Тут Андрэй Андрэевіч глянуў на гадзіннік і дакорліва паківаў галавой:
— Глядзі ты, колькі прагаварылі! Гадзіны з тры. А ў колькі ацаніць рабочую гадзіну старшыні? Ніхто яшчэ не падлічаў. І не падлічыць. Ну ладна, — Андрэй Андрэевіч адчуў маё пачуццё вінаватасці, — паедземце разам. Можа, дзе па дарозе Сігізмунда Сігізмундавіча зловім. Носіцца, як учадзелы. Толькі ці ўдасца ў вас гаворка. Яму як якая лейчына пападзе…
— Андрэй Андрэевіч, — спытаў я, калі «газік» ужо нёсся ці то ў Гялюны, ці то ў Гальчуны, ці то ў Гайголі — вечна блытаю гэтыя тры падгервяцкія вёскі, — рэдакцыйныя хлопцы расказвалі мне, што вы двойчы гарэлі: на фронце і ў мірны час. Было такое?
— Было. Калі мяне прызвалі ў армію, а прызывалі са Шклоўшчыны, папаў я ў танкавыя часці. Стаў механікам-вадзіцелем. І тут вайна. У першы ж дзень пайшлі ў контратаку. Вопыту асаблівага не было, адзін форс. Люкі задраіў моцна, на ўсе вінты. Танк загарэўся з сярэдзіны, ад мяне. Разрадзіў я тушыцель, прыбіў агонь, але люк раздраіць не магу, задыхаюся. Непрытомнага выцягнуў мяне Міша Усольцаў, наш заражаючы. Потым на танку прарваліся з акружэння. Эх, Міша, Міша, ці жывы ты? Я ж доўга цябе шукаў, бо жыццём табе абавязаны. Потым шмат ваявалася. На мінах падрываўся, пад Сталінградам у абедзве рукі раніла. А той першы бой пад Кандалакшай і цяпер стаіць у вачах. Другі раз… Ды што другі раз, хіба яго параўнаеш з першым? Пераехаў сюды. Прыглядаюся. На вясковае вяселле неяк мяне запрасілі. Толькі селі за стол — пажар у Гудзеніках, за кіламетр. Дабеглі, патушылі — і ўсё.
Па сціпласці старшыня прамаўчаў, што і ў той, другі раз таксама было цяжка. Ратуючы дзяцей, жывёлу, дабро, прыйшлося не раз кідацца ў полымя. Пасля таго вяселля доўга смылелі апёкі.
— Рашучы чалавек Андрэй Андрэевіч, адважны, — пацвердзіў мае меркаванні Сігізмунд Сігізмундавіч, калі я ля бульбяных буртоў перасеў са старшынёвай машыны ў аграномаўскую. — І гаспадар добры. У яго прыроджанае чуццё ёсць, дзе, калі і што сеяць, на чым можна зарабіць грошы.
— А спрачацца часта даводзіцца? — прыгадаліся мне словы Галагаева пра «лейчыну».
— Уявіце сабе, за шэсць год Андрэй Андрэевіч ні разу не падняў на мяне голас. Раімся, спрачаемся — хто каго пераканае.
— І да дысертацыі вас не раўнуе?
— Уявіце сабе, не, — Сігізмунд Сігізмундавіч доўга і заразліва смяецца. Увогуле, як я пераканаўся, усё ён робіць весела і напорыста. — Лаяльна ставіцца. Кажа, вартая справа. І публікацыі ў часопісах з’яўляюцца, і практычная аддача ёсць.
— Значыць, як звычайна гаворыцца, тэму падказала жыццё…
— Нялёгкае жыццё, дадайце. Неяк прыехаў да нас з райкома Арцыменя. Заклікае падвоіць пагалоўе жывёлы. «А чым карміць будзем?» — пытаю. «А навошта цябе пятнаццаць год вучылі?» — адказвае. Ён паехаў, а я хаджу, прыкідваю. Поле — яго не расцягнеш, яно не з гумы. Але два і нават тры ўраджаі з яго сабраць можна. Скосім мы на зялёны корм жыта, пачынаем сеяць салодкі лубін, куузіку. Толькі цяпер уся загвоздка, калі, як і чым засяваць, як зямлю абрабляць. Зноў узнімаць яе плугам? Зноў яе, сардэчную, культыватарам ці дыскамі? Не-е. Вы чыталі кнігу «Вар’яцтва ратая» аднаго амерыканскага фермера? Шкада, многа згубілі. Дык вось: вар’яцтва — гэта бясконца пераворваць глебу. Ад гэтага разбураецца яе структура, пачынаюцца пылавыя буры. Таму рашыў прымяніць іншы спосаб, сеяць без апрацоўкі. Лубін — ён прарастае. Пачаў доследы, вучняў зацікавіў, нават жонку — яна тут эканамістам, значыць, лічыць умее. Уявіце сабе, спачатку ледзь не ўсё сарвалі галубы. Выбіраюць насенне — і, пішы, прапала. Прыйшлося старога ставіць, каб рукамі махаў. Вядома, сучаснай сеялкай можна заправіць лубін і па глыбіню. Але ж усё гэта трэба высветліць.