— І не толькі той. Памяць мірных жыхароў Міхалішак, пастраляных ва ўрочышчы. Памяць двух невядомых лётчыкаў. Старая Лаздоўская расказвала мне, што ля былога двара ў жніўні 1944 года невядомыя людзі, якія гаварылі не па-руску, але і не па-нямецку, пахавалі з салютам двух сваіх таварышаў. Магчыма, гэта былі лётчыкі з эскадрыллі «Нармандыя-Нёман».
— Наколькі мне помніцца, гэта эскадрылля ў Міхалішках не дыслацыравалася.
— Ну і што? Нейкі падбіты самалёт мог сесці на запасны аэрадром.
Глянуўшы на экспанаты больш позняга часу — камсамольскі білет дэпутата Міхалішскага сельсавета Васіля Гнядоўскага, які не вярнуўся з фронту, фатаграфіі воінаў, што вызвалялі Астравеччыну, пісьмо школьнікам В. Нікалаевай-Церашковай, мы выходзім на ганак. Кароткі перакур.
— Дзе яшчэ ў раёне ёсць школьныя музеі? — пытаюся.
— Абавязкова пабывайце ў Быстрыцкай васьмігодцы. Ну і, вядома, у Спондах, у партызанскім музеі Мартынава. А якія крыніцы вы яшчэ параілі б для міхалішскага музея?
Можна выкарыстаць кнігу вядомага археолага Канстантага Тышкевіча «Вілія і яе берагі», выдадзеную на польскай мове ў Дрэздэне ў 1871 годзе. Аўтар апісвае навуковую экспедыцыю, арганізаваную ім на плытах па Віліі. У кнізе ёсць малюнкі Міхалішак. Калі Тышкевіч быў тут, мястэчка лічыла тры з палавінай сотні жыхароў, шэсцьдзесят два дамы. На запушчаным квадратным рынку месціліся маленькія крамы. Абгарэлай стаяла ратуша. Трэба сказаць, што з 1689 года Міхалішкі карысталіся прывілеямі: новыя пасяленцы не плацілі дзесяць год падаткаў, местачкоўцы мелі ўласны мяшчанскі суд, маглі праводзіць у год чатыры ярмаркі. Тышкевіч падрабязна апісваў выгляд мясцовых сялян і мяшчан. Сярод жанчын пераважалі бландзінкі з малымі круглымі часамі і прадаўгаватымі тварамі. Маладзейшыя насілі хусткі на галаве, стракатыя фартушкі, гарсэцікі, пацеркі, півоніі ў валасах. Больш пажылыя хадзілі ў каптурках, кабаціках, каляровых спадніцах. «Мужчыны апрануты не менш чыста, носяць яны нейкія невыразнага крою сурдуты з шэрага сукна — нешта сярэдняе паміж старой капотай і сучасным сурдутам; усе ў доўгіх ботах, часта падперазаныя зверху чырвоным поясам».
— Мусіць, Тышкевіч апісаў і міхалішскі касцёл?
— Вядома. У касцёле яго прывабіла высокамастацкае скульптурнае афармленне. Быў тут апраўлены ў серабро і каштоўныя каменні абраз святой Кацярыны з славянскім надпісам — трафей з часоў вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1612 года. Вісеў бронзавы звон з гербамі Бжастоўскіх, датаваны тым жа годам. Прытым самы вялікі з чатырох міхалішскіх званоў, піша Тышкевіч, быў утоплены пры перавозе ў Віліі. Моста тады тут не было, толькі перавоз.
З Міхалішак мы, ужо ўтрох, скіраваліся ў завілейскую частку раёна. Паўз дарогі мільгалі старыя меднастволыя сосны, прасціраліся непраходныя балоты, марэнныя азёры.
— Зараз мы вам пакажам сапраўднае дзіва прыроды, — паабяцаў Герт. — На правым беразе Страчы ёсць адзінае ў Беларусі адлажэнне міжмарэнных лентачных глін з рэшткамі арктычнай расліннасці. У прыледавіковых слаях знойдзены сляды тундравай флоры: лісточкі і насенне травяністай івы, карлікавай бярозкі, курапаткавай травы, лапчатніка з групы снежных. Адным словам, Арктыка ў Беларусі.
— Мне пра гэтыя адлажэнні расказваў вядомы беларускі геолаг Леанід Мікалаевіч Вазнячук. У 1966 і 1967 гадах ён вёў тут, на Паўднёва-Свірскай градзе, геалагічныя даследаванні. Упершыню адлажэнні на беразе Страчы адкрыў у 1931 годзе польскі вучоны В. Галіцкі. Але ў яго не было грошай на раскопкі. У падмарэнных глінах, парушаных ціскам ледавіка, Вазнячук знайшоў, апрача рэштак дрыясавай флоры, больш ста ракавін малюскаў, у тым ліку аднаго марскога. У часы валдайскага аледзянення ён быў занесены сюды аднекуль з поўначы, можа, з Рыжскага заліва. Радыёвугляродным метадам у Ленінградскім універсітэце вызначылі, што ўзрост гэтых рэштак — каля дваццаці тысяч год.
Мінуўшы хутар Камарышкі, спыняемся на высокім, у чатыры метры, беразе Страчы. Павольна і шырока плыве яна тут, злёгку віруе на павароце. У паўдзённых промнях сонца відаць, як сярод гнуткай травы ляніва ходзіць рыба. За тысячагоддзі рака выгрызла луку метраў у трыццаць. Агаленне нагадвае слоены пірог. Спачатку ідзе шэры пясок, потым — шэравата-буры, брудна-чорны, ніжэй — зеленаваты суглінак, у самым нізе — шэравата-карычневыя гліны, зноў пясок. Усё гэта спрасавана і выгнута ўверх-уніз. Без мікраскопа ніякіх «арктычных» рэшткаў, вядома, не пабачыш…
У той дзень мы яшчэ многа калясілі па паўночнай частцы Астравеччыны. Расціслаў Арсенцьевіч цікавіўся, як нарыхтаваны кармы ў «Зары» і пачаўся новы павучальны год у Завідзіненцкай васьмігодцы. З гордасцю паказаў маляўнічы, схаваны сярод лясоў, на беразе рыбнага става, пасёлак кардоннай фабрыкі «Альхоўка». Цяпер тут скрыжаваліся інтарэсы розных рэспублік. З Беларусі і Літвы ідзе макулатура, Расіі — цэлюлоза, Украіны — вугаль і гліназём. На фабрыцы працуюць беларусы і рускія, літоўцы і палякі, украінцы і татары.