Выбрать главу

— Пра гэта я ведаю. Расказвала наша фалькларыстка Лія Салавей. Сустрэча ў Вільнюсе выглядала так. У памяшканні школы мастацтваў адкрылася выстаўка сабраных этнаграфічных матэрыялаў. Пра вынікі экспедыцыі дакладвалі яе кіраўнікі: Норбертас Велюс, прафесар Бернардас Падзегімас, філолаг Алаізас Відугірыс. У перапынках іграла народная капэла з Рымдзюн — скрыпка, гармонік і бубен. Зала зачаравана слухала літоўскія і беларускія народныя песні, а часам нават асцярожна падхоплівала і дапамагала, калі хто крыху збіваўся. Апошнюю, віншавальную песню праспявалі ўсе стоячы. Самы стары з гервяцкіх гасцей абвязаў Велюса, нібы маршалка на вяселлі, васьмярнёвым ручніком. Потым дэманстравалі фільмы, знятыя ў экспедыцыі. Сустрэча закончылася пачастункам гасцей — абслугоўвалі іх хлопцы і рабілі гэта сур’ёзна і спрытна.

— Літоўцы ўмеюць рабіць такія святы. Тая сустрэча надоўга застанецца ў памяці нашых калгаснікаў. Як праяўленне дружбы двух народаў-суседзяў.

— Застанецца і кніжка. Нашы дзве акадэміі рыхтуюць тоўстую манаграфію «Гервяты», прысвечаную гэтаму непаўторнаму астраўку двуадзінай культуры.

— Будзе ў гэтым томе і мой краязнаўчы артыкул. Пра дасягненні мясцовага калгаса, развіццё асветы.

— Прабачце, Эдуард Міхайлавіч, з якой вы сям’і? Калі вы прамаўлялі на жнівеньскай канферэнцыі, мне здалося, што вы патомны інтэлігент. Такія бездакорныя манеры, дыкцыя. Тое ж самае гаварыла мне, калі я збіраўся сюды, антраполаг Лідзія Цягака. У шэсцьдзесят сёмым годзе яна збірала ў вас матэрыялы. «Такая бібліятэка багатая, — захаплялася яна, — такія рознабаковыя інтарэсы, столькі грамадскіх спраў!»

— Мне прыемна пачуць гэтыя словы, — Эдуард Міхайлавіч упершыню за ўсю сустрэчу па-сапраўднаму ўсміхнуўся. — Але я і мая сястра-настаўніца інтэлігенты толькі ў першым пакаленні. Нарадзіўся я непадалёку, у Снігянах. Гэта ўжо Смаргоншчына. Бацькі былі звычайнымі сялянамі, але любілі кніжкі. Памятаю, як чыталі «Скрыпачку беларускую» Багушэвіча. Прыносіў яе дзед з суседняй вёскі Падбярозы.

— Напэўна «Скрыпачка»? З партрэтам аўтара?

— Партрэта не прыпамінаю. Але такіх па зместу твораў больш нідзе не сустракаў. Усе клаліся ад смеху, дзівіліся, што аўтар так ведае вясковае жыццё. Можа, гэта і быў той трэці зборнік Багушэвіча, які ўсе так упарта шукаюць.

Тым часам Эдуарда Міхайлавіча выклікалі ў раён, а я пайшоў палюбавацца школьным дваром. На клумбах другі раз у гэтым годзе зацвіла шыпшына. У садзе нязвычна, бо сярод жоўтай лістоты спялелі вішні. Раслінны свет аніяк не мог сарыентавацца ў капрызах сёлетняй пагоды.

Са школы пайшоў у цэнтр Гервят, над якімі ўзвышаўся чырвоны шпіль неагатычнага касцёла, збудаванага на пачатку стагоддзя віленскім дойлідам Вацлавам Міхневічам. Тут пачынаў мастацкую дзейнасць славуты літоўскі спявак Кіпрас Пятраўскас. Яго брат Мікалас працаваў у касцёле арганістам, арганізаваў хор. Бацька сталярнічаў, любіў рабіць скрыпкі. У той цяжкі час Пятраўскасы арганізавалі ў Гервятах духавы аркестр, які іграў народныя песні, «Варшавянку» і «Марсельезу».

Некаторыя аматары лічаць гервяцкі касцёл галоўнай архітэктурнай славутасцю Астравеччыны, хаця па сваёй гістарычнай і мастацкай каштоўнасці ён намнога ўступае варнянскаму ансамблю і барочнаму касцёлу ў Міхалішках. Адзінае, што тут ёсць сапраўды выключнае, гэта перавезены з Клюшчан пяцікутны уніяцкі абраз «Дзева Марыя — апякунка ўсіх веруючых». Мастацтвазнаўца Гурый Барышаў, які паказваў мне здымак гэтага абраза, вагаўся: рэнесанс ці можа нават готыка… Невядомы мастак быў несумненна смелым для свайго часу чалавекам. Лісліва ўзнімаюць вочы ў неба манархі, сквапна паглядаюць манахі. Кволы анельчык цягне з пякельнага бяздоння душы шляхціца і ксяндза. Падумаць толькі, на што ішоў мастак: памясціць у пекле нават ксяндза! Захацелася паглядзець на арыгінал, але на плябаніі сказалі, мусіць, дзеля адчэпнага, што ксяндза няма дома.

За касцёлам, на беразе Лошы, аглядаю ўкрыты шатамі дрэў стары абшаляваны дом. Цяпер тут акуратненькая бальніца на пяцьдзесят ложкаў. Радуюць вока стэнды з выказваннямі рускіх і беларускіх класікаў пра здароўе. А раней тут жылі жорсткія паны Дамейкі, супраць якіх бунтаваліся мясцовыя сяляне на чало са сваім завадатарам Валэйкам. У сваю чаргу Дамейкі купілі ў 1801 годзе Гервяты ад рускага пасла ў Стамбуле Шусэл-Жуфрэ. Да гэтага мястэчка належала віленскаму біскупству. Атрымала яно Гервяты ў 1434 годзе, відаць, ад князя Сігізмунда Кейстутавіча і потым увесь час павялічвала маёнтак — у 1474 годзе за трыццаць пяць коп грошы пражскіх біскуп купіў халопа Лелюша з сынамі Янам і Трабусам, што «сядзелі» пад ракой Лоша («Галоша»), а ў 1480–1491 гадах прыдбаў дванаццаць чалавек «гальчунцаў», якія акрамя паншчыны плацілі дваццаць шырокіх пражскіх грошы, пуд і два сіты льну і давалі коней на паслугі. А яшчэ раней Гервяты былі ў руках літоўскага князя Германта і называліся Германтамі. Упершыню паселішча ўпамінаецца ў 1271 годзе.