Рассталіся мы прыміраныя, амаль аднадумцамі. Палеміка сапраўды не атрымалася.
— Жыццё мяняецца, — працягваў разважаць Леанід Уладзіміравіч, калі мы выйшлі на начную вуліцу. Ішоў жнівеньскі зарапад, ледзь прыкметны ў святле ліхтароў. — Мяняецца і ставіць усё новыя праблемы. Раней адбою не было ад заяў у школы-інтэрнаты. Цяпер жа ў Варнянах пустуе некалькі дзесяткаў месцаў. Прыедзеш да бацькоў, угаворваеш, а яны кажуць: мы не такія бедныя, каб аддаваць з вачэй дзіця, даіць дзяржаву. Можа, і маюць рацыю. А з аблана патрабуюць: запаўняй! А не то на «кавёр» выклічам, стружку здымем… Цікава, у літаратуразнаўстве з вас таксама стружку здымаюць?
— Чаму ж, бывае.
І мне чамусьці прыгадалася, як першы раз у жыцці з мяне здымалі «стружку». Тут, у Астраўцы. У кабінеце першага. Праўда, не вельмі строга, больш з гумарам.
…Неяк яшчэ пры буржуазнай Польшчы жыла ў нашых Расолах старая і адзінокая жанчына Міхаліна Грамашэўская. Зямлі крыху мела, лесу, залатнікоў закапаных. Наняла маладога парабка Івана Верам’я. А потым усё пачалося, як у «Пясках» Серафімовіча. Старая, мусіць, паабяцала Івану, што апіша на яго хутар, і павяла ў касцёл браць шлюб. Уся вёска дзівілася з таго вяселля. І смяяліся з Івана, і шкадавалі яго: маладосць на залатнікі прамяняў. Верамей спадзяваўся, што жонка працягне год-два і аддасць богу душу. А яна трымалася. Нават рэўнавала: з сякерай бегала, калі ён каму ўсміхнецца, на картах варажыла, калі ён паедзе з вяскоўцамі на рынак. З выгляду жылі бедна. Дом старэнькі, скасабочаны, на падлозе бруду на палец. Сабака — і той шкілет, адны косці. «Гэта ён ад злосці такі, ад злосці», — апраўдваўся Верамей. Увогуле ён любіў прыкінуцца гэтакім тупаватым прастачком, ашукаць іншага. Прыйдзе ў млын, бывала, завоз вялізны, на суткі, а ён просіцца: «Прапусціце, браткі, без калейкі, жонка па старасці скончылася, хаваць трэба, пірагі пячы». Людзі, вядома, ведаючы яго лёс, прапускалі. А ён змеле, вернецца дахаты, напячэ посных блінцоў і падаé на ложак:
— На, еш, вашэця, гэта ўжо астаткі. Пара сказаць, дзе вашэця залатнікі прыхавала.
Старая цыркала па аднаму залатніку. Ён іх зашыў пад падэшву ў бот — каб ніхто не ўкраў. Неяк у вайну ішоў пешшу ў Вільнюс, падэшва пратапталася, а залатнікі сеяліся па дарозе. Сусед ішоў і падбіраў. І падсмейваўся над Верам’ём.
І вось пачалася калектывізацыя. Аддаць зямлю, за якую заплачана маладосцю? Нізавошта! Прыйдуць Верам’я агітаваць, а ён ляжыць на ложку, закіданы анучамі, трасецца. «Не рушце яго, — кажа старая Міхаліна, — яго гарачка травіць, у яго запаленне паловы мазгоў…» Пастаяць і пойдуць.
Аднойчы, пасля чарговага такога візіту, адчуваючы, што ў ягоную хворасць ніхто не паверыць, бо ўсе бачылі, як ён толькі што заганяў слупкі для плота, прыбягае ён да нас і просіць:
— Дай, браток, нейкіх таблетак, а то мяне грып бярэ. Бачу: прыкідваецца, дурня строіць. Чым тут яго правучыць? Ага. Дастаю пачку пургену і спакойна так падаю:
— Іх трэба піць адну за другой. Тры мінуты пройдуць — і наступную. Але ж у дзядзькі зэгарка дома няма. Таму піце тут. Я буду глядзець на зэгарак.
Што тады пачалося! Назаўтра Верамей пабег у Астравец: Мальдзісёнак хацеў атруціць! Вось як вы заганяеце ў калгасы… Пасярэдзіне ўрока ў клас убег знерваваны дырэктар і загадаў мне:
— У кабінет да Максіма Логвінавіча, хутчэй! Не думаў я, што вы так школу зганьбіце!
А я і не ведаю, у чым справа. Асцярожна рыпаю дзвярыма першага — сакратаркі ў прыёмнай тады яшчэ не было. За сталом сядзіць чалавек з сіваватым чубам. Насуплена глядзіць паўз акуляры. Побач яшчэ нехта, потым даведаўся: пракурор. Злосная ўсмешка першага не прадвяшчае нічога добрага.
— Ну, скажы нам, юнаша, — кажа ён нізкім басам, — як ты людзей труціш…
Скончылася, вядома, смехам:
— Ну ідзі, юнаша, грызі навукі. Толькі больш гэтай ерундзісцікай не займайся. А то пурген з мыш’яком перапутаеш.
З таго часу я не раз слухаў Максіма Логвінавіча, гаварыў з ім. І заўсёды здзіўляў ён аргументаванасцю і праматой суджэнняў. Прамата часам пераходзіла ў рэзкасць, але рэзкасць заслужаную і справядлівую. Памятаю, неяк у навагоднюю ноч жаніўся распешчаны сынок вельмі паважаных бацькоў. Усё раённае начальства было ўжо ў зборы, а Максім Логвінавіч усё не ішоў. Паслалі адных пасланцоў, другіх. Урэшце за паўгадзіны да Новага года паехалі за ім у вазку самі маладыя. Прыязджаюць. Максім Логвінавіч адзінока сядзіць за недапітай чаркай і патэльняй смажанай бульбы.
— Апранайцеся хутчэй, даражэнькі Максім Логвінавіч! Вы ж сватам у нас.