Выбрать главу

— Пайду...

Гайковіч прасіў не мінаць, кіўнуў у бок дзвярэй, маючы на ўвазе, як я зразумеў, Казю.

Пад нагамі чвякала гразь. У паветры вісела тугая свежасць. Я азірнуўся на вокны. У крайнім убачыў Казю. Што падштурхнула мяне — невядома, я зняў нахаду пілотку і памахаў у яе бок.

Яна ўсміхнулася і, адчыніўшы адну палавінку акна, памахала мне рукою.

У сельсовеце знайшоў Ласевіча і, мусіць, праз гадзіну мы пайшлі дамоў. У горад так і не папалі. Я касіўся на ледзь-ледзь нахіленую сцяну жыта. На каласох віслі каплі дажджу і ў праменнях заходзячага сонца іскрыліся тоўчаным шклом. Велізарны дождж абкаціў, як з вядра, дарогі, змыў пыл і зараз ляжалі яны маўклівыя, без слядоў. Я прызіраўся на тырчэўшыя ўздоўж каляіны каменчыкі і думаў аб Казі.

Гайковіч казаў, што яна недаступная, а я бачыў, што гэта не зусім так.

Мне хацелася аб гэтым пагаварыць з Ласевічам. Ён ішоў узбоч, падцягваючы ногі,— было слізка. Я сказаў:

— Бачыў вашу акушэрку.

Ён глядзеў на паплавы і нібы не чуў. Потым, мусіць, адчуў мой погляд, ці, магчыма, паўза прымусіла глянуць у мой бок. Я сустрэўся поглядам. Мне здалося, што ў вачох яго было столькі ўпрошваючага не гутарыць на гэтую тэму, што я да могілак маўчаў.

Знарок павялічыў крок, каб хоць гэтым развеяць нялоўкае палажэнне Ласевіча.

Магчыма я і памыляўся. Магчыма, нічога падобнага з ім і не адбывалася. Калі ўвайшлі ў канец вёскі, то пастух з пасёлка гнаў каровы. Мы пастаялі каля магазіна і я рушыў дамоў. Брат ляжаў у сенцах на караваці, а ў галавах на скрыні пабліскваў рычаг патэфона.

Ён любіў народныя песні. Маё з’яўленне выклікала ўсмешку.

— Мама гаварыла, што ты ў горад паехаў. Хутка вярнуўся.

— Да сельсовета паспеў, а далей — як спусціўся дождж. Вярнуўся.

Я перакладаў пласцінкі, гаварыў, што бачыў акушэрку. Брат ахвотна загаварыў.

— Яна Ласевічу такога жару дала, калі ён хацеў пакахацца, што хлопец і сёння ходзіць як мыла з’еўшы... Глядзі, а то і табе будзе,— папярэдзіў брат.

Я не пярэчыў.

Павячэраўшы лёг у сенях. Пад суконнай коўдрай сцішыўся і думаў заснуць. Час ішоў... Магчыма гадзіну, ці можа і болей, ляжаў узіраючыся ў цемень. Спаць не хацелася зусім. Думкі кружылі навакол аднаго: пышная аўсяная прычоска Казі і блакіт...

Мне ўспамінаўся адзін васенні дзень з мінулага году, калі я рабіў выпрабаванне новага самалёта на скорасць.

Матор рваў уперад шалёна, унізу ляжала медная восень, а край неба нібы хто старанна нацёр і згусціў фарбы блакіта.

Такі блакіт нагадвалі вочы Казі.

Доўга варочаўся і не мог заснуць. Нарэшце абрыдла мне і я сам сабе сказаў:

«Убачыў. Каб было што».

У падпавеці дружна загегеталі гусі, данёсся глухі заспаны брэх сабакі. Болей я нічога не чуў.

Назаўтра з братам пайшоў касіць канюшыну ў калгас і, прызнацца, так напрацаваўся, што ўвечары адразу заснуў. Уночы нешта блакітнае не пакідала мяне, але што, як і сіліўся прыпомніць — не ўдалося.

Дзён два мінула і я пасігаў у суседні пасёлак. Сустрэў Казю каля медпункта, загаварыў як даўно знаёмы. Яна выслухала.

— Прабачце, бавіцца мне некалі,— і пайшла. Я пабыў у сельсовеце і з невясёлаю душою вярнуўся дамоў.

Непрыемнае ціснула свядомасць: «Вось і табе дала носа».

Я сябе супакоіў і парашыў падавіць уяўленні, што паспелі пышна расквітнець. У дадатак і тактыку рашыў змяніць. «Зачым занятага чалавека займаць пустымі размовамі? Трэба папасці ў рытм яе рабочага кроку, а тады паглядзім»...

На другі ж дзень я пайшоў да Казі і, знайшоўшы яе ў амбулаторыі, паспешна папрасіў, каб яна дала мне апошнія нумары га­зеты. Я абяцаў прынесці на другі ж дзень.

Яна ахвотна выканала маю просьбу, дала нават раман нейкага французскага пісьменніка. Я падзякаваў і быў ужо на парозе. Казя паклікала мяне.

— Не магу перашкаджаць вам. Вы так заняты, усё спяшаецеся,— сказаў я сур’ёзна.

— Цяпер я вольная.

Халат скрадваў яе стройнасць, рабіў мешкаватай. Яна кіўнула на табурэт.

— Вы мой пацыент...

— Шчаслівы той чалавек, што можа быць вашым пацыентам. Так я кажу, Казя Віктараўна?

— Так здаецца.

Я палажыў далонь на левую кішэньку гімнасцёркі.

— 3 сэрцам у мяне нешта... Вы не можаце мне пасобіць?

Казя выслухала мае скаргі і адчыніла шафу. Узяла фанандаскоп.

— Раздзявайцеся да пояса.

— Што вы?!

— Я выслухаю.

— Дзякую,— адпрошваўся я.— Каб сказаць балела, то не. Бывае ўбачу прыгожую дзяўчыну, скажу — вось як вы, і затрапечацца яно дробна-дробна. Разумееце?

— Які сімптом! — радасна смяялася Казя. Яна падышла да мяне.— Вы не жанаты? Не... Ну, тады зразумела. Надзвычай добры сімптом і сведчыць аб хваробе не можа. Наадварот.