— Казя Віктараўна, можна? — і схаваўся за дзвярыма. Праз хвіліну высунуўся і запрасіў мяне. Я зайшоў.
Казя стаяла каля століка, на якім гарою высілася мноства кніжак. Гайковіч пазнаёміў нас. Я заглянуў ёй у твар і апусціў вочы. Першы раз бачыў густы і гэткі строгі блакіт вачэй на прыгожым твары.
Я аглядзеў пакой.
Частку яго аддзяляў квяцісты палог. За ім была, мусіць, караваць, на якой яна толькі што спала. На сценах вісела два малюнкі: адзін — вясна, а другі — восень. Каля стала два крэслы, этажэрка ў кутку, завешаная газетай.
— Сядайце,—сказала Казя.
Я сеў і, калі з ёю загаварыў Гайковіч, паглядзеў зноў. Светла-сіняя сукенка абхапіла высокі стан, ледзь не перашчыкнула пасярэдзіне, як мурашку. Уніз спадала амаль да долу шырокімі фалдамі. Высокія грудзі рэзка выдзяляліся. Уся постаць была надзіва гарманічна зложана. Каб не выдаць свайго захаплення, я пачаў глядзець на ляжаўшую газету.
Гайковіч тым часам вышаў.
Газета была на замежнай мове, я пачаў прыглядацца і ў першым жа артыкуле прачытаў некалькі сказаў. Некаторых слоў не ведаў, але па сэнсу дагадаўся аб чым ішла рэч.
— Вы ведаеце нямецкую мову?..
— Вучыў у школе...
Я адхіліў газету.
— Як добра, калі ведаеш замежную мову, хаця адну...
— Безумоўна...
— Я другі год вывучаю. У мяне кніжак шмат, знарок газету выпісваю, а гаварыць не магу... Што за прычына?
— А з кім вы практыкуецеся?
Яна адказала не адразу.
— Вывучаю словы. Чытаю артыкулы і тады гутару сама з сабою...
Я ўсміхнуўся.
Яна спыніла блакіт вачэй на мне і ў ім убачыў я, як бліснуў на секунду фасфарычны, з адценем свежай бэзавай кветкі, агеньчык. Я адчуваў, што папаў на такую сцежку, па якой не хадзіла Казя.
— Мова — жывая рэч. Таму патрэбен жывы чалавек, з якім можна было б гутарыць...
Яна пастаяла крыху, а потым села каля стала, ужо не гледзячы на мяне, сказала:
— Жывы чалавек... А я адна... Дзе знайсці гэтага чалавека?..
Потым з жарам загаварыла:
— Людзей у нас хоць адбаўляй. Пісьменныя, вучацца хто дзе.. А да мовы ахвотнікаў няма. Мне ж неабходна...
— Спачуваю, спачуваю,— паўтарыў я працягла і кіўнуў на кніжкі.— У вас бібліятэка вялікая. Можа б далі што пачытаць?.
Казя была нездаволена, што я перайшоў на другую тэму і абыякава адказала:
— У мяне літаратура спецыяльная. Чытаць вам не нікава будзе аб метадах вызначэння тэрмінаў цяжарнасці, ці што небудзь з гэтай галіны?
— Усероўна што чытаць... Засумаваў я,— не думаючы што, бухнуў я ў адказ.
Казя звузіла вочы.
— Засумаваў,— паўтарыла маю скаргу. На яе твары ледзь прыкметна лягло здзіўленне, а ямкі на шчаках ясна выдзяляліся.
— Гэтулькі работы, а вы сумаваць. Комсамолец? Ну, вось... Я, акрамя асноўнае работы, кожны дзень бываю не мепш як у двух брыгадах, ды сходы... А вось,— яна паказала на кніжкі,— колькі гэта патрабуе часу. Думаеш, бывае, каб дзе-небудзь яшчэ пазычыць вольнага часу, а тут з’явіўся чалавек і — вольны як сокал... Пазычце мне часу,— пільна ўглядалася на мяне і дадала прыўзняўшы бровы: — Вы сапраўды сокал,— яна дакранулася лётнага знака на рукаве гімнасцёркі.
Я сказаў у апраўданне:
— Я толькі прыехаў. А мне ўжо дакучыла без работы...
— Прабачце,— вінавата сказала яна.— Вы з гэтага калгаса?
— Не,— я сказаў адкуль я.
— Я дагадвалася.
— Па чым гэта?
— У вас усе такія чорныя. Нават дзеці нараджаюцца і то бачу, што будуць чарней смолі. Арляняты...
У гэты момант за акном, надзвычай блізка, суха ляснуў гром. Шыбы зазвінелі ў раме, а Казя падскочыла і, каб не глядзець на мяне, прайшла па пакою да другога акна.
Глянула ў сад і весела сказала:
— Канец дажджу. Вунь светла ўжо...
Я ўстаў.
— Мне пара...
— Пасядзіце. Толькі што было часу — хоць у пазычкі нясі, а гэта к спеху некуды...
— У сельсовеце чалавек чакае...
Я вышаў. У сенцах Гайковіч падплятаў лапці.
— Што ты надумаўся — лапці?!
— Не смейся... На балота збіраюся — стагі трэба паглядзець, каб не зацяклі. У хромавых не палезеш.
Мы пасмяяліся з дванаццацівушкавых лапцей і, на адыходзе, я запытаўся:
— Яна даўно тут працуе?
— Ужо год... А што?..
— Нішто дзяўчына.
— І-і, не кажы! А вось хлопцам носа дае, дык гэта праўда. Колькі ўжо хадзілі навакол, нават лейтэнанты з горада... — ён развёў рукамі і адтатуршчыў ніжнюю губу. — Гэта з табою нешта забавілася, а то адразу адшые і пайшоў хлапец не солана хлябаўшы...
Я нічога не сказаў Гайковічу, спыніўся каля парога. На дварэ цярусіў рэдкі дождж.