— Ну, а канкрэтныя вынікі спецыялізацыі?
— У 1968 годзе свінагадоўляй у раёне займаліся дваццаць дзве гаспадаркі. Разам яны далі восемсот трыццаць дзве тоны мяса. Цяпер — шэсць гаспадарак, але даюць яны каля дзвюх тысяч тон — у два з паловай разы больш. Сабекошт цэнтнера свініны ў калгасе імя Чапаева складаў сто шаснаццаць рублёў, цяпер — семдзесят рублёў. У Равойця затраты часу на цэнтнер складаюць гадзіну.
— А праблемы?
— Кааперацыя нясе і свае праблемы. Адны гаспадаркі лепш выконваюць абавязацельствы, другія — горш. Рассветаўцы пастаўляюць у Варняны здаровых, укормленых парасят, а кіраўцы — слабых, хілых. Часам па руках і нагах звязвае банк. Ніяк не хацеў адкрыць рахункі для аб’яднанняў. Няма добрых тыпавых праектаў вялікіх кароўнікаў. Заказваць жа індывідуальныя дарагавата. Людзі цяпер павучыліся лічыць капейку. Асабліва такія, як Рынкевіч, як Галагаеў, старшыня гервяцкага калгаса…
Андрэй Андрэевіч Галагаеў, мажны мужчына з добра сівой шавялюрай, якраз аддаваў распараджэнні каля канторы. Усюды — абкладзеныя паўцагелкамі рады вяргіняў і настурцый, акуратна памаляваныя плоцікі. Сама кантора таксама нібы разнафарбная вясёлка. Усярэдзіне — густоўная і даходлівая наглядная агітацыя. Стаяць фікусы, трумо. У адрозненне ад рынкевічаўскага, кабінет абстаўлены з густам. Блішчыць паліраваная мэбля. На стале — свежыя кветкі. У шафе — БелСЭ і іншыя даведнікі. На сценах — драўляныя сувеніры. Адным словам, прыемна зайсці і пасядзець.
Але мы доўга не расседжваліся. Паехалі глянуць на будаўніцтва новага збожжатока і валоўніка. Потым — у Гайголі, дзе ішло жніво. Уздоўж дарогі сцяной у два метры стаяла крыху пажоўклая кукуруза, цэнтнераў так на пяцьсот трыццаць масы з гектара. Зелянела лапушыстая куузіка. Чарнелі дажджавальныя ўстаноўкі, непатрэбныя у гэтым годзе. Як і ў Малях, павітаўшыся з людзьмі, Дзмітрый Канстанцінавіч падзадорваў іх: чаму па прывазе адстаіцё ад «Чырвонага Кастрычніка», а па ўраджаю — ад «Рассвета»? Дзе ваша самалюбства? У вас жа ўсе магчымасці ёсць, аграном такі талковы, дысертацыю завяршае. Глядзіце, трымайце яго, а то ў інстытут перацягнуць. Дарэчы, вось і ён сам, ваш Сігізмунд Сігізмундавіч Валуевіч, мчыцца на машыне. Чарнявы, стройны, барадаты, у чорнай «чортавай скуры». Памахаў рукой праз акно і знік у клубах белага пылу.
У Гайголях, на вялікай роўнядзі, плылі чарадой шэсць камбайнаў. Мы доўга стаялі і любаваліся, як Эдуард Скерла спрытна паднімаў палеглую збажыну мудрагелістым самаробным прыстасаваннем, навешаным спераду на машыну. Стаяў на мосціку і пільна ўглядаўся ўніз.
— Віртуозы! — усклікаў сакратар. — Сапраўдныя прафесары ад тэхнікі! Ім бы пры жыцці помнікі будаваць! На дажынках абавязкова пастаўце іх на п’едэстал славы. Нічога страшнага не будзе, калі і пачастуеце. Толькі запрашайце абавязкова з жонкамі.
— Значыць, добры стары абрад дажынак жыве?
— А як жа! Выстройваюцца ў шарэнгу камбайны, пераможцы ўзнімаюць сцяг, падносяць старшыні каравай і сноп. Лепшым — прэміі, ганаровае месца ў застоллі. І ніхто на людзях не напіваецца. Напіваюцца за вугламі… Пакрыху ўкараняюцца ў нас і новыя абрады, святы. Да Дня работніка сельскай гаспадаркі прыўрочваем раённую выстаўку. Запрашаем гасцей з Літвы, Украіны, суседняга Смаргонскага раёна. Падводзім вынікі спаборніцтва, ладзім канцэрт. Сапраўднае свята працы і дружбы народаў.
— Калісьці, — прыгадваю, — з гэтай дружбай у Гервятах не ўсё было ладна. У вільнюскіх архівах мне даводзілася сустракаць многа судовых спраў, заведзеных на гервятцаў у сувязі з нацыянальнымі канфліктамі. Людзі абражалі адзін другога, ламалі рэбры, пісалі даносы, падпальвалі хаты. А цяпер?
— Раней улады наўмысна нацкоўвалі народ на народ. А цяпер няма чаго дзяліць. За ўсе гады прабывання на Астравеччыне не прыпомню ніводнага нацыянальнага канфлікту. Літоўцы вучацца ад беларусаў і наадварот. У адной і той жа хаце гавораць па-беларуску, па-літоўску, па-руску, па-польску. Добрай школай інтэрнацыянальнага выхавання тут служыць наша спаборніцтва з Швянчонскім раёнам. Мы ідзём уперадзе па ўраджаях, а яны па малаку і мясу. Мы ім даём насенне больш ураджайных сартоў жыта і бульбы, а яны нам — насенне траў. Сустрэчамі асабліва не захапляемся, але часта бываюць дзелавыя паездкі. Правяраем выкананне абавязацельстваў, дзелімся сакрэтамі. Нам асабліва прыдаўся іх вопыт асушкі балот дрэнажным спосабам. Праводзім дні Швянчонскага раёна ў нас, а яны дні Астравецкага раёна ў сябе. Над Віліяй збіраемся на сумесныя святы. Літоўскі і беларускі друк многа піша пра наша спаборніцтва.