Выбрать главу
Стальной Трофим Евсеев Сказал перед полком: Врагов мы впрах развеем Путиловским клинком.

Трафім Якаўлевіч — сын уральскай зямлі. Нарадзіўся ён у горадзе Ніжняя Салда. Парабкаваў, рабіў на заводзе. У першую імперыялістычную служыў у лейб-гвардзейскім Гродзенскім палку, атрымаў Георгіеўскі крыж. Кастрычніцкая рэвалюцыя зрабіла Яўсеева ваенным камісарам. Ваяваў з калчакаўцамі, быў дэлегатам VІІІ з’езда бальшавіцкай партыі. А калі на Краіну Саветаў папалі пілсудчыкі, аказаўся са сваім палком ля Віліі. У час баёў за пераправу, у ліпені 1920 года, правёў разведку мясцовасці, паказваючы прыклад, першым кінуўся ў атаку, заклікаў варожых салдат павярнуць зброю на паноў афіцэраў. Нечаканая куля абарвала жыццё камісара. Утрымаўшы пераправу, байцы пахавалі яго на беразе Віліі. А праз год Радзіма ўзнагародзіла Яўсеева ордэнам Чырвонага Сцяга. Пра ўральскага рабочага-бальшавіка сардэчна пісаў у сваіх успамінах легендарны Гая Гай.

Мясцовыя жыхары А. Сімановіч, Б. Нарэйка, А. Ільюк запомнілі месца, дзе быў пахаваны герой, і расказалі аб ім быстрыцкім і кямелішскім школьнікам. Пачаўся збор матэрыялаў. Аказалася, што ў Ніжняй Салдзе ёсць вуліца імя Яўсеева. Быстрыцкія піянеры ездзілі туды калгасным коштам, а пасля прымалі ў сябе ўральскіх следапытаў.

Школьны музей расказаў мне і пра іншыя старонкі гісторыі. Звычайна лічыцца, што на Астравеччыне ў 1940–1941 гг. былі толькі тры калгасы — у Варнянах, Гервятах і Вітках. Але вось учора ішла гаворка пра арцелі, арганізаваныя Гімбіцкім; сёння ж з музейных матэрыялаў даведаўся, што батрацкі калгас на чале з А. Слядзевічам быў таксама ў Быстрыцы, а сяляне Рагалішак, Жарнель і Ракішак, аб’яднаўшыся ў арцель, выбралі старшынёй Архіпа Васілеўскага.

У быстрыцкім музейчыку ёсць яшчэ адзін экспанат, міма якога нельга прайсці без хвалявання. Гэта выцвілая ад часу фатаграфія маладой і прыгожай дзяўчыны з хутара Юзэфова Валерыі Ігнатаўны Тубіс. Рамантычна-ўзнёслая, у дзевятнаццаць год яна стала першай у наваколлі камсамолкай, першай быстрыцкай «ізбачкай». У акупацыю збірала і перапісвала лістоўкі, скінутыя з самалётаў. Аднойчы восенню паліцаі ўварваліся ў дом Тубісаў, знайшлі камсамольскі білет. Босую, па мёрзлай зямлі пагналі Валерыю ў Жарнелі на допыт. Хацелі выведаць, з кім мела сувязь. Дзяўчыну білі, адлівалі вадой і зноў білі. Але яна нічога не сказала, толькі гідліва плюнула ў вочы паліцаю. Расстралялі камсамолку ў лесе, ля хутара Санова.

— Школьныя і калгасныя музеі варацца, як кажуць, ва ўласным соку, ніхто ім не дапамагае, не кіруе імі, — паскардзіўся Глінскі, калі мы выйшлі на вуліцу. — Па прыкладу Швянчонскага раёна на Астравеччыне даўно пара стварыць дзяржаўны ці грамадскі гісторыка-краязнаўчы музей. Рашэнне аб яго арганізацыі вынесена сесіяй раённага Савета яшчэ ў пачатку 1973 года. Але пра сам музей пакуль што нічога не чуваць. Ці то няма энтузіяста, ці то няма экспанатаў.

