Выбрать главу

— Вось у Пушкіна ўпамінаецца пан Бжастоўскі. Ці захаваліся пра яго якія звесткі?

— Больш — пра ягоных продкаў, якія былі даволі цікавымі людзьмі. Бжастоўскія, дакладней палкоўнік літоўскіх войск Ян Бжастоўскі, купіў Міхалішкі ад Міхальскіх у 1604 годзе. Ён жа пачаў разгалінаваную міхалішскую лінію Бжастоўскіх. Найбольшую вядомасць у ёй атрымаў сын Яна Цыпрыян. Нарадзіўся ён у Міхалішках у 1612 годзе. Вучыўся ў віленскай акадэміі, потым набіваў руку ў дыпламатыі пры двары Альбрыхта Радзівіла. Гэта Цыпрыян фундаваў у Міхалішках касцёл і запрасіў сюды аўгустыянаў. У гісторыю ён увайшоў галоўны чынам як прадстаўнік Рэчы Паспалітай на перагаворах з Маскоўскай дзяржавай, прыхільнік міру паміж абедзвюма краінамі. З яго ўдзелам быў заключаны Андрусаўскі мір 1667 года. Бжастоўскі тройчы ўзначальваў пасольства ў Маскву і карыстаўся павагай рускіх цароў. Міхаіл Фёдаравіч падараваў яму нават багаты абраз багародзіцы.

У адрозненне ад Цыпрыяна яго сын Канстанцін Бжастоўскі, з якім і гаварыў, відаць, Пётр Першы, бо памёр ён у 1722 годзе, вызначаўся рэакцыйнасцю. Атрымаўшы адукацыю ў Рыме і стаўшы віленскім біскупам, ён насаджаў фанатызм, цкаваў беларускага атэіста Казіміра Лышчынскага. Чалавек жорсткі і валявы, вёў крывавыя міжусобныя войны з іншымі магнатамі. Пакінуў пасля сябе некалькі кніг па тэалогіі. Пляменнік Канстанціна Юзаф вымураваў у Міхалішках палац, спалены ў вайну 1812 года. Апошнія з Бжастоўскіх праславіліся толькі празмернай скупасцю і прагнасцю. Разам з адміраннем дваранства як класа пачалася фізічная і маральная дэградацыя магутнага раней роду.

— Усё гэта вы абавязкова перадайце завучу Міхалішскай школы Кляцоўскаму. У сябе ён стварыў лепшы ў раёне краязнаўчы музей. Часта расказвае пра знаходкі ў раённай газеце. Гарачы энтузіяст краязнаўства.

У новым двухпавярховым будынку Міхалішскай школы Расціслава Арсенцьевіча акружылі настаўнікі. Трэба было вырашыць мноства неадкладных спраў. Шэсць чалавек пасля восьмага класа не пайшлі ў дзевяты. Чаму? Ці пагаварыў хто з імі і з бацькамі? Да ўчарашняга дня не працавала школьная сталовая. Што зрабіў дырэктар, каб дзеці мелі гарачы абед? Хутка восень, а настаўнікі не забяспечаны палівам. Ці нельга на гэта выдзеліць грошы з цэнтралізаваных сродкаў? З Маркун, вялікай вёскі ў сотню двароў, не арганізавана падвозка дзяцей. Хадзіць ім прыходзіцца за пяць кіламетраў па дрэннай дарозе. Ці звяртаўся дырэктар у праўленне калгаса? І ці нельга было б арганізаваць суботнікі па рамонту дарогі? Пытанняў процьма, і па кожнаму намеснік старшыні райвыканкома прымае кваліфікаванае рашэнне.

Потым усе гуртам ідзём у вузенькі пакойчык школьнага музея. Каменныя сякеры і рубілы, знойдзеныя вучнямі ў ваколіцы — тут, дзе зліваюцца з Віліяй Страчанка, Сарачанка і Ашмянка, дзе ланцуг азёр стварае штучную перашкоду з поўначы, людзі сяліліся даўно. Пад шклом ляжаць паржавелая зброя, грошы, пячаткі. Праз Міхалііпкі ішоў шлях многіх заваёўнікаў.

— Кажуць, — тлумачыць Міхал Андрэевіч Кляцоўскі, — што пасля няўдачнага бою шведы закапалі дзесьці тут сваю казну. У маладога Котвіча, міхалішскага пана, нават быў нейкі патаемны план. Ён многа капаў, але нічога не знайшоў.

— А ці ведаеце вы, што ў час касцюшкаўскага паўстання каля Міхалішак, у Палесціне, стаялі войскі палкоўніка Дзеева? Ён накладваў кантрыбуцыю на навакольныя вёскі, таму што ў іх успыхвалі бунты. За Дзеевым, гаворыцца ў дакументах, ішлі «натоўпы ўзброеных сялян».

— Не, пра гэта мы не ведалі. Але затое вядома, што ў Міхалішках быў Напалеон. Пры раскопках французскіх магіл калісьці, кажуць, знайшлі залатое стрэмя. А бліжэй да возера Падкасцёлак ёсць Зязюлькін лес. У легендзе гаворыцца, што назвалі яго так, бо тут спыніўся на адпачынак Напалеон. Павесіў на сук капялюш. І тут яму якраз закукавала зязюля. «Панове, — сказаў імператар, — нядобра яна нам вяшчуе. Ці не прыйдзецца нам яшчэ раз тут пабываць?» І праўда, пабываў пры адступленні. Не тут, дык у Ашмянах.