Потым яна казала:
— Слабы хлапец, а вучыцца едзе. Ты мяне збіў з вучобы.
— Заедзем на мейсца і будзеш вучыцца, толькі не сумуй.
Праз тры дні я быў у часці. З’явіўся да камандзіра экскадрыльі і далажыў, што прыбыў з адпачынка. Камандзір бачыў, што я не ўсё сказаў.
— Удваіх прыехалі.
— Ажаніўся? Добра... Я зараз,— ён званіў па тэлефону. Выклікаў начальніка КЭО і, назваўшы мае прозвішча, загадаў: — Сёння даць кватэру... На другім паверсе. Так, так... Тую, што начальніку штаба рыхтавалі. Ён яшчэ не прыехаў. Што? Не будзе ж камандзір з жонкай у суседзяў жыць... Прыедзе начштаба, знойдзем і яму мейсца. Што? Даць!
Так мы і жылі цэлы год. Летам мяне перавялі ў другі горад камандаваць атрадам эскадрыльі знішчальнікаў.
Работы было шмат. Я позна прыходзіў дамоў, рана ўставаў. Мала бачыўся з Казяй.
Яна была ў апошнія тыдні цяжарнасці.
Потым былі манеўры і дамоў вярнуўся я праз паўтара месяцы. Дайшоў да кватэры і спыніўся на ганку. Ад васьмігадзіннага пералёту шумела ў галаве; ганак, здаецца, варушыўся пад нагамі.
Я напружваў слух. Было ціха. Паволі зайшоў у кватэру. Мяне спаткала з радасцю Казя, зусім такой, якой я ўбачыў яе ўпершыню. Можа крыху толькі папаўнела. Валасы яшчэ пышней віліся на галаве.
Пераводзячы дыханне, сказала:
— Сын... Ты ўжо бацька, Алесік...
— Дзе? — Я абнімаў яе, дапытваўся.
У пакоі Казі стаяла люлька. Я на цыпачках падышоў, затаіў дыханне.
Яна падняла край пакрывала.
— Глянь...
Я нахіліўся. Разглядаў ружовы тварык.
— Мой толькі нос. Усё астатняе тваё... Сапраўднае арляня будзе,—гаварыла Казя.
Цяжка было разабрацца, чый быў нос у сына: мой, ці Казі, але калі яна так сказала — я паверыў. На маленькім лобіку, добра прыглядзеўшыся, я заўважыў блакітную жылку. Мяне ўсяго напоўніла невыразная радасць. Дзе і дзявалася ўтома! Я глянуў на задаволеную Казю.
— Дзякуй за сына... Арляня, кажаш? Няхай...
Мы вышлі з пакоя, дзе спаў сын і селі вячэраць.
Сакавік, 1939 г.