Выбрать главу

— Не буду сватам на такім вяселлі. Хіба ты не бачыла, за каго ідзеш? Ён жа нават нагі тваёй не варты…

Якраз Максім Логвінавіч Язычэнка і праводзіў на Астравеччыне калектывізацыю. Трывала ўвайшоў у народную памяць. Пасля яго было многа першых. Іх памятаюць цьмяна, а яго ўспамінаюць.

Назаўтра іду ў драўляны домік, у якім вось ужо год з дваццаць пяць жывуць Каіса Яўгеньеўна Гарына і яе муж, Максім Логвінавіч Язычэнка. На панадворку буйна цвітуць з густам пасаджаныя кветкі. На ўсёй Астравеччыне садавіна якраз не ўрадзіла, а тут яблыні стаяць, цяжарныя яблыкамі.

Максім Логвінавіч узняўся са спартанскага жалезнага ложка, адклаў кніжку ваенных мемуараў. Павітаў такім жа густым басам. Тыя ж самыя валявыя абрысы твару. Толькі чуб увесь пасівеў і на пераноссі больш маршчынак.

Расказвае Максім Логвінавіч Язычэнка:

— Ці люблю ваенныя мемуары? Вядома, люблю. Бо сам вайну прайшоў. Застала яна мяне знянацку. Да вайны самым мірным чалавекам быў — загадваў асветай у Лёзне, дырэктарстваваў у адной віцебскай школе. А тут немцы пачалі горад бамбіць. Кажуць, каля Віцебска варожы дэсант высадзіўся. Развітаўся я з Каісай Яўгеньеўнай, тваёй вучыцелькай, і пайшоў добраахвотнікам у знішчальны батальён. Выбраліся з горада, а дзе немцы, не ведаем. Ідзём на світанні праз жыта. Толькі-толькі пачало каласіцца, расістае такое. Раптам заціўкалі кулі. Вяду за сабой у атаку — я ж палітрук. Тут — нечым гарачым у плячо. Ляжу ў разоры. А скрозь кволыя каласочкі відаць: недзе далёка выкочваецца на неба барвовае сонца. І не разумею, сонца гэта ці крывавыя кругі ў вачах плывуць.

Пасля той раны неяк ачуняў. Пачаў партызаніць, камісарыць. На Мсціслаўшчыне, Аршаншчыне. За лінію фронту, у Маскву лётаў. Назад з важнымі заданнямі скідвалі.

Як я ў Астравец трапіў? Дзесьці ў сорак восьмым выклікалі з Крычава ў Мінск і прапануюць: паедзеш першым у Астравец. Той самы Астравец, які ты вызваляў у трыццаць дзевятым. З калектывізацыяй там нелады. Далей трох батрацкіх калгасаў не зрушацца. Я і згадзіўся. Да мяне ў Астраўцы першым быў Мацюшаў. Чалавек сумленны, але з людзьмі гаварыць не ўмеў. Прыйдзе да яго хто, а ён павесіць галаву на стол і маўчыць. Адвучыліся людзі да яго хадзіць. Прыехаў, сяджу дзень, сяджу тыдзень — нікога. Тады сабраў сакратароў, Лук’янава, Волкава: давайце самі па людзях станем хадзіць і ездзіць. Па тых калгасах, што на паперы нібы ёсць, а на самай справе іх няма. Старшыня жарнельскага калгаса так і пісаў у даведцы для райфа: «Паведамляем вам, што ў нашым калгасе калгаснікаў няма». Ерунда, канешно, выходзіць. Прыязджаем мы ў Ізабеліна на сход, а тут нехта свіран падпаліў. Усе і разбегліся. Прыехалі другі раз — нікога з дарослых няма, толькі дзеці з-за вуглоў выглядваюць. Тут мне прыдаўся вопыт дваццаць дзевятага года, калі, будучы страхагентам, я сходы ў Чашніцкім раёне праводзіў. У тую калектывізацыю, у трыццаць першым, у партыю ўступіў.

Самае цяжкое было не заявы сабраць, а жывёлу і пасевы абагуліць, межы разараць. Сітуацыі былі ну прама, як ва «Узнятай цаліне». Неяк звоняць з Вароны: бабы прагналі трактарыстаў, пяском ім вочы засыпалі. Выклікаю Іванова: паехалі! Прыязджаем, глядзім: стаяць каля сельсавета два трактары. «Што вы, хлопцы, баб спалохаліся?» — смяюся трактарыстам. Яны ў амбіцыю, завялі маторы. Каля Сыманель зноў жанчыны затрымалі. Старшыня Варонскага сельсавета Малання Сенюць, тады дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, мне на дапамогу прыбегла. Нічога не выходзіць. Адна нібы памірае на дарозе, другая ёй валяр’янку нясе. Дзяцей папрыводзілі. Вэрхал, крык. А тут, як на той грэх, першы сакратар абкома Клімаў наехаў. «Што ты, Малання, з народам не ўмееш гаварыць?» — пытаецца. І праўда, не ўмела, болей пра сябе думала. Узялі тады мы ўсе і пайшлі паперадзе, а трактары за намі. Жанчыны разгубіліся, адсталі. Так і пачалі першую калгасную сяўбу ў Сыманелях.

А то прыязджаю ў Гальчуны. Чую крык. Аказваецца, жанчыны нарвалі крапівы, выпацкалі яе ў каламазь і давай ганяцца за Смаляком. Тады ён калгас там арганізоўваў. Разбегліся, убачыўшы нас, па полі. А мы за самай злой… Дагналі, той жа жыгучкай нажгалі і яшчэ за хуліганства для страху абяцалі пасадзіць.

Самы трагічны дзень у маім сакратарстве? Такіх было многа. Тады ў раёне банды лютавалі. Едзем мы з Івановым у Быстрыцу адной дарогай, а вяртаемся другой, каб з тропу збіць. Яшчэ да мяне тут расхадзіўся Яцман, сын крамніка з Міхалішак. Хеўру сабе падабраў. Рабаваў, забіваў. У яго была карта Астраўца з крыжыкам каля кожнай хаты, дзе жыло начальства. Раз Яцман даведаўся, што ў Валэйкішках, а можа, у Слабодцы, не помню ўжо, наш старшыня райплана Мікалай Сцяпанавіч Калгушкін будзе рабіць даклад. Калгушкін паехаў не адзін, узяў з сабой участковага Міхаля, лейтэнанта міліцыі Сташкевіча, двух «ястрабкоў». Толькі пачаў даклад, як бандыты акружылі хату і падпалілі яе. Калгушкін смелы быў хлопец, даўся ў акно. За акном стаялі двое з вінтоўкамі. Ён кінуў гранату і прабіўся. А Міхаль са Сташкевічам загінулі.