— Тэма як фармулюецца?
— Так і фармулюецца: «Асаблівасці вырошчвання кармавога лубіну ў паўкосных пасевах». Кіраўнік мой — у Інстытуце земляробства.
— Пасля абароны, вядома, вас, як практыка, перавабяць туды. Ці, можа, выкладаць пойдзеце?
— Так я вам і скажу! — Сігізмунд Сігізмундавіч зноў весела і заразліва смяецца. — А ўвогуле, я патрыёт Астравеччыны. Тут, у Малых Дзяранках, я нарадзіўся. Тут працаваў аграномам бацька. У Жукойнях аграномам робіць сястра. Брат таксама падаўся ў Гродзенскі сельска-гаспадарчы. Так што, лічыце, вырасла цэлая валуевічаўская дынастыя аграномаў. А якая дынастыя без зямлі, без гэтых вось палёў.
А на палях тым часам прыжмуранае вока агранома прыкмячае непарадак. Гродзенскія студэнты сядзяць на сцірце саломы, чакаюць, пакуль разгоняць барозны. Адвозіць бульбу таксама няма каму.
— Не разагналі з учарашняга, бо баяліся замаразкаў, — апраўдваюцца мужчыны. — Вот і цяпер не ведаем, разворваць на заўтра ці не.
Валуевіч нейкую хвіліну вагаецца, якое прыпяць рашэнне. Наараць — можа прымерзнуць, не наараць — людзі будуць з раніцы марнаваць час… Кідае спрактыкаваны погляд на сонца, на хмары.
— Разганяйце! Без рызыкі нічога не бывае.
— А адвозіць бульбу, да скрыні, Дамастой нікога не даў. Нават на нарадзе не быў, — з задавальненнем удае свайго загадчыка ўчастка круглатвары здаравяка. — Пры нашым Ромусі такога не відалася.
— Зноў Дамастой! — порахам узрываецца аграном. — Вечна мне за яго нарады рабі!
Мы імчымся ў Гайголі, і Сігізмунд Сігізмундавіч расказвае мне: раней тут брыгадзірыў Раман Сыс, з практыкаў. Але ўсяго чатыры класы меў, сваяцтвам аброс. У вёсцы, дзе палова пасельнікаў — твае сваты або кумы, гэта цэлая праблема. Рашылі замяніць спецыялістам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. А тут прыслалі гэтага Івана Дамастоя… Вечарам укіне пяцьсот грамаў і ідзе рагатаць да дзяўчат. А днём спіць як пшаніцу прадаўшы.
На наш бразгат клямкай Дамастой выходзіць па ганак, сонна пацягваецца, пачэсвае рэдкую бараду. Усе ўшчуванні праз адно вуха ўваходзяць, праз другое выходзяць.
— Флегмы — на цэлы калгас, — паківаў кучаравай галавой Валуевіч, калі мы пайшлі шукаць чалавека да скрыні. — Цэлая праблема, гэты Дамастой. Хоць і з троечнікаў, але ўсё ж спецыяліст. Паспрабуй звольніць. Ды і Сыс назад не пойдзе, гонар мае.
— Вось і прыходзіцца вам за такога спецыяліста ўсё самому рабіць.
— Прыходзіцца. Працуеш на знос. Не помню ўжо, калі ў выхадны адпачываў. Па праўдзе кажучы, то і адпачываць няма дзе. У клубе — ніякай культурнай атмасферы. Нават касцюм адзяваць не хочацца, калі ідзеш туды…
У той празрысты вераснёўскі дзень мы яшчэ доўга калясілі па палях «Радзімы»… Адкрыта кажучы, мне прыемна было любавацца, як працуе калгасны аграном. Стройны, падцягнуты, па-сучаснаму барадаты, ён імкліва бег ад машыны то да трактарыстаў, якім не ўдавалася прыкрыць палеглае ржышча, то да буртаўшчыкоў, у якіх бурты выцягваліся ледзь не на кіламетр. Кожнага ведаў па імю, кожнаму даваў нейкую параду. У гэтага хапала энергіі на цэлы калгас.
— І якая ў вас мэта на бліжэйшы час? — спытаў я ў Валуевіча, калі мы развітваліся каля калгаснай канторы.
— Абараніцца, вядома. Гэта ж не толькі мая асабістая, прыватная справа… Потым — выйсці на першае месца ў раёне па ўраджаях. Уявіце сабе, заядае самалюбства. Бал зямлі ў нас вышэй, чым у суседнім «Рассвеце», у Дарафея, а ўраджай з гектара — ніжэй. Ніяк не зразумею, чаму. Нейкі сакрэт, мусіць, маюць.
— Паспрабую выведаць гэты сакрэт, — жартую. — Заўтра якраз выбіраюся ў Рымдзюны.
— А сёння ўжо ў гасцініцу?
— Не, яшчэ хачу адшукаць у Гервятах двух рэвалюцыянераў. Літоўскі мастацтвазнаўца Уладас Дрэма, дарэчы, таксама выхадзец з вашых мясцін, гэтай зімой расказваў мне, што ў трыццатыя гады ён вёў тут па заданню КПЗБ нелегальную работу, раздаваў і расклейваў лістоўкі. Гервяцкае падполле тады ўзначальваў дзядзька Дрэмы Юрый Юр’евіч Мацко. Цікавы чалавек. Да Кастрычніка . служыў у Петраградскім лейб-гвардзейскім сапёрным палку. Слухаў Леніна на Абухаўскім заводзе, потым, вярнуўшыся ў Гервяты, разам з Іванам Юшко, Іванам Кулісам і Рафалам Рэмісам устанавіў сувязь з ашмянскай арганізацыяй КПЗБ. Пасля трыццаць дзевятага быў тут першым старшынёй сельсавета, сакратаром партарганізацыі.
— Тады ведаю яго. Але вы спазніліся. Юрый Юр’евіч, або, як яго ўсе тут называлі, Ягор Ягор’евіч памёр чатыры гады назад.