Выбрать главу

— Але мы ўхіліліся ад пытання, пастаўленага ўчора Валуевічам. Як вам удаецца атрымаць большы ўраджай, чым у «Радзіме»? Выкладвайце сакрэты.

— Сакрэтаў ніякіх няма. І Валуевіч гэта добра ведае. Проста стараемся ўзняць агульную культуру земляробства. Якім чынам? Па-першае, угнаенні. На гектар збожжавых сёлета ўнеслі трыста пятнаццаць кілаграмаў мінеральных тукаў у дзеючым рэчыве. Апрача таго пад ураджай гэтага года вывезлі васемнаццаць тысяч тон арганічных кампостаў. Па-другое, структура пасеваў. Цяпер больш палавіны збожжавага кліна занята ячменем, які даў па сорак чатыры цэнтнеры. Сеем толькі першакласным насеннем, раяніруем новыя сарты. Па-трэцяе, агратэхніка. Добра ўзарэш, у час пасееш і збярэш, то і збожжа ў свірне будзе. Толькі такім чынам мы дабіліся сёлета прыбаўкі ўраджаю на сем цэнтнераў з гектара. Іншых сакрэтаў у нас перад Валуевічам няма. Так і скажыце яму, калі будзеце вяртацца праз Гервяты.

— Перш, чым вяртацца, трэба было б пабачыцца з Бублевічам.

— Гэта мы мігам. Бублевіч недзе каля сваёй піларамы. Зараз прыйдзе.

Праз пару хвілін, далікатна пастукаўшы, у кабінет зайшоў Уладзімір Іванавіч Бублевіч. Падцягнуты, вастраносы, з характэрным для літоўска-беларускага пагранічча падбародкам, ён не мігаючы глядзеў светла-блакітнымі вачыма і стараўся зразумець, дзеля чаго яго адарвалі ад работы. Леанід Міхайлавіч уздыхнуў з палёгкай і адразу ж кудысьці памчаўся на машыне, даверыўшы нам свой зацішны кабінет.

Расказвае Уладзімір Іванавіч Бублевіч:

— Вот вы хочаце дазнацца, як я жыў за панскім часам. Цяжка жыў. Родам я не адсюль, а з Вашкун. Там на нас, чатырох братоў, тры гектары зямлі было. Застаўся я сіратой у чатырнаццаць гадоў, пачаў батрачыць. Потым у прымы ў Рымдзюны пайшоў. Раней калі хлопец меў зямлю, то ўсюды славіўся. А я не моў нічога, толькі вот гэтыя рукі. Таму прыстаў да бяднячкі. Прымачы хлеб — сабачы. Палоскі ў нас вузенькія. Летам босыя ходзім. Ярмячок, посны халаднічок, бульбачка. Хоць ты ў магілу кладзіся жыўём. Народ тады вакол сябе нічога не відзеў. Толькі што на рынак з’ездзіш. Усе няграматныя. У школу я не хадзіў аніводнага дня. Гэта сам праз сябе навучыўся чытаць, рахаваць. Цяпер любы аб’ём вымераю, да ўсяго галавой дайду. Але колькі тую галаву накруціш.

У сорак чацвёртым, калі прыйшлі нашы, пагаварылі мы з мужчынамі і рашылі ісці ў армію, гітлераў дабіваць. Служыў у сапёрах. Ехаў дахаты, думаў, пачнецца спакойнае жыццё. Ажно не, бандытаў трэба было вылавіць, яцманцаў. У Сакалойцях яны майго брата, сакратара сельсавета, забілі зімой. Завезлі да Вяллі і кінулі цела ў пролубку.

У сорак дзевятым я першым закапёршчыкам калгаснага строю стаў. Палохалі нас багацейшыя, гразіліся вешаць на бярозах. Але я сказаў: давай, хлопцы, пісацца, уся Расія, уся Беларусія ў калгасах, а мы што, будзем адставаць? Мяне выбралі кладаўшчыком. Кладаўшчык тады пасля прадсядацеля і брыгадзіра трэцяя фігура была. Людзі прывозілі мне збожжа, я важыў, адбіраў насеннае. Чысцілі мы яго ўручную — веялі шуфлямі. Колькі злосці, нянавісці было. Але і колькі радасці, дабрыні. Восем гадоў кладаўшчыком прарабіў, потым два гады намеснікам старшыні быў, жывёлаводам, брыгадзірам. Цяпер камандую калгаснай піларамай. Усе гэтыя гады старшыня рэўкамісіі. Работы хватае.

Чаму я адмовіўся ад персанальнай пенсіі? А што мне з гэтых грашэй — кашу варыць? Мая пенсія, жонкі, рублёў трыццаць на раме зарабляю. На сваіх харчах. Дзеці ў мяне ўжо асобна жывуць. Старэйшыя тут, у калгасе. Новыя дамы маюць. Часам мне памогуць, часам я ім сталярку зраблю. Малодшы на шахту завербаваўся. На рускай там ажаніўся. Добра так жывуць, дружна.

Ці давольны я цяперашняй маладзёжай? Розная яна бывае. Некаторыя раздзічэлі з выгоды. Людской культуры ім не хватае. Калі б я быў маладым, то больш акуратна рабіў бы, чым яны. Не падабаецца мне, што ў Рымдзюнах ніводнай маладой дзяўчыны не застаецца. Усе ў навуках. А хто ж будзе лён абрабляць? На кім нашы хлопцы пасля арміі жаніцца будуць? Перацягнуць іх гарадскія.

Як склалася жыццё маіх братоў? Я ж казаў ужо, што аднаго забілі бандыты. Другі жыве ў Вільнюсе і лічыць сябе літоўцам. Трэці выехаў у Польшчу і лічыць сябе палякам. Я ж пачуваюся беларусам. Цэлы інтэрнацыянал, калі з’едземся разам.

Што б мне яшчэ хацелася? Пажыць хоць годзік па-гарадскому. Каб такія выгоды. Не, не абавязкова ў горадзе, але па-гарадскому. Каб гэта ўсё табе на месцы. Як гэта зрабіць, каб маладыя ў горад не рваліся? Не ведаю. Забараняць нельга. А можа, з таго хлапчука вялікі чалавек выйдзе. Тады, можа, горад прыціснуць, каб там не так улежна было? Хаця што гэта такое я вам гавару. Прыціскаць — гэта дрэнна, трэба вёску падцягваць, каб як у горадзе было. Што мне яшчэ хацелася б? Памаладзець напалавіну. Тады я ўжо ведаў бы, што з сабой рабіць. Вучыўся б, кнігі грыз. І жыў бы ўволю. Цяпер жа жыві і жыць хочацца — так яно ўсё навокал стала.