Выбрать главу

Пасля гэтага начальнік раённай міліцыі Вячкілеў рашыў у што б там ні стала ўзяць Яцмана. Падабралі адчайнага хлопца, Васіля Камарэнку. Ён пераадзеўся, пачаў хадзіць па вёсках, нібы гадзіннікі рамантуе. Зайшоў да сястры Яцмана і пачаў жаліцца: растратчык ён, саветы яго шукаюць. Сястра і паверыла. Камарэнка ўвайшоў у давер Яцмана. «Пойдзем у Гервяты, — шэпча неяк яму, — я ведаю там багатага старога, прыкокнем яго, а грошы возьмем!» Камарэнка даў знаць Вячкілеву. У хаце старога зрабілі засаду. Але Яцман па дарозе яшчэ захацеў забіць гранатай старшыню Гервяцкага сельсавета Сільвестрава. Камарэнку не было другога выхаду, прыйшлося прыбраць бандыта. А яго банду ліквідавалі каля Навасадаў.

Потым аб’явіўся Вінцук Карвецкі, дэзерцір з Чырвонай Арміі. Уцягнуў у банду двух сваіх братоў. Стараўся запалохаць людзей. Прыйшлі ноччу да аднаго кандыдата ў дэпутаты, вывелі на вуліцу, загадалі раздзецца, нацерлі спіну цёркай і пасыпалі соллю. Потым аблілі дом нечым, падпалілі і сказалі: «А цяпер можаш служыць саветам».

Самы трагічны дзень, відаць, быў, калі людзі Карвецкага забілі ў Дайлідках Калгушкіна і Ушакевіча. Хто такі Ушакевіч? Іван Аляксандравіч, старшыня Якентанскага сельсавета. З цікавай сям’і быў. Яго дзядзька, Уладзімір Іванавіч Ушакевіч, стаяў на чале Якентанскага сельсавета яшчэ да вайны. У сорак першым схаваў у страсе свайго хлява сельсавецкую пячатку і штамп. Колькі трымалі ў турме, нічога не выдаў. Не выдалі людзі і яго. У гады акупацыі па-ранейшаму лічыў сябе старшынёй. Пячаткай завяраў дакументы для акружэнцаў. Многіх людзей выратаваў тады. Пасля вайны я бачыў тую пячатку ў райвыканкоме. Бацька Івана Аляксандравіча таксама быў камуністам, старшынёй калгаса.

Ну, значыць, едзе Калгушкін у Якентанскі сельсавет. «Не фарсіце, хлопцы, — гавару яму, — не сядайце ў прэзідыум, сярод людзей растварыцеся». Не паслухаў. «Што, — абураецца, — на сваёй зямлі ад некага буду хавацца?!» Прыехалі ў Дайлідкі, пачалі сход. А тут Карвецкі са сваёй хеўрай. Спачатку спалілі сельсавет, перарэзалі тэлефон на Астравец. Потым акружылі хату. Ушакевіча забілі ў прэзідыуме адразу, Калгушкіна толькі ранілі ў правую руку. Ён выцягнуў пісталет, прытаіўся ў цемнаце, бо лямпу разбілі. Бандыты смела заходзяць у сярэдзіну, свецяць ліхтарыкам у твар мёртвага Ушакевіча. А Калгушкін тым часам страляе з левай, кладзе аднаго падлюгу. Ну і зрашэцілі яны яго потым! Дванаццаць ран мы налічылі. Калгушкіна і Ушакевіча ўрачыста хавалі ў Астраўцы. Працэсія з вянкамі выцягнулася на кіламетр. Бацька Ушакевіча не вынес усяго і праз чатыры дні памёр.

Гібель Калгушкіна і Ушакевіча была, як бы сказаць, кульмінацыяй класавай барацьбы. З пяцідзесятага ўсё супакоілася. Пачалі падбіраць кадры. Памятаю, доўга не маглі знайсці старшыню ў «Шляху Леніна». Прыгледзеўся я да Андрушкевіча. Выцягнуў яго раз з пошты, павазіў па палях — згадзіўся. І добра кіраваў. Потым, з «Чырвонай зары», пачалося ўзбуйненне калгасаў. Замест ста дзесяці стварылі трыццаць. Таксама цяжка было: пакуль конь стаіць у сваёй вёсцы, ён яшчэ нібы напалову свой. Багатыя калгасы не хацелі лучыцца з беднымі. Хаця якое там багацце. Працадзень у тры кілаграмы збожжа і адзін рубель — на старыя! — лічыўся ўжо высокім. Але мы бачылі перспектыву. Гаварыў усім, што жыццё іншым будзе. Не верылі мне. Але цяпер сустрэнуся з людзьмі, і мне не сорамна ім у вочы глядзець.

На развітанне бяру з Максіма Логвінавіча цвёрдае слова, што ён пастараецца напісаць падрабязныя мемуары. Такі жыццёвы матэрыял не павінен прапасці. Аднекваецца: няма літаратурнага таленту. «А нашто ваша Каіса Яўгеньеўна? — кажу. — Дапаможа».

Прыгадаўшы Каісу Яўгеньеўну, я адначасна ўспомніў, што сёння засядаюць філалагічныя секцыі настаўніцкай канферэнцыі. Іду на беларускую. Праходзіць яна ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры Астравецкай дзесяцігодкі. На сценах — партрэты класікаў. Старанна падабраныя кніжныя стэнды. Выстаўка лепшых сачыненняў. Вядзе пасяджэнне гаспадыня гэтага кабінета Ганна Мікітаўна Ігнатовіч. За партамі — адны жанчыны. Праўда, спачатку сядзеў і адзін мужчына, але к канцу кудысьці знік. Фемінізацыя сярод беларусазнаўцаў няўмольна набліжаецца да ста працэнтаў. Большасць апранута неяк па-дамашняму, па-вясковаму. Куды ім цягацца ў модзе з «фізічкамі» ці «англічанкамі». Пайшлі яны ў інстытут (пераважна на завочнае аддзяленне) з вёскі, вярнуліся туды ж, ці, дакладней, зусім з яе не выязджалі і цяпер разрываюцца паміж праверкай сшыткаў, прысядзібным участкам, дзецьмі, грамадскімі даручэннямі. Часам бягуць у школу ў тым жа адзенні, што даілі кароў. Слухаю даклады — добрасумленныя, карысныя, але без палёту думкі, без праблем. Ды і адкуль палёт, калі няма асаблівага часу і імкнення сачыць за навінкамі?! На раён, пераважна для бібліятэк, ідзе пяцьдзесят восем экземпляраў «Полымя», семдзесят экземпляраў «Літаратуры і мастацтва». Да настаўніка яны амаль не даходзяць. А які ж, прабачце, выкладчык літаратуры без літаратурных выданняў.