Выбрать главу

Як я дабілася такіх надояў? Ведаеце, карову любіць трэба. Адным і тым жа часам даіць. Вымя памасіраваць, падмыць. Вунь на беразоўскай ферме, з якой мы сараўнуемся, кажуць; калі дасі палізаць солі або паласавацца канцэнтратаў, тады і добра. У абед дак у абед, вечарам дак вечарам. А каровы тым часам ад чакання нервуюцца, малако зарываюць. Чысціня трэба. Мы ў сябе на ферме вокны белім, летам кветкі ставім. Кароўнік у нас цяпер новы, на дзве сотні галоў. Доім «Імпульсам», рукамі толькі паддойваем. Гной транспарцёрам вывозяць. Так што рабіць лягчэй стала. Цяпер я так прывыкла да кароў, што, здаецца, без іх жыць не магла б. Стараюся, як каля сваіх. Бывае, што і ў хаце чаго не дараблю. Неяк пашэнціла зламаць руку, дак усё роўна на дойкі хадзіла, глядзела, каб зменшчыца кароў не запусціла.

Ці не цяжка мне адной, без мужа, упраўляцца і на ферме, і дома, гадаваць трое дзяцей? Цяжка, а што ж вы думаеце. Увесь час подбегам. Людзі казалі: не разводзься, у цябе ж і гады немаладыя, і дзеці ўсе ўжо школьнікі. Але ў мяне ж і свой розум, свой гонар ёсць. Не магла я мірыцца далей. І піў, і рукі доўгія меў. Цяпер вунь сваю цётку ганяе начамі. На аліменты мала плаціць, бо суткамі на ложку валяецца. Яго ўжо нічым не паправіш. І пры ім я дома ўсё сама рабіла — дровы шчапала, сена касіла. Цяпер хоць душа спакойная. Яно-то раней чалавек цярпеў бы, свая зямля не дала б годнасць паказаць. А цяпер не той час, каб над чалавекам здзекаваўся хто. Не плаціць аліменты, дак сваіх грошай хваціць — па сто семдзесят у месяц выходзіць. І дзяцей у людзі выведу. Мушу вывесці!

Па ўсяму відаць было, Малання Станіславаўна ўжо спяшалася на ферму, таму, пажадаўшы ёй поспехаў у жыцці, пайшоў на аўтобусны прыпынак. У чаканні нейкага транспарту прысеў на лаўцы побач з паўнаватым і добра сівым мужчынам. Ён аказаўся на лёгкім падпітку і ахвотна распачаў гаворку. Колькі слоў пра дажджы, што зноў зачасцілі, колькі слоў пра запушчанасць варонскага помніка архітэктуры. Потым запанавала няёмкае маўчанне, і, каб парушыць яго, я спытаў на ўсякі выпадак:

— Вы не ведаеце часам, у каго тут ёсць прыручаны воўк? Нядаўна ў беластоцкай «Ніве» чытаў, што каля Вароны быў зняты аматарскі фільм пра гэтага ваўка. Па тэлебачанні яго яшчэ паказвалі.

— А братка ж ты мой! Так бы адразу і спытаў… У мяне той воўк жыве! А фільм здымаць прыязджаў Аляксандр Ляховіч. То пойдзем да мяне паглядзець, на ваўка. І на дзікіх качак, што пад акном плаваюць. Баюся толькі, як старая нас прыме, бо сёння ж я трохі правініўся. Ну нічога, маім грамаадводам будзеце. Пры чужым чалавеку літаніяў яна не чытае.

Падхапіўшы мяне пад руку, мужчына весела прадставіўся:

— Вацлаў Іванавіч Блажэвіч, калісьці млынар, а цяпер ляснік. А заадно старшыня Варнянскага таварыства паляўнічых. А з кім маю гонар?

І нечакана задэкламаваў па-польску:

— О Літво, ойчызно моя, ты естэсь, як здрове…

Потым усю дарогу да Тартака нешта ды дэкламаваў. Міцкевіча, Багушэвіча, Сыракомлю. Сур’ёзнае і фрывольнае. Як і належыць былому мельніку, а цяпер лесніку, сыпаў анекдотамі, паляўнічымі гісторыямі.

— Яўрык у мяне як з’явіўся. Пайшлі мы гуртам на паляванне з маёй сучкай Ледзі. Глядзім — логава, пяцёра ваўчанят. Праседзелі ўвесь дзень, чакалі ваўчыцу, але яна не прыйшла. Тады падзялілі малых. Хто пазабіваў і здаў, а я стаў гадаваць. Воўк у лесе таксама патрэбны. Ён санітарную службу нясе. Мала цяпер нешта ваўкоў стала… Ну, а Яўрык вырас вялікі. У клетцы сядзіць, бо курэй душыць. Старая на мяне злуецца, кажа, мяса на яго не набярэшся. Але нічога, хай жыве. Бывае, я яго на паляванне з сабой бяру, у пару з Ледзі. Добра цікуе, толькі што не брэша, а яўкае. Заўжды са мной вернецца дахаты.