Зміцер План: Ваша кніга «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» ў свой час выклікала інтэлектуальны шок, але не дыспут. Ці не крыўдна?
— Дыспута сапраўды не было. Рэч у тым, што тыя інтэлектуальныя колы, у якіх яна прагучала, тады яшчэ не былі гатовыя абмяркоўваць праблемы і канфлікты «метафізікі адсутнасці», а там, дзе нешта падобнае магло адбыцца, кніга не зрабілася вядомай. Праўда, апошнім часам да яе пачынаюць усё часцей звяртацца, але ўжо не як да інтэлектуальнай чытанкі, а як да праблемнага поля, якое патрабуе далейшага асэнсавання.
Алесь Козік: У сваёй галоўнай філасофскай працы вы прыйшлі да высновы, што вас няма. Ці не маглі б вы папулярна патлумачыць, што гэта азначае — вас няма?
— Калі б я мог гэта зрабіць, дык напісаў бы папулярную кнігу, а не дастаткова складаны для ўразумення трактат. Таму паспрабую адно акрэсліць хаця б асноўныя контуры праблемы. Пачнём з таго, што «Я» — гэта толькі граматычная катэгорыя. На самай справе ніякага «Я» не існуе. Чалавек — гэта не «Я», а толькі месца, дзе ў нейкай адметнай псіхафізічнай канфігурацыі згрупаваліся самыя розныя праявы фізічнай, сацыяльнай і культурнай прасторы. Калі вы паспрабуеце прааналізаваць самога сябе, дык уласна вашага вы нічога там не знойдзеце. Вашае цела выштукаванае фабрыкай прыроды, вашыя думкі і спосаб паводзінаў сфармаваныя тым соцыакультурным асяроддзем, у якім вы выхоўваліся, вышыя жаданні прадыктаваныя агульнымі для чалавечага віда інстынктамі і спадчыннымі комплексамі. Вы ўпэўненыя, што гэта вы самі прамаўляеце словы, а насамрэч гэта мова варушыць вашымі вуснамі і вы можаце сказаць адно тое, што яна вам дазволіць…
Цяпер аб тым самым, але трохі з іншага боку. Па сутнасці ў кожным з нас месціцца не адзін чалавек, а цэлы натоўп. Сярод найбольш заўважных у гэтым натоўпе сексуальны, сацыяльны, этычны, інтэлектуальны ды нацыяльны чалавек. Дарэчы, бальшыня нашых праблемаў і паходзіць з таго, што кожны з гэтых «людзей» мае ўласныя мэты і задачы, а мы ў сваім памкненні да нейкага агульнага «Я» рэпрэсуем іх ці запар адзін за адным, ці ўсе разам…
Але калі ў экзістэнцыйным сэнсе пра існаванне чалавека як нейкага, хай сабе і досыць умоўнага «Я» яшчэ можна казаць хай сабе і метафарычна, дык у анталогіі быцця я-чалавеку няма адпаведнага месца. Гэта відавочна. Адсюль і «мяне няма».
Зміцер План: Сваю другую кнігу вы назвалі «Разбурыць Парыж». Чаму менавіта Парыж, я ведаю, што былі і іншыя варыянта назвы?
— Гэта не зусім так. Проста сябры ўгаворвалі мяне змяніць назву (і нават прапаноўвалі свае варыянты), бо гэтая, маўляў, адверне ад мяне, як ад тэрарыста, выдаўцоў і на бацькаўшчыне і ў замежжы. Але я заўпарціўся, бо мы датуль не ўбачым сапраўднае значэнне саміх сябе і сваіх культурных каштоўнасцяў, пакуль будзем знаходзіцца ў ценю Парыжа (сталіцы еўрапейскага культурнага канона), які запыніў над сабой сонца. Уласна, гэтая кніга пра тое, што калі мы жадаем здабыць сабе новую веду, дык найперш мусім вызваліцца з пад апекі рэпрэсіўных аўтарытэтаў што з Захаду, што з Усходу.
Эльза Білетнікава: Ці разрозніваеце вы для сябе пазіцыі філосафа і грамадзяніна?
— Так. І радыкальна. Як грамадзянін я нічым не адрозніваюся ад кожнага іншага. Турбуюся за лёс краіны, удзельнічаю ў палітычных акцыях, маю свае палітычныя сімпатыі і антыпатыі. А вось як філосаф я цалкам апалітычны, бо ў дыскурсе метафізікі няма месца палітычнаму. Тут мяне вабіць і цікавіць Быццё як цэлае і найперш чым яно арганізоўваецца і трымаецца. Дарэчы, і чалавек мяне цікавіць адно праз сваю прысутнасць у Быцці, але ніяк не праз сваю прысутнасць у палітычных працэсах. Больш за тое, мяне проста-такі бянтэжыць, што свет цяпер зрабіўся наскрозь палітызаваным і праз гэта народ ператварыўся ў электарат.
Вольга Караткевіч: Сярод засвоеных вамі прафесій водаправодчык, экспедытар, токар, слесар, матарыст-выпрабавальнік, інжынер па метале, вартаўнік, лодачнік, інструктар па турызме, выкладчык, функцыянер-адміністратар, перакладчык, рэдактар, літаратар… А ці не хацелі б вы набыць сабе яшчэ і прафесію прэзідэнта, каб пакіраваць краінай?
— Ведаеце, я не тое што краінай, я брыгадай сантэхнікаў не змог бы кіраваць. Але калі падумаць пра гэта абсалютна гіпатэтычна, у фармаце віртуальнай гульні, дык я абраў бы сабе ў кіраванне не Беларусь, а Францыю. Для мяне гэта краіна інтэлектуалаў і па азначэнні свабодных людзей. З такой краінай і з такімі людзьмі можна было б і папрацаваць.