людзі, якім падабаецца пісаць тэксты, датуль будзе і літаратура. І ўжо іншая рэч — у якой ролі і ў якім значэнні яна будзе. Трохі ж знайшлося месца коням, хаця функцыянальна з іх аніякай карысці для тэхнакратычнай цывілізацыі. Можа што-небудзь прыдумаюць і для літаратуры. Хаця б з удзячнасці за тое, што яна гэтую цывілізацыю і стварыла.

Маладым літаратарам я нічога жадаць не буду. Я іх проста пашкадую, бо ім выпала не самая ўдалая з магчымасцяў пражыць жыццё. Але паколькі кону пажадана давяраць, дык я параіў бы паставіцца з разуменнем да свайго наканавання. Бо кон рыхтуе кожнаму чалавеку толькі самае лепшае з усяго таго, што ў гэтага чалавека магло быць. І калі нічога лепшага за долю літаратара кон вам не знайшоў, значыць усё астатняе было яшчэ горшым. Зразумела, суцяшэнне тут слабое, але ўжо якое ёсць…