Выбрать главу

Яна села за стол і нешта пісала ў вялікай кнізе. Апусціла густыя павекі. Я ўзіраўся ў яе прыгожы твар і заўважыў, як на шчаках пачаў паволі прасочвацца румянец.

— Хаця мяне не запісвайце.

— Не бойцеся.

— А што вы пішаце?

— Запісваю сёнешнюю работу. Ведаеце, на маім пункце нарадзілася за дзень трое крыкунчыкаў: два хлопчыкі і адна дзяўчынка. Такія здаровыя,— яна палажыла ручку і заглянула ў акно.— Фурманка зноў прыехала, мусіць на выезд.

Сапраўды пачуўся стук і ў амбулаторыю зайшоў чалавек гадоў пад трыццаць. Ён убачыў мяне і замяўся.

— Я да вас. Ведаеце,— гаварыў ён Казі.— У мяне жонка, ну вы паглядзіце... Падверадзілася, ці што іншае.

— Я зараз.

Казя скінула халат.

Яна была ў той жа сукенцы і, здалося мне, яшчэ страйнейшай. Я сачыў за кожным яе рухам, потым устаў. Яна сказала з дакорай:

— Я сапраўды занята. Прыдзеце ў такі час. Пазней нельга.

— Можна,— сказаў я на ганку.

Яна села ў задок падводы і, калі конь тузануў, азірнулася.

— Няхай не трапечацца... Глядзеце.

У бліжэйшыя дні я так зрабіў: два разы прышоў пад вечар. Пазнаёміўся з Казяй зусім блізка і сказаў, каб болей мяне не звала на «вы». Смерць не люблю, калі блізкі чалавек называв мяне так. Яна згадзілася, сказала, што будзе рабіць так толькі таму, што гэтак падабаецца мне. Потым пад аблавухім клёнам на вуліцы праседжваў падоўгу, узіраўся ў светлае неба над гарызонтам усходу і ўсё хацеў больш выпытаць у яе, зразумець чым яна жыве.

Аказалася, што Казя настойліва займаецца падрыхтоўкай і мае на мэце паступіць у інстытут.

Я падтрымаў яе думку і з размовы заключыў:

— 3 такой падрыхтоўкай можна паступаць.

— Я адчуваю — мала.

— Такі ўжо?

— Мінулы год мае знаёмыя трымалі экзамены, казалі, што цяжка.

— Нічога... — гаварыў я.

Мы спыніліся каля агародчыка. На градах буяла капуста, лапушыўся гарбузнік.

— Што ж, каханая, мне пара дамоў, — узяў я за руку Казю.

Недзе у прызбе, ці ў сцяне хаты Гайковіча, назойліва крычаў цвыркун.

— Не кажы так. Я не люблю,—сказала, як мне здалося, прыслухалася нават, ці я пачуў.

Я нічога не сказаў і паволі прыхіліў яе да сябе, шаптаў на вуха нібы сакрэт:

— Глянь, мільгае... Якая зорка?

Яна яшчэ болей прыхілілася, узіралася на мільгаўшую над гарызонтам зорку. Я ўпэўніўся, што Казя не мела і элементарных ведаў наконт нябесных свяціл. Усміхнулася і сказала:

— Я толькі ведаю месяц. І то яго тут называюць «цыганскае сонца».

Мы смяяліся.

Казя мусіць забылася, што я выразна адчуваў яе цяплынь, хіліў усё бліжэй да сябе.

Яна нешта гаварыла мне, а ў вушах у мяне стаяў роўны звон ад назойлівага крыку цвыркуна. Нахіліўся і злавіў яе губы.

Яна ўстрапянулася і вёртка вывернулася з маіх рук. Адскочыла і прайшла па двару. Потым падышла і ціха сказала:

— Ці ж можна так?

Яе рука зграбла мае валасы за вухам.

— За гэта вось што... Вось...

У яе дакорлівым голасе чулася адваротнае. Я не чакаў пакуль скончыць, прыхіліў яе яшчэ раз і моцна пацалаваў.

— Я сур’ёзна кажу: нельга так,—казала яна, абхапіўшыся аберуч за маю шыю.

За калгасам захадзіў чырвоны месяц. Ад хаты, як і раней, чуўся манатонны крык цвыркуна.

Далей здарылася так, што я радзей пачаў сустракацца з Казяй.

У гэты час разгарнулася падпіска на пазыку і я ўключыўся ў работу. Па вечарох на суседніх пасёлках праводзіў сходы калгаснікаў. Праз некалькі дзён быў у сельсовеце і не мінуў медпункта.

Казя спаткала з халадком.

Я ўзіраўся ў яе твар, думаў, чаму яна такая. Фельчар нешта дыктаваў з вялікага аркуша паперы, а Казя пісала і ні разу не глянула, дзе я сядзеў.

Затое, як вышаў фельчар, яна перамянілася. Погляду яе я не вытрымаў, пачаў апраўдвацца.

— Афармляў падпіску на пазыку. Усе вечары быў заняты...

— Я думала, што іншае было,—складала паперы у папку.— У мяне сёння ў «Вольнай працы» сход. Я чатыры пункты ахапіла.

Яна падышла да мяне.

— Мо сходзім разам у «Вольную працу»? Ты не заняты?

— Магу.

Калі сонца закацілася за груды, мы з Казей паўз рэчку ішлі ў «Вольную працу».

Сход быў кароткі. Нам толькі трэба было спяшацца афармляць заявы калгаснікаў. Многае я пачуў на гэтым сходзе.

Калгаснікі — тыя што падпісаліся — сядзелі водаль ад стала і гутарылі. Я чуў іх гаворку аб ураджаі, аб разліках таго, колькі атрымаюць на працадзень у гэтым годзе. Мы збіраліся дамоў, як у канцэлярыю зайшоў нізкарослы дзядзька ў балахоне з дубальтоўкай праз плячо.

— Ледзь не спазніўся,— заўважыў нехта.