Выбрать главу

— Мы швянчонцам нават свайго старшыню ўдружылі, — дапаўняе Андрэй Андрэевіч. — Міхала Куліса з Гальчун. Ён цяпер калгасам «Кратуоніс» кіруе. Летась мы далі ім дзесяць тон насення жыта «белта». Занеслі іхніх лепшых людзей у сваю кнігу гонару. Яны ж нас штучнаму арашэннню абвучылі. Мы ім дапамагаем скараснымі касілкамі, а яны нам — дыскавымі сеялкамі. З канцэртамі ў Гервяты прыязджаюць. Наша дружба прыносіць падвойную карысць — матэрыяльную і маральную.

Паабяцаўшы гервяцкаму старшыні, што я яшчэ прыеду, каб падрабязней пра ўсё распытацца, мы развітваемся, рассаджваемся па розных машынах. Наш курс цяпер на Рымдзюны, на «Рассвет». Еду туды з асаблівай цікавасцю. Год дваццаць таму мяне паслалі ў «Рассвет» напісаць нарыс пра старшыню калгаса. Прозвішча старшыні называць не буду, бо ён ужо нябожчык ды і партызаніў нядрэнна. Тады прагрымеў на ўвесь раён дзвюма калгаснымі цагельнямі, якіх ужо і след загінуў. Прыехаў я, застаў яго ў абед у ложку. Ён абліўся халоднай вадой, сказаў брыгадзіру прыгнаць брычку. І конь пацягнуў нас па пясках уздоўж Ашмянкі і Віліі. Старшыня паціху кляваў носам, прывязаўшы лейцы да ручкі. А конь на памяць зварочваў куды трэба, спыняўся ля хутароў. З хаты нехта выбягаў, запрашаў «пана прэдседацеля» ў пакой. Старшыня для прыліку аднекваўся, але ахвотна ўсаджваўся за стол. На стале з’яўлялася заткнутая папяровым коркам пасудзіна з самагонкай, маласольныя агуркі, рыжыкі са смятанай, вашчына з мёдам. А калі на адным стале не з’явілася нічога, старшыня мутна глянуў на скручанага ў тры пагібелі гаспадара і, бразнуўшы дзвярыма, выйшаў на панадворак. Каля пярэплату ляжала копка сена. «А, накасіў усё-такі ў маім лесе!» — узрадаваўся старшыня. Падышоў да копкі, злосна раскідаў яе нагамі. Я тут жа рашыў, што з мяне хопіць, і вярнуўся ў Астравец. Рэдакцыйнае заданне так і засталося нявыкананым.

Дык вось той старшыня ды і іншыя тагачасныя старшыні баяліся «раённага начальства». Прадчуваючы разнос, загадзя сыходзілі з канторы, хаваліся на хутарах. Пасыльныя цэлымі днямі для прыліку шукалі іх і вярталіся ні з чым або таксама напіўшыся.

Цяпер жа, пераканаўся я за сённяшні дзень, старшыня сам ахвотна ідзе насустрач «раённаму начальству». Каб атрымаць параду, даведацца, як там у суседзяў, а то і папрасіць нешта. Вунь ізноў легкавушка насустрач пыліць. Не іначай старшыня «Рассвета». Так і ёсць: Леанід Міхайлавіч Дарафей, чацвёрты «матарызаваны» старшыня за сённяшні дзень.

— Ці езджу я на кані? — усміхаючыся, перапытвае рымдзюнскі старшыня. — Не, не езджу, бо нікуды не паспеў бы. Цяпер з маладых рэдка хто ўмее і каня запрэгчы. Усе за руль рвуцца.

У адрозненне ад Рынкевіча і Галагаева Дарафей больш маўклівы. Кожнае слова ўзважвае. Гаворыць ціха, спакойна. І ўвогуле ўвесь ён — увасабленне засяроджанасці і ўраўнаважанасці. Вонкава ў ім мала ад старшыні: невысокі, апрануты ў звычайную тэніску (хоць і пры чорным капелюшы), ён, спачатку здалося, неяк раствараўся сярод іншых калгаснікаў. Але я ўжо ведаў, што дысцыпліна ў Леаніда Міхайлавіча выдатная, што ўмее ён гаварыць з людзьмі, як ніхто іншы. Спакойны, ветлівы, але настойлівы, калі захоча каго пераканаць. І людзі за ім ідуць, вяртаюцца сюды пасля арміі. Па выніках 1973 года калгас атрымаў Памятны сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Цяпер на год раней тэрміну завяршае пяцігодку па збожжу. Ячмень «Маскоўскі–121» даў тут па пяцьдзесят цэнтнераў з гектара пры запраграмаваных сарака.

— Леанід Міхайлавіч, — пытаюся, — а ці было часам, каб вы разгневаліся?

— Было аднойчы, — неяк зусім па-дзіцячаму прызнаецца старшыня. — Прыязджаю гарачай парой на поле. Гляджу: п’юць у кустах чарніла. Тут не стрымаўся: што вам, іншага часу, лайдакам, няма!

Утрох аглядаем апошнюю нязжатую ніву. Камбайны якраз ціха стаялі пад жнівеньскім сонейкам, што зрэдку хавалася за распараныя, млявыя хмаркі. Людзі, таксама схаваўшыся на ўзмежку ў цянёк, елі поўднік — сёрбалі боршч, вылоўлівалі адтуль кускі мяса. Потым калгасная кухарка разам з сынком-памочнікам сабрала алюмініевыя талеркі ў аўтобусік, таксама калгасны, і прысела паслухаць, што новага скажуць сакратар і старшыня. А гаварылі яны толькі прыемнае. Што сёлета на круг будзе па цэнтнераў трыццаць пяць збожжа, у абавязацельствах жа запісана трыццаць. Што лепшых людзей, такіх, як Генадзь Ярмак і Зянон Тэрас з сынам Іванам, шафёр Браніслаў Аўгуль, які перавёз на ток пад дзве сотні тон збожжа, трэба, звыш іншых прэмій, звазіць на экскурсію ў Ленінград.