Выбрать главу

— А як цяпер дзічыны ў лесе — большае або меншае?

— Больш стала. Як замацавалі на Гродзеншчыне лясы за паляўнічымі арганізацыямі, то больш. Мы ж падкормліваем звяроў, тапінамбур для іх садзім. Нядаўна падлічвалі дзічыну, то налічылі каля двухсот дзікоў, каля васьмідзесяці ласёў, дзве з паловай сотні баброў, казуль многа. Цяпер дзікоў і ласёў па ліцэнзіях для заграніцы адстрэльваем. Нядаўна быў дэлегатам раённай канферэнцыі Таварыства па ахове прыроды, то чуў пра ўсё гэта. Наша таварыства мае сто сорак чатыры пярвічныя арганізацыі, болей семнаццаці тысяч членаў. Ёсць каму абараняць прыроду. Раённая газета часта друкуе старонку «Прырода і чалавек». Хаця і браканьераў хватае. Вунь у Жарнелях нядаўна стралялі без ліцэнзіі ў лася, а забілі калхознага каня. Што з такімі рабіць — не ведаю.

— У Чэхаславакіі добра прыдумалі. Ружжы — не ў паляўнічых, а ў праўленні таварыства. Ідзеш на калектыўнае паляванне — бяры ружжо.

— Хіба што так зрабіць. І яшчэ бяда ёсць з рыбай. Рыбы ў нас многа: стронга водзіцца, плотка, харыус, каля Альхоўкі — шчупакі па дзесяць кілаграмаў. Але зімой часта на Янаўскай ГЭС раптам спускаюць ваду. Вясной, калі лёд растане, ляжаць адны рыбіны костачкі. Спускаюць ваду і ў нераст. А колькі труецца хлоркай, аміячнай вадой. У «Перамозе» з дзіравай бочкі вылілася з дзесяць тон аміяку, дык усю рэчку Голштуп затрулі. Ну ладна, цяпер ша, самы небяспечны момант: вунь на панадворку мая старая стаіць.

І Вацлаў Іванавіч раптам пачаў ісці задам.

— Навошта ж так?

— А каб мая мела па чым адразу плескача даць!

Але плескача не было. Было гасціннае запрашэнне ў хату. Пакуль гаспадыня ўкройвала вэнджанага кумпячка, мы падышлі да Яўрыка. Пабачыўшы гаспадара, воўк радасна забегаў і нават лізнуў яму руку. Калі ж я падсунуўся да клеткі, ён халодна бліснуў вачыма, ашчэрыў жоўтыя зубы. Нерухома стаў у ненатуральнай позе.

— Артыст, праўдзівы артыст, — засмяяўся Вацлаў Іванавіч. — І ў фільме ён так іграў.

Потым мы агледзелі пасеку, стары млын, дзе калісьці, відаць, пілавалі дошкі, бо адкуль жа тады назва Тартак. Цяпер ён, замшэлы, стаяў нерухома. Толькі па латаку звонка цурчэла крынічная вада. Бегла яна з става, акружанага ніцымі вербамі. А па тым ставе плавала чародка дзікіх качак. Ад людзей яны не хаваліся, надчэквалі, ці не кіне ім хто жменьку збожжа.

— Дзівы дзіўныя цяпер з жывёлай творацца, — філасофстваваў Вацлаў Іванавіч. — Не баіцца ні людзей, ні машын, у гарады ідзе. Птушкі ў радыятарах трактараў гнёзды віюць. Клімат змяніўся, ці што. Каля Петраполя лебедзі сталі зімаваць. Качкі таксама не хочуць адлятаць.

Зімой ім тут зацішак, бо стаў не замярзае. Кругом лясы. На гарах мяцеліца свішча, а сюды, у лагчыну, вецер не дастае. Ды што там, лепей пойдзем у хату.

А ў стогадовай хаце Блажэвічаў — сапраўдны музей. Над халадзільнікам апошняй маркі вісіць цьмянае люстэрка ў разной раме. Бабка гаспадыні атрымала яго ад сваёй бабкі. