Выбрать главу

— Тры дамы. І будуем якраз кааператыўна. Трыццаць працэнтаў пакрывае калгас, семдзесят — на выплату. Але пералічылі мы рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню трыццаць тысяч, заклалі яны фундаменты і — кінулі… Тут я з вамі згодзен, што мы часам недальнабачна робім. Закінем культуру і быт — адаб’ецца на вытворчасці. Трэба нам браць прыклад з Літвы. Многіх яна перавабіла ад нас лепшымі бытавымі ўмовамі. Але тут мы бяссільныя: будаўнічыя арганізацыі не спраўляюцца з аб’ёмам работ. Грошы ў нас ёсць, а аб’ект не ўключаецца ў тытульны спісак.

— Значыць, грошы цяпер ёсць…

— А як жа. Прыехаў я сюды ў шэсцьдзесятым годзе — а да гэтага працаваў бухгалтарам, вызваленым партсакратаром — у сейфе толькі неаплачаныя ведамасці за тры гады. Ды і ў ведамасцях тых — як кот наплакаў: па трыццаць капеек на працадзень старымі. Усе хлявы раскрыты, салому на корм, ведаеце, аж з Эстоніі вазілі. Кінуў усе сілы на лён. Здалі мы яго патаемна, на суседні «Рассвет» аформілі, бо ў нас усе банкаўскія рахункі былі замарожаны. Выручылі першых дзвесце тысяч. Выдалі патроху людзям. Паверылі яны нам. Потым перайшлі на гарантаваную аплату. У год выдавалі па трыста тысяч… А летась выплацілі семсот, сёлета будзе каля васьмісот. Даход летась склаў каля паўтара мільёна, з іх чыстага прыбытку — шэсцьсот восемдзесят тысяч. Рэнтабельнасць вытворчасці даведзена да сарака двух працэнтаў.

— Куды ж ідзе прыбытак?

— Звыш чатырохсот тысяч — на папаўненне асноўных фондаў. Цяпер мы многа будуем: вялікі тыпавы механізаваны валоўнік, збожжаток і сховішча на тысячу тон збожжа. Купілі чатыры арашальныя ўстаноўкі. Маем дванаццаць камбайнаў, сорак трактараў, дваццаць пяць аўтамашын, у тым ліку пяць легкавых — усе галоўныя спецыялісты забяспечаны транспартам. У загадчыкаў участкаў — матацыклы… Яшчэ тысяч семдзесят — восемдзесят выдзяляем на дадатковую аплату, прэміяванне.

— А на культурна-бытавыя патрэбы?

— Як і належыць, як і належыць, не больш і не менш, тысяч пятнаццаць. Расходзяцца яны неяк…

— Вунь у школе скардзяцца, што грошы на дапаможнікі абяцалі, а не пералічаеце. Бясплатнае харчаванне вучням не арганізавалі.

— А што мы можам, што мы можам… У банку нам сказалі: не маем такога права. А з харчамі пачакаем, як іншыя калгасы.

— Навошта ж было тады падпісваць сумесныя мерапрыемствы? Як вы школе, так і школа вам…

Такі паварот гаворкі не вельмі падабаецца старшыні. Зрэшты, у мяне склалася ўражанне, што ён сам разумее хісткасць многіх сваіх аргументаў. Ды і што гэта я ўвесь час толькі пра моладзь, культуру, быт. Андрэй Андрэевіч сапраўды лепшы старшыня ў раёне, сапраўды ўмее лічыць і берагчы капейку. А што парой беражэ не там, дзе трэба, дык тут вінаваты не ён адзін: за вытворчасць здымаем стружку, а за культуру хіба што паўшчуваем. Прыгадаліся словы з нарыса «Курземітэ» Іманта Зіедоніса, які якраз пачаўся друкавацца ў «Дружбе народов»: «Палітыка будняў ёсць, няма палітыкі выхаднога дня».

— Учора ў абласной газеце прачытаў, што ваш калгас за чатыры гады справіўся з пяцігадовым планам па вытворчасці збожжа. Выходзіць, можна вас, Андрэй Андрэевіч, павіншаваць.

— Ёсць такое, — твар Галагаева адразу святлее. — Планавалі на канец пяцігодкі дзве тысячы тон, а сёлета сабралі дзве тысячы восемсот. Па трыццаць тры цэнтнеры з гектара выйшла, а было, калі прыехаў сюды, усяго па пяць-шэсць цэнтнераў. І не толькі па збожжу. За тры з паловай гады завяршылі пяцігодку па вытворчасці мяса, цяпер завяршаем на малаку. На сто гектараў зямлі сёлета ўжо атрыманы сто дваццаць адзін цэнтнер ялавічыны. Праўда, не ўсе фермы працуюць аднолькава. Усё залежыць ад людзей.

— Раскажыце, хаця б коратка, пра лепшых.

— Каго б тут выдзеліць? Выдатна працуе даглядчык Часлаў Глаўдзель. У яго волікі прыбаўляюць на адкорме амаль па кілаграму за суткі. Вывучае новае, цікавіцца літаратурай. Сярод даярак лідзіруе Генуэфа Бублевіч з Гайголяў. Здаецца, сёлета яна першай у нас пераадолее чатырохтысячны рубеж. Добрае слова трэба сказаць пра звеннявую Марыю Равойць. Сёлета лён палёг, машыны яго не ўзялі. Прыйшлося рваць па-дзядоўску, рукамі. А плошча немалая, трынаццаць гектараў. Лічым, што ў яе будзе да васьмі цэнтнераў валакна з гектара. На раённую Дошку гонару збіраемся рэкамендаваць. Працуе Равойць у Міцюнах. Загадчыцай вытворчага ўчастка там Тарэза Сцефановіч, мясцовая, з Бабраўнік. Маладой дзяўчынай прыехала яна да нас пасля Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Працавала аграномам-насенняводам. А тут загадчык у Міцюнах захварэў. Паслалі яе. Прыглядалася, раілася са старшымі. Цяпер міцюнскі ўчастак ідзе ўперадзе не толькі па калгасу, але і па раёну. Або вазьміце нашых галоўных спецыялістаў. Калі прыехаў сюды, усе былі з сярэдняй асветай. Цяпер і заатэхнік, і галоўны інжынер, і загадчык майстэрнямі маюць інстытуцкія дыпломы. Галоўны аграном кандыдацкую піша. Дарэчы, з ім я раю вам спаткацца асабіста. Увогуле людзі за апошні час змяніліся. Раней прыходзілі на сходы п’яныя, абы-як адзетыя, выступленняў талковых не было. Цяпер гаспадарамі сябе лічаць. І, паверце, для мяне найбольшая радасць, калі адчуваеш, што ты людзям патрэбны. Неяк пусцілі паніку, што мяне ў суседні калгас хочуць узяць. Што тут пачалося! Так заядла выступаць пачалі, каб толькі мяне пакінулі…