Яму я не супярэчыў, прапанаваў калі-небудзь праехацца ў гарадок, у кіно. Ён згадзіўся. Згулялі дзве партыі ў шахматы. Я абгуляў і, не маючы моцнага супраціўніка, злажыў фігуры ў скрынку.
Мажлівасць паехаць у горад хутка прадставілася. Нейк пасля поўдня ішла калгасная машына. Везла гародніну ў горад. Мы з Ласевічам падселі. Як толькі даехалі да суседняга пасёлка, пайшоў дождж.
Я пакінуў машыну, а за мною скочыў і Ласевіч. Зайшлі ў па- мяшканне сельсовета.
Старшыні не было, а сакратар быў мне знаёмы. Ён абрадваўся, ціснуў маю руку.
— Чуў, чуў... Ты з Гайковічам надоечы прыехаў? Ён быў — казаў.
Я паглядзеў і вышаў на ганак. Дождж спорна сек змакрэўшы пясок вуліцы, а гарызонт быў мутны і з-за нашага калгаса даносіліся гукі далёкага грому.
«Вот табе і выехалі»,— падумаў я, нявесела паглядаючы на вуліцу.
Хат тры па левы бок стаяла на агародах, а чацвертая вытыркала на вуліцу новым лабком. За ёю віднелася хата Гайковіча.
Сакратар сказаў, што летась яны адкрылі медпункт у той новай хаце.
— Працуе ў нас фельчар-хлапец і акушэрка. Дзяўчына адным словам...
Ён заглядаў у паперы на стале і змоўк.
Мне хацелася болей пачуць пра дзяучыну, але сакратар маўчаў. Я яшчэ раз вышаў на ганак. Дождж коса сек і заліваў дошкі усходцаў. Ветрам несла прыемную свежасць і ледзь улавімую парнасць грудоў за пасёлкам.
Пакасіўся на вымачаныя жаўтлявыя дошкі лабка медпункта. Цвёрда намерыўся зайсці. Аднаму было нязручна. Я папрасіў Ласевіча. Відаць было, што ён не хацеў ісці. Я пачау дапытвацца. Ён маўчаў, пазіраючы на матавую ад пырскаў вады шыбу, цягнуў глыбей галаву ў плечы. Сакратар глянуў на мяне.
У яго поглядзе я ўлавіў нешта смяшліва-падбіваючае.
Па-ранейшаму настойваў:
— Не разумею, малады хлапец і такая апатыя. Пойдзем!
Ласевіч адышоў ад акна, на твары з’явілася усмешка.
— Пойдзем,— сказаў ён ціха.—Толькі, можа, там нікога няма,— гаварыў ужо на ганку.
— Чаму? — запытаўся я і, не атрымаўшы адказу, накіраваўся з ганка да медпункта.
Дзмуў вецер. Дождж хлістаў у твар. Я падтрымліваў пілотку і ўгнуўшыся спяшаўся за Ласевічам.
Абмахнуў пілотку ў калідорчыку медпункта і зайшоў направа. Пахла эфірам і яшчэ нейкімі медыкаментамі.
Аглядзеліся. Нікога ў пакоі не было...
— Няма нікога, і дзверы не замкнулі,— сказаў я.
— Фельчар тут жыве і да вечара не замыкае...
Мы стаялі з Ласевічам каля акна.
— Адкуль яна?—пытаўся я.
— Здаецца з Жлобіна...
Неахвотна гаварыў аб акушэрцы мой напарнік.
— А дзе яна жыве?
— Вунь, у той хаце...
Я паглядзеў праз мокрую шыбу.
— У той?.. У Гайковіча?
— Ну, але...
Я сумеўся ад таго, што пачуў. У Гайковіча я быў і нікога не бачыў, сам ён таксама і словам не абмовіўся. Гэта яшчэ болей зацікавіла і я сказаў Ласевічу аб сваім жаданні пайсці да Гайковіча. Ён адмовіўся.
— Тады пачакаеш мяне ў сельсовеце. Я хутка вярнуся, — і вышаў на двор.
Кругом аблажылі хмары і пайшоў праліўны дождж. Часта шэрань хмар рвала маланка і нібы аграмадныя каменні кацілі па доўгім калідоры, гэтак працягла каціўся гром у даль і глуха сцёбаў зямлю да перагрому шыб у вокнах. Гайковіч быў якраз у сенцах.
— У горад выбраўся, а заехаў у твой калгас. Дождж не пусціў...
Ён глянуў на мяне.
— Ты не вельмі і прамок. Я пакуль вярнуўся з Посечы — рубца сухога не засталося. Пойдзе яшчэ расці бульба,—смакаваў ён, стоячы каля парога.— Толькі каб вецер сціх, а то жыта зложыць.
Мы зайшлі ў хату.
Гайковіч дакляраваў напаіць мяне дамашнім хмельным квасам і вышаў. Я тупаў па пакоі, па той самай чыстай палавіне, у якой мы закусвалі з дарогі і думаў запытацца пра акушэрку.
Раптам трахнулі дзверы баковачкі і ў гэтую палавіну вышла дзяўчына. Відаць, яна толькі што ўстала. На твары прыкметны быў рубец ад падушкі, валасы — аўсяны змяты сноп саломы. А адзенне, у якім яна вышла?.. На акругласці плеч ляжалі дзве малінавыя істужкі і падтрымлівалі шырокае дэкальтэ.
Дзяўчына падняла вочы і хвіліну стаяла перада мною. Потым зразумела мусіць, што я прадстаўляю зусім рэальны аб’ект, піснула і, тулячы далоні да грудзей, знікла за дзвярыма.
Я, як заведзены, зноў пачаў крочыць па пакоі і не менш яе ўсхваляваўся.
«Вось і акушэрка»,— думаў я.
Гайковіч прынёс збан квасу і наліў мне кружку.
Я выпіў. Пітво было надзвычай добрае. Халоднае — крыху кісьленькае, з рэзкім адценнем. Так і брала за нутро.
— Найлепшага гатунку,— хваліў я. — Сам рабіў?..
— Сам...
— 3 цябе вінакур не кепскі, маладзец...
Панізіўшы голас я кіўнуў на дзверы.
— Хто там у цябе?
— Маўчы... Там, брат, такі фрукт, што падзівуешся... — Ён падышоў да бакоўкі і пастукаў у дзверы.