Выбрать главу

— Дзе ж моладзь можа сабрацца, каб пагаварыць, правесці вольны час? Калісьці сустракаліся на вечарынках або папрадушках — па чарзе ў кожнай хаце. Цяпер у хаты не пускаюць: дарагая мэбля, маляваная падлога… А клуб часам далёка, за пяць кіламетраў бездаражы.

— Нельга ж у кожнай маленькай і бесперспектыўнай вёсачцы будаваць клуб. Не бойцеся, цяпер моладзь узброена матацыкламі, пераадолее, калі захоча, любую адлегласць. У раёне для яе адчынены семдзесят пяць культурна-асветных устаноў. Хаця не ўсе яны добра працуюць — часам няма людзей, малавата кніг і абсталявання.

— Але ж ёсць і лепшыя?

— Тут магу назваць Гірскую сельскую бібліятэку. Бібліятэкай выдатнай працы яе зрабіла Антаніна Фамінічна Багачова. Кнігі тут бярэ чатырыста пяцьдзесят пяць чытачоў. На кожнага ў год прыпадае па дванаццаць выдач. Гэта адзіная ў нас сельская бібліятэка, якая карыстаецца прамым міжбібліятэчным абанементам. Добрыя кантакты са школай, з сельсаветам. Гіры — вельмі чыстая вёска, многа кветак. І выключная мастацкая самадзейнасць. Пажылыя паказваюць старадаўнія літоўскія танцы — «Польку старых», «Малунеліс», «Сукцініс», «Ланцугеліс», беларускую «Лявоніху». Ездзілі з імі на агляд у Гродна, у суседні Швянчонскі раён. Кіруе ансамблем Вацлавас Лукшас, былы артыст ансамбля «Летува». Той жа ансамбль памог нам народнымі касцюмамі. Увогуле дружба з Літвой стымулюе нашу мастацкую самадзейнасць. Усе хочуць выступаць у канцэртах у Швянчонісе. Швенчанеляі або Пабрадзе. Літоўцы так цёпла нас спатыкаюць: з духавым аркестрам, кветкамі, з пеністым півам і кменістым сырам. Паказваюць нам выстаўкі, музеі, мясціны агульнай партызанскай славы. А як горача апладзіравалі астраўчане спектаклям Швенчанеляйскага народнага тэатра. У яго рэпертуары ёсць і творы беларускіх драматургаў.

— Памятаецца, як пачыналася гэта дружба год дваццаць назад. З Жарнель тады адправілася ў Буйвіджай адна фурманка. Ні музыкі, ні кветак, ні самадзейнасці…

У гаворцы незаўважна праляцелі Філіпаны, Варняны, Газа. Выскачылі на Полацкі тракт.

— Вёска паступова змяняецца, — працягвае Расціслаў Арсенцьевіч. — Калісьці ніхто не думаў пра сваю аўтамашыну, рэдка ў каго было радыё. А цяпер у раёне каля двухсот асабістых машын, дзве тысячы трыста трыццаць матацыклаў, чатыры тысячы тэлевізараў. У Вароне і Карвелях выраслі дыхтоўныя цагляныя дамы для калгаснікаў. Варона, цэнтральная сядзіба калгаса імя Карла Маркса, спланавана па-сучаснаму: дзейнічае клуб на дзвесце месц, на плошчы перад клубам — помнік Марксу, пракладваецца цеплатраса і водаправод. У калгасах «Рассвет», імя Калініна, саўгасах «Рытаньскі», «Падольскі» будуюцца тыпавыя магазіны, у Варнянах, Рытані і Рымдзюнах — тыпавыя майстэрні. І галоўнае, змяніўся лад мыслення селяніна, узрасла яго сацыяльная актыўнасць.

Тым часам наш «газік» імкліва ўзбег на пагорак, і ўперадзе адкрылася шырокая, парослая лясамі пойма Віліі. На яе беразе раскінуліся Міхалішкі — старадаўняе мястэчка з багатай гісторыяй і рэвалюцыйнымі традыцыямі. Калісьці яно называлася Вілеа, потым жа змяніла назву па прозвішчу ўладальнікаў Міхальскіх. Пасярод мястэчка ўзвышаюцца дзве вежы манументальнага і лаканічнага барочнага касцёла, пабудаванага ў 1653 годзе дойлідам Пенсам для манахаў-аўгустыянаў. Багатае ўнутранае ўбранства, разьбу для шасці алтароў выканаў італьянскі скульптар Перэці — той самы Перэці, які афармляў славуты віленскі сабор Пятра і Паўла. Памагалі яму мясцовыя вучні, Жалевіч, напрыклад. Пад касцёлам знаходзяцца вялікія катакомбы з грабамі Бжастоўскіх, фундатараў гэтага будынка. Зрэшты, грабніцы былі абрабаваны яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя.

— А вы ведаеце, што і Міхалішкі, і гэты касцёл упаміналіся самім Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным? — пытаюся ў Расціслава Арсенцьевіча.

— Дзе іменна?

— У «Гісторыі Пятра І», — дастаю з партфеля выпіскі. — Вось паслухайце: «Пётр сабраўся ехаць у Польшчу, але 5 мая захварэў ліхаманкай — і паспеў выехаць не раней, як у канцы мая. Па шляху да Полацка, аглядваючы сад і касцёл у мястэчку Мікалішкі (так у Пушкіна названы Міхалішкі. — А. М.) у пана Бжастоўскага, атрымаў ён паведамленне, што шведы морам і сухім шляхам ідуць да П. Б. (Пецярбурга. — А. М.). Пётр адправіў туды Меньшыкава, але той хутка вярнуўся, даведаўшыся па дарозе, што шведы ўжо прагнаны». Пушкін тут крышку недакладны, бо было гэта не ў канцы мая, а ў пачатку ліпеня, калі Пётр ехаў ужо з Полацка ў Вільню. У Міхалішкі ён прыбыў 6 ліпеня, начаваў тут і назаўтра атрымаў звесткі з Пецярбурга аб узмацненні непрыяцеля. Князь Меньшыкаў выехаў у Пецярбург пасля абеду, але, ад’ехаўшы сто кіламетраў, вярнуўся назад. З Міхалішак Пётр паслаў у Маскву, да Ціхана Мікітавіча Стрэшнева, пісьмо, надрукаванае ў «Деяниях Петра Великого» ў 1788 годзе.