— Як няма экспанатаў! Столькі матэрыялаў захавалася ва ўдзельнікаў падполля, воінаў, што родам з Астравеччыны, партызан. Скажам, сельсавецкая пячатка, якую збярог у вайну Ушакевіч, франтавы блакнот Дамброўскага, фатаграфіі Калгушкіна, Шастапалава, Палуніна. Колькі каштоўнасцей знікае з раёна! Зусім нядаўна яшчэ жыла ў Варнянах «сабачая пані». Празвалі яе так, бо заўсёды карміла зграю сабак. У яе былі кнігі XVІ стагоддзя, карціны, гравюры. Прыехалі прыватныя калекцыянеры і скупілі ўсё гэта за шалёныя грошы. Або міхалішская калекцыя лекара Мінкоўскага. Тышксвіч бачыў у яго рэчы, выкапаныя з магіл этрускаў, тонкі саксонскі фарфор. Некуды ж усё гэта дзяецца…

З Генадзем Мікалаевічам мы агледзелі касцёл, збудаваны ў 1760 годзе. У яго барочнай архітэктуры перакрыжаваліся самыя розныя ўплывы — мясцовыя і італьянскія. Канстанты Тышкевіч, які з дапамогай валаснога праўлення запісаў у Быстрыцы некалькі беларускіх народных песень, бачыў у гэтым касцёле тры званы з гербамі Бжастоўскіх і дзве куніцы, прыбітыя ля дзвярэй на знак, што тут здзяйснялася «арбітральная ўлада над сялянамі». Зразумела, цяпер ужо нічога такога мы не пабачылі. А не пабачыўшы, скіраваліся на высокі бераг Віліі, падмыты быстрымі водамі. Тут рака сапраўды віляе, робіць крутыя павароты. Відаць, таму і завецца Вілія, хаця так думаюць далёка не ўсе антрапанімісты. Некаторыя выводзяць гэту назву ад старажытнаславянскага велья — вялікая, іншыя — ад літоўскага вільніс — хваля або вілюс — здрада. А Тышкевіч прыводзіць легенду, у якой і рака і яе назва бяруць пачатак ад слёз няшчаснай Вуляны, мужа якой бог ператварыў у камень.

Сёння апетая паэтамі Вілія прыкметна памялела. З’явіліся пясчаныя косы. Высока вытыркаюцца камяні, названыя ў народзе то Макрагузамі, то Казакамі. А калісьці па рацэ густа плылі стругі, байдакі, лайбы, плыты. У 1856 годзе праз Быстрыцу прайшло да тысячы плытоў з лесам. Мясцовыя флісакі сплаўлялі драўніну ў Прусію, а па дарозе назад, ля Катлоўкі і Міцкун, іх падпільноўвалі разбойнікі. Па Віліі плылі ўверх, да Міхалішак, гарматы, якія Стэфан Баторый браў з сабой у паход супраць Івана Грознага. А яшчэ раней тут была камора, дзе бралі пошліну (мыта). Захаваўся прывілей Сігізмунда І, пісаны ў 1542 годзе ў Вільні на старажытнай беларускай мове. У прывілеі, між іншым, гаворыцца: «Там, в Быстрыцы і Пеменчыне, где перед тым стародавно мыто было бірано, мают ад плоту протэстёвого і бервенного і тэшнічного по тры грошэй плаці, а в плоце протэсовом і бервенном і тэснічном по трыдцаці бервен мает быці. А што на онех плоцех будет вложено, яко бочкі, драніцы, збожжа, сена і якекольвек жывносці, масла, яйца, сыры і рыбы і ў вершог і колько чолнов будет накладено, от того всего нікоторого мыта не мает быці брано, а в колодном плоту дрэвнянном 60 колод мает быці, як од дрэвнянного, так і од пліценія мыта по 12 пенязей мают даваці. Іно мы тепер с выроку нашого на том жэ зоставуем, іж там, в Быстрыцы і Неменчыне, от плоту протесового і борвеннаго і теснічного по 3 гроша, а от плоту дрэвенного і от пліценіц по 12 пенязей за мыта мают даваці».