Вольга Іванаўна згодна ківае галавой. Але асаблівага энтузіязму ў яе вачах няма. Не ляжыць у яе, відаць, душа да гэтай грамадскай нагрузкі. І тут нічога не зробіш. Грамадскія арганізацыі таму і грамадскія, што трымаюцца на сапраўднай чалавечай апантанасці. Як раённае Таварыства аховы прыроды, якое ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкома Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Створаны два заказнікі — каля Астраўца і Кямелішак. Зімой дзічына добра падкормліваецца. За апошнія гады ўзрасло пагалоўе ласёў і дзікіх свіней. У ціхіх затоках на Віліі і Страчанцы пасяліліся бабры. А ў балотах ля Вераб’ёў сталі зімаваць дзікія качкі. Сакратар таварыства, былы партызан з Чэрвеншчыны Адам Рыгоравіч Красоўскі носам чуе браканьераў. Бывае, вядома, гуртам заб’юць лася, спусцяць у рэчку аміячную ваду або высекуць уздоўж Лошы вербалозы. Але, як правіла, вінаватага спасцігае заслужаная кара. Выкарчаваў жыхар Ізабеліна каля дзесяці кустоў бэзу — аштрафавалі на пяцьдзесят рублёў. Зламаў шафёр у Гервятах грушку — прымусілі спецыяльна прыехаць да гаспадара і папрасіць прабачэння. Таму і слава пра таварыства ідзе далёка за межы раёна.
Выйшаўшы з райвыканкома, выпадкам сустрэў аднаго з актывістаў Таварыства аховы прыроды інспектара міліцыі Часлава Людвікавіча Чарняўскага. Вольным часам ён прападае ў лесе. Не столькі палюе, колькі любуецца хараством, вывучае звычкі дзікіх звяроў.
З Чэсем Чарняўскім мы даўнія сябры. Разам хадзілі ў школу, разам жылі тады ў «інтэрнаце» пані Адэлі, адзінокай манашкі-тэрціяркі. Яна няспынна папікала нас у бязбожнасці, страшыла пякельнымі карамі, а калі гэта не дзейнічала, наўмысна стала рана выключаць электрасвятло. Сама кладзецца спаць — і мы павінны. Прыйдзе згрызеная касцельнымі згрызотамі або сваркамі з братам — і на нас спаганяе сваю злосць. І не толькі злосць. Пачалі знікаць сала і каўбаса, паднесеныя нам на тыдзень з дому. «То коці, дзяткі, коці, жэбы іх д’яблі взелі», — супакойвала яна нас. Але Чэсь, самы назіральны з нашай тройцы, хутка высачыў сапраўднага «ката»…
— Бачыш, у цябе ўжо тады былі задаткі следчага, — жартую, успамінаючы той канфуз нашай гаспадыні. — Ты ж, здаецца, вучыўся ва ўлікова-фінансавым тэхнікуме, потым працаваў у банку, казалі, быў старшынёй калгаса ў Лошы… Не шкадуеш, што змяніў прафесію, пайшоў у міліцыю?
— Ведаеш, не шкадую. На маёй галаве цяпер барацьба з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці — ОБХСС называецца. Без банкаўскай загартоўкі, без старшынёўства ў калгасе, мусіць, не змог бы цяпер рабіць. А так прыедзеш куды-небудзь: той рахуначак падайце, тут у вас сальда, прабачце, ліпавае. Памятаю, ляснічы з Гервяцкага лясніцтва Міндрык падняў вэрхал: укралі чатырыста рублёў. ІІрыехаў, гляджу: адчынены сейф. Ніхто не прызнаецца. Але чую — нешта не так. Пачаў капацца ў ведамасцях на зарплату, выклікаць людзей. Працавалі, пытаюся, на падкормцы? Не. За грошы распісваліся? Не. Тут мы і выкрылі сардэчнага. Пяць год атрымаў.
— Відаць жа, бываюць цікавыя выпадкі, прыходзіцца і жыццём рызыкаваць? — настройваю Чэся на дэтэктыўную хвалю.
— Цяпер рэдка. А раней, калі працаваў у крымінальным вышуку, усякае бывала. Аднойчы на хутары нехта праз дзверы застрэліў старога. Не хацеў адчыняць, значыць. Слядоў ніякіх. Праўда, людзі казалі, што па наваколлі ездзілі цыганы. Высачылі мы іх у Свіры. Акружылі дом. Мне выпала зайсці ў дзверы. Заходжу і не віджу, што адзін цыган выскачыў цераз акно і пабег на могілкі, а ўсе нашы кінуліся за ім. А ў хаце чацвёра мужчын, хлапец бегае. Акружылі мяне, нешта даказваюць, гяргечуць. Бачу, адзін міргае, знак камусьці за маёй спіной падае. Крутнуўся — стаіць хлапец з узнятай сякерай. Выбіў сякеру. Тут на мяне і наваліліся. Добра, што свае падаспелі. Злавілі мы забойцаў, прызналіся яны, як старога праз замочную шчыліну забілі… З цыганамі ў мяне наогул даўняя «дружба». Адну ашуканку, якая прадавала падробленае золата, лётаў браць аж у Малдавію — яе нам вільнюскія калегі дапамаглі выследзіць. Каб ты ведаў, як кляла мяне ў самалёце…
— Ты б апісаў усё гэта…
— Няма часу. А пісаць — то ў раёнцы пісалі. Праўда, пра іншы выпадак. Аднойчы ў Страчанцы паспрачаліся двое суседзяў. Адзін пырнуў другога нажом у шыю. Суседзі зашчапілі бандзюгу знадворку на кручок, але ў хату лезці баяцца… Паведамілі мне, прыязджаю, праўда, у грамадзянскім, але з пісталетам у кішэні. Разбіў, стаўшы на дровы, акно. Гляджу, бандзюга бегае па хаце з нажом. Хто палезе — заб’ю, крычыць. Кінь нож, Адам, спакойна кажу яму, а я пакладу пісталет, абыдземся без крыві, кажу. А ён не здаецца, шпурляе ў мяне чым папала. Жанчыны лямантуюць на вуліцы: не лезь, начальнічак, можа, дзеткі маеш, дык асіроціш, прыб’е цябе. Тут нехта здагадаўся адцягнуць яго ўвагу, пачаў калаціць у дзверы. Адам аглянуўся. Я — скок у хату праз акно, паваліў яго, выбіў нож, звязаў рукі. А бабы на вуліцы ледзь не з кулакамі лезуць да сваіх мужыкоў: як прыйдзеш п’яны, то ты, халера, герой, чалавек аж з раёна мусіў прыехаць, а ты што?.. Потым экспертыза ўстанавіла, што ў яго буйнае вар’яцтва. Небяспечны для грамадства, адным словам.