Выбрать главу

На «газіку» пад’ехаў да нас Рынкевіч і ўзбуджана пачаў расказваць, як яму ўдалося знесці яшчэ два хутары. На адным жылі старыя брат і сястра. Калісьці бацькі не дазволілі ім завесці свае сем’і, бо не было б каму абрабляць дваццаць восем гектараў зямлі. Потым бацькі памерлі, дзеці пастарэлі. Жылі на хутары без святла, без радасці. Нават людской пасцелі не мелі. Цяпер калгас даў ім у Малях дом за дзесяць тысяч, купіў тэлевізар, нават белыя прасціны. Расплакаліся, калі першы раз ім уключылі святло. Тады здаўся і другі хутаранін. Да гэтага доўга супраціўляўся: на хутары можна і курэй выпусціць у калгаснае збожжа, і сенца лішняга на продаж урваць, і самагону выціснуць з пудзік. Прыйшлося і суседу пераехаць у вёску.

— Так, у жыцці ўсё складана, — пад’язджаючы да Астраўца, Дзмітрый Канстанцінавіч нібы падвёў вынік усяму дню. — З Свіслачы мне дужа не хацелася ехаць сюды. Астравецкі раён лічыўся самым глухім у вобласці. «Астравец — свету канец!» — хадзіла пагаворка. Жонка плакала: чым ты правініўся? Але выклікалі ў Гродна і сказалі: трэба. Ад цябе, сказалі, мы не патрабуем многага, аднаві толькі ў Астраўцы годнасць партсакратара — раней раёну доўга не шанцавала. Так я згадзіўся і так прыехаў сюды. І цяпер не шкадую.

5.

Калі настаўніцу, дык з машынай! Сустрэча з сельскім інтэлігентам. Чалавек, які двойчы гарэў. Аграном з сям’і аграномаў. Два погляды на жыццё. Рымдзюнскія перамены

Паступова асэнсоўваючы паездку з Дзмітрыем Канстанцінавічам Арцыменем, я зразумеў, што яе маршрут быў выбраны не выпадкова. Гэта нібы рэкамендацыя: вось сюды, у Варняны, Гервяты, Рымдзюны, варта вярнуцца яшчэ раз, каб паглядзець усё больш уважліва, без спешкі.

На аўтастанцыі аказалася, што на Варняны цяпер аўтобусы ходзяць кожную гадзіну, а раніцай і вечарам — яшчэ часцей. Ужо за Варнянамі яны расходзяцца ў розныя бакі: які на Вільнюс, які на Міхалішкі і Кямелішкі, які на Гервяты, Рымдзюны і Маладзечна. Гэта не тое што год дваццаць назад, калі на Астравеччыну пралёг першы маршрут Вільнюс–Гіры.

На аўтобусным прыпынку, абшарпаным і непрыбраным, сабралася спорна народу. Маладыя хлопцы, па руках відаць — механізатары, гучна і бессаромна ўспамінаюць свае начныя прыгоды:

— Так ты да яе кінуў хадзіць?

— А мне што — цацкацца, калі бацькі за ёй «Жыгулі» не даюць?

— А кошкі, мабыць, на душы скрабуць. Навучыцелька ўсё ж.

— Шмат я відзеў такіх навучыцелек… Які ў яе там заробак! Не бойся, пры маёй халтуры знайду сабе кралю і з «Жыгулямі».

Старая ў вялікай клятчатай хустцы ўсё памыкалася ўмяшацца ў гэту гаворку. Але не наважылася. Толькі нешта шаптала высахшымі вуснамі. А калі хлопцы, галёкаючы, уселіся на спадарожную машыну, замахала ім услед кароценькім кійком.

— А кыш-ш! А кыш-ш, паскудства!

Пра сцэну на аўтобусным прыпынку за якую гадзіну я расказваў Эдуарду Міхайлавічу Пяткевічу, дырэктару Гервяцкай дзесяцігодкі. Школа нібы вымерла — усе былі на бульбе. Ён жа сядзеў у вузенькім кабінетчыку і запаўняў доўгую зводку.

— Цяпер у вёсцы стала модна мець жонку з дыпломам, — нявесела ўсміхаецца дырэктар. — З інстытутаў пераважна прыязджаюць дзяўчаты. А за каго загадаеце ім замуж ісці? За калгаснікаў. Калгаснік жа часта зарабляе ўдвая больш, чым настаўніца. Чаму б не пафарсіць, легкавушку ў пасаг не запатрабаваць?

— Але ж такі сямейны саюз вытворчасці і адукаванасці, культуры можа даць добры плён!

— Чаму не. Тут усё залежыць ад таго, хто каго павядзе, чый пачатак пераможа. Бывае, прысядзібны ўчастак, пагоня за рублём давядуць настаўніцу да таго, што нічога інтэлігентнага ў ёй не застанецца. Бывае, яна ўзніме мужа да свайго ўзроўню, прымусіць яго вучыцца.

— Значыць, цяга да навукі ў хлопцаў цяпер ніжэй, чым у дзяўчат?

— Выходзіць, што так. Проста змяніліся стымулы. Раней веды асацыіраваліся з дастаткам. Цяпер такой сувязі няма, Матэрыяльныя стымулы змяніліся маральнымі, прэстыжнымі. Калі хлопцы і паступаюць, то толькі не ў педагагічны.

— А куды яны ідуць? Эдуард Міхайлавіч, вы, здаецца, працуеце ў Гервятах даўно, можаце зрабіць абагульненні…

— Працую я тут сапраўды гадоў ужо дваццаць. Ужо дзеці маіх першых выпускнікоў скора стануць выпускнікамі. Новае пакаленне прыйшло.

— І якое ж яно, гэтае пакаленне? Як складваўся лёс колішніх выпускнікоў і складваецца лёс цяперашніх?

— У 1956 годзе ў нас быў першы выпуск. З яго ў вышэйшыя школы паступіў кожны чацвёрты. А з дваццаці шасці выпускнікоў 1973 года — толькі два, сёлета — таксама два.