Выбрать главу

За якіх мінут дваццаць камбайнеры зноў былі на сваіх мосціках, зноў паплылі ў знойнае мроіва, старанна абжынаючы слупы розных ліній.

— А ці не здаецца вам, што гэтых слупоў на палях замнога?

— Здаецца, ох, яшчэ як здаецца! Эканомім на дроце, а губляем на полі. Трэба было б лініі весці толькі ўздоўж дарог, аб’ядноўваць, дзе гэта мажліва.

— А вазьміце лес. Вядуць лінію — пад ёй прасека. Колькі драўніны гіне. Кажуць, такую завядзёнку пачалі ў нас немцы яшчэ ў першую вайну. Каб лінія праглядалася, каб ніхто не пашкодзіў. У сябе, нябось, прасекаў не робяць…

— Ну, гэтага мы тут не вырашым, — перапыніў нас Леанід Міхайлавіч. — Давайце лепш з’ездзім у Завельцы, паглядзім наш рэпрадуктар.

На ўскраіне чысценькіх, дабротных Завельцаў, тых самых, дзе ў кожным шостым двары ёсць аўтамабіль, а ў кожным другім — матацыкл, стаіць з дзесятак пабудоў, старых і новых. У новым свінарніку, дзе падлога падаграваецца электрычнасцю, а кармленне і ўборка цалкам механізаваны, пад электралямпамі ляніва грэюцца парасяткі, уткнуўшыся лычыкамі ва ўлонні сваіх мацёр. Ад кожнай свінаматкі ў год тут атрымліваюць да дваццаці парасят. Потым адсюль іх вязуць на адкормачны комплекс у Варнянах, ідуць, прабачце мне, вегетарыянцы, на біфштэксы і адбіўныя…

А барвовае — на добрае надвор’е — сонца няўмольна набліжалася да небасхілу. Ад Ашмянкі, а можа нават ад самой Віліі пацягнула прахалодай. Камары шалёна затаўклі мак. Пара збірацца назад. Дамаўляюся, што пры наступнай сустрэчы Леанід Міхайлавіч пазнаёміць мяне з цікавымі людзьмі.

— Ты з Бублевічам звядзі, з Уладзімірам Іванавічам, — напамінае Арцыменя на развітанне Дарафею. — Я пра яго Пятру Міронавічу Машэраву расказваў, калі мы былі ў Рымдзюнах. Гэта ж падумаць! Персанальную пенсію прапануем, а ён адмаўляецца. Гаворыць, мне і так усяго хапае.

— Дзмітрый Канстанцінавіч, а ад чаго не адмовіліся б вы? — задаю крышку правакацыйнае пытанне, калі мы выехалі на гервяцкую дарогу. — Уявіце, што я чараўнік і магу выканаць тры вашы любыя жаданні. Што б вы папрасілі?

— Гм, трэба падумаць, — Дзмітрый Канстанцінавіч прымае правілы гульні. — Найперш папрасіў бы тэхнікі. Столькі, колькі трэба. Нам не хапае дзвесце трактароў МТЗ або пяцьдзесят «кіраўцаў». Трэба было б яшчэ сто камбайнаў. Потым папрасіў бы мінеральных угнаенняў! Цяпер мы ўносім па пяць-шэсць цэнтнераў на гектар, а трэба хаця б дванаццаць. Па-трэцяе, нестае будаўнічых матэрыялаў. Наша ПМК-88 штогодна не выконвае план будаўніча-мантажных работ. Толькі за апошнія чатыры гады недаасвоіла звыш шасцісот тысяч рублёў капіталаўкладанняў. А гэта значыць, што каровы стаяць у старых хлявах, людзі не справілі наваселляў. Можна яшчэ дадатковае жаданне? Запчасткі! Чорт яго ведае, куды яны дзяюцца. У газетах пішуць, што запчастак выпускаецца ў чатыры разы больш, чым прадугледжана абгрунтаванымі нарматывамі. А трактары і машыны стаяць! У «Сельгастэхніцы» не дастанеш, а ў запаслівага левака за пару бутэлек водкі — дастанеш. Я думаю, што тут бяда ў размеркаванні. Адказвала б «Сельгастэхніка» за спраўны стан калгасных трактараў — усё інакш было б.

— А жаданні асабістыя?

— Якія там асабістыя. Сваім лёсам — выбарам жыццёвага шляху, ці што — я задаволены. Астравеччына мне спадабалася адразу. Прыгожыя мясціны, сумленныя, працавітыя людзі. Не кляўзнічаюць, не закідваюць скаргамі. Хіба што паступіць адна кляўза ў месяц ды і то ад местачкоўцаў. Вядома, раён адстаў у развіцці. Асабліва ў 1962–1965 гадах, калі яго не было. У Ашмянах і Смаргоні глядзелі на далучаныя калгасы як на пасынкаў, фінансавалі іх дрэнна. Калі б не гэта, многія хлопцы былі б ужо героямі. А так мы толькі цяпер выходзім на карэліцкі ўзровень. Радуе, што вось і сын працавіты расце. Сёлета сам пасля школы папрасіўся ў «Шлях Леніна» памочнікам камбайнера. На дзесятым небе быў, калі набіў зернем першы бункер… Адно толькі, што часу малавата. Чытаць няма калі. Толькі ў водпуску ці зімой.

— І што апошнім часам прыпала да густу?

— Уважліва перачытаў усяго Быкава. Пачалі пра яго многа спрачацца, дык рашыў мець сваю думку. Чытаў з задавальненнем. Праўда, не спадабалася, што Быкаў абавязкова выведзе на пярэдні план і нейкага слабенькага чалавека. Але тут я, як і кожны, магу памыляцца.

У Малях мы на хвілінку звярнулі на збожжаток. Спускаўся змрок. Ад лагчын узнімаўся густы, нібы сырадой, туман. Сыта рыкалі, ідучы з пашы, каровы. Разнастайныя вячэрнія гукі выразна даплывалі сюды, на ток, дзе ляжалі, нябачна выпраменьваючы назапашанае цяпло, вялікія груды ячменю. Прасунеш у яго руку — знутры ідзе густы хмельны пах. Мільёны зярнятак, і ў кожным затоена новае жыццё.