Выбрать главу

Каля касцёла зноў выходжу на колішнюю рыначную плошчу, упрытык абстаўленую старымі драўлянымі дамамі. Пад канец XVІ стагоддзя тут і «на вуліцах» стаяла трыццаць халуп. У 1912 годзе польскі часопіс «Люд» пісаў, што на плошчы выдзяляліся чатыры шынкі, а ў былой карчме гандляваў таварамі Станіслаў Шэміс, брат мясцовага літоўска-польскага паэта Адама Шэміса, які памёр у невядомасці на віленскім бруку ў 1905 годзе. Цяпер на плошчы ўзвышаецца помнік тым, хто загінуў на гервяцкай зямлі або пайшоў з гэтай зямлі дабіваць фашыстаў і не вярнуўся. Сённяшняе інтэрнацыянальнае брацтва акроплена тут крывёй прадстаўнікоў розных народаў: рускіх лейтэнанта Васіля Вяслова і сяржанта Аляксея Ксенафонтава, літоўцаў Леанардаса Даўгуля і Вацловаса Гродэля, беларуса Івана Шаўракі і паляка Станіслава Бараноўскага. На плошчы выраслі новыя будынкі сталовай, магазіна. Воддаль красуецца абноўленая кантора калгаса… Пара зайсці туды і задаць старшыні пытані, што ўзніклі пры гаворцы з дырэктарам школы.

Андрэй Андрэевіч якраз нервова гаварыў па тэлефоне. Мяркуючы па тону — з раённым начальствам:

— Ды зразумейце ж вы! Сёння раніцай ужо быў мароз! Трэба ратаваць кукурузу, а сілы мала. Няма людзей, кажу, няма транспарту. Трэба і лён абмалачваць, і развозіць яго на сцелішчы. Усё ўпіраецца ў транспарт. Тры машыны стаяць без рысор. Не, рысоры ў «Сельгастэхніцы» ёсць, але кажуць, што мы ўжо свой ліміт выбралі. Падкіньце пару машын з аўтабазы… Ах, нават так… Тады буду вымушаны пісаць афіцыйна!

— Паехаў Дзмітрый Канстанцінавіч — і нельга вырашыць нават простае пытанне, — Андрэй Андрэевіч раз-пораз глыбока і цяжка ўздыхае. — Ніхто не хоча браць на сябе адказнасці.

— Што, не хапае рабочай сілы?

— Пазарэз не хватае!

— А пасля дзесятага класа хто-небудзь да вас прыйшоў?

— Не ведаю. Была тут у мяне адна на прымеце, Вольга Гражуль. Правы трактарыста мае, летам памочнікам камбайнера працавала. Абяцаў ёй першы новы трактар.

— Адна — з трыццаці двух сёлетніх выпускнікоў? Сапраўды выходзіць, як у тым вершы Бураўкіна: «Уцякаюць хлопцы ў гарады, ад зямлі бацькоўскай уцякаюць, іх плугі і косы не цікавяць, надакучыў жніўня пыл руды…»

— Прычым тут плугі і косы… У нас усё цяпер механізавана. Збожжа і сеюць, і жнуць машыны, закладваюць сянаж — таксама. Значыць, менш калгаснікаў трэба. Вось толькі ўборка бульбы, лён. Вымушаны школьнікаў браць, студэнтаў запрашаць…

— Але ўсё ж уцякаюць ці не? Можа, плаціце мала? — прыкінуўся я недасведчаным.

— І заработкі ні пры чым. Даярка Гэнуэфа Бублевіч зарабіла ў нас за год дзве тысячы восемсот рублёў, механізатары Іван Стэх і Антон Койра — па тры тысячы шэсцьсот рублёў. А з хаты ж яшчэ нехта ходзіць. На яду гэтыя грошы траціць не трэба, бо і мяса, і малако, і бульба — усё сваё. Хіба што на хлеб і цукар.

— Куды ж ідуць такія грошы?

— Купляюць тэлевізары, халадзільнікі, пральныя машыны, матацыклы. Пачалі купляць аўтамашыны, але пераважна сваім дзецям — у Вільнюс. І ўсё роўна грошы застаюцца, ляжаць.

— Дзе? У ашчаднай касе?

— Напалавіну. Часта па звычцы дома, у старой панчосе. Потым то згінуць, то згараць, то злодзей украдзе. Вунь у Лаўрыновіча быў пажар, дык тысячы абгарэлі. Чаму не кладуць у касу? Часам па спрадвечнай сялянскай недаверлівасці. Часам не хочуць важданіны. Бо ў пагоні за планам накапленняў работнікі кас любяць чыніць штучныя перашкоды, калі хто захоча ўзяць уклад назад.

— Ведаю некалькі такіх фактаў. Мясцовыя дзеячы прымушаюць хадзіць па грошы некалькі разоў падрад, пісаць заявы, на што патрэбны тыя грошы… Але мы ўхіліліся ад асноўнай тэмы: чаму маладым не сядзіцца ў вёсцы?

— Нікуды не ўхіліліся. Таму і не сядзіцца, што няма дзе і як рэалізаваць заробленыя грошы. Не на водку, а культурна. Як у горадзе.

— Во-во! А калгас хіба не павінен ім тут дапамагчы? Маладым ой як трэба добрая кватэра, асабліва пасля вяселля. Колькі разводаў таму, што цяжка ўжыцца з цешчай або з свякрухай. Зноў жа, калгасніку хочацца мець усе выгоды. Гарачая вада ў доме яму трэба больш, чым іншаму гараджаніну, бо гараджанін пераважна не працуе ў такім пыле і не ходзіць па такой гразі. Вось вазьміце і дапамажыце маладому калгасніку, прывяжыце яго да зямлі калгаснай кватэрай. Або хай будуецца кааператыўна. Грошы ж у яго ёсць. Колькі вы цяпер дамоў будуеце?