— Няма спецыялістаў. Павывеліся. У век асфальту ніхто не хоча ісці ў брукары. А асфальту нам не даюць. Тут мы намнога адстаём ад суседняй Літвы.
— Гэта я таксама заўважыў. Пераедзеш мяжу — ці па Полацкаму ці па Чорнаму трактах — адразу пачынаецца асфальт. Прыпынкі добра абсталяваны, указальнікі ўсюды, лаўкі для адпачынку. Нават розныя анекдоты на дарожныя тэмы хадзіць пачалі.
— А нам не да смеху. Адзінае выйсце пакуль што — у добрых гравійках. Пракладваем дарогу на Шумск, каб напрамкі звязацца з Вільнюсам. Падсыпаем старыя тракты на Быстрыцу і Ізабелін. Цяпер на чале ДЭУ паставілі былога экскаватаршчыка маладога ініцыятыўнага камуніста Мар’яна Гана. Не пабаяўся ён розніцы на шэсцьдзесят рублёў у зарплаце, найшоў, дзе цяжка. І адразу відаць: не памыліліся мы.
За некалькі дзён я паспеў пераканацца, што Дзмітрый Канстанцінавіч любіць маладыя кадры і смела давярае ім адказныя ўчасткі. Загадчыкі аддзелаў народнай асветы і культуры Леанід Уладзіміравіч Батура і Мікалай Мікалаевіч Ялоўскі, галоўны ўрач раёна Валянцін Аляксандравіч Ражко — усе з 1944 года. У саракавыя гады нарадзіліся старшыні калгасаў імя Леніна і «Чырвоная зара» Іосіф Пятровіч Сантоцкі і Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. Спалучэнне старых, вопытных кадраў і моладзі дае добрыя вынікі.
— Доўгі час Астравецкі раён плёўся ў хвасце не толькі вобласці, але і рэспублікі, — расказвае Дзмітрый Канстанцінавіч. — Дзесяць гадоў таму ўраджай у сем цэнтнераў з гектара лічыўся высокім дасягненнем. За надой у дзве тысячы літраў ад каровы прадстаўлялі да ўзнагароды. Але з часу, калі адбыўся гістарычны сакавіцкі Пленум ЦК КПСС, усё змянілася да лепшага. Сельская гаспадарка Астравеччыны крута пайшла ўверх. Сёлета ў нас вельмі неспрыяльны год. Вясна была халодная і сухая. Прыйшлося перасяваць дзве з паловай тысячы гектараў азімых. Перасявалі б і яравыя, калі б слепа выконвалі ўсе дырэктывы, паспяшаліся з сяўбой. Бачыце, у нас прагноз надвор’я часам набывае дырэктыўны характар. Потым прагноз не збываецца, а расплачваюцца за ўсё калгасы… Летам, наадварот, абяцалі засуху, а пачало ліць як з вядра. Збожжа палягло, парасло. На некаторых участках — сто працэнтаў палегласці. Гадоў з няць назад не ўбіралі б, спісалі б на стыхіі. А сёння ўбіраем. І ведаеце, колькі намалочваем? — Дзмітрый Канстанцінавіч павярнуўся ад руля і задаволена прыжмурыў вочы. — Па трыццаць — сорак цэнтнераў з гектара. На некаторых участках у «Чырвоным Кастрычніку» і «Рассвеце» ячмень дае да сямідзесяці цэнтнераў! Ніколі не было ў нас такога ўраджаю. На круг па раёну атрымоўваецца па дваццаць восем цэнтнераў. За апошнюю дзесяцігодку валавы збор збожжа павялічыўся ў нас у тры з паловай разы. Якім шляхам мы гэтага дабіліся? Проста. Далі больш угнаенняў, лепш сталі апрацоўваць глебу. Пачалі па-сапраўднаму сеяць ячмень. Сёлета яго пасевы складаюць у нас сорак восем працэнтаў усіх збожжавых. Адна замена жыта і аўса ячменем дала нам сёлета прыбаўку ў дзесяць тысяч тон збожжа. Таму рэальны ўраджай супадае з нашымі прагнозамі, а часам і пераўзыходзіць іх.
— А як справы ў жывёлагадоўлі? Раён жа мае жывёлагадоўчы ўхіл.
— І тут гэты год для нас цяжкі. Вясной чыгуначнікі занеслі аднекуль яшчур. Прыйшлося знішчыць дзве тысячы трыста свіней, шэсцьсот кароў. Чатыры тысячы свіней здалі некандыцыйнымі. Людзі змагаліся самаахвярна. У Варнянах мусілі дняваць і начаваць на ферме. Яшчур здаўся, не пайшоў далей, хаця да суседняга хлява заставалася трыццаць метраў. Але страты нанёс нам вялікія, нешта на восемсот тысяч рублёў. І ўсё ж сёлета ў нас паказчыкі вышэй леташніх. Валавая вытворчасць малака за год павялічылася на пяць працэнтаў, а надой ад каровы — на сто адзінаццаць кілаграмаў. А ў параўнанні з 1966 годам пагалоўе жывёлы ўзрасло ўдвая, вытворчасць мяса з трыццаці чатырох цэнтнераў на сто гектараў сельгасугоддзяў — да ста чатырнаццаці цэнтнераў. Жывёлу цяпер здаём сярэдняй вагой трыста семдзесят два кілаграмы. Аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічыўся за дзесяцігоддзе ў два разы, а прадукцыйнасць працы — у два з лішнім разы. За ўсё гэта ў 1973 годзе атрымалі пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ з выдачай другой грашовай прэміі.
— Я разумею, — працягваў Дзмітрый Канстанцінавіч, — ад мяне вам хацелася б пачуць не голыя лічбы, а каларытныя факты. Але для мяне гэтыя лічбы — як музыка. За імі — напружаная, цяжкая праца трынаццаці тысяч нашых калгаснікаў. І радасна, што праца іх усё вышэй аплачваецца. Да 1966 года грашовая выручка ўсіх гаспадарак складала шэсць мільёнаў рублёў. А сёлета маем шэсць з паловай мільёнаў толькі чыстага прыбытку, уся ж грашовая выручка ўзрасла да дваццаці дзевяці мільёнаў. Гэта дало мажлівасць удвая павялічыць аплату аднаго чалавека-дня: з двух рублёў у 1966 годзе да без малога чатырох у гэтым годзе.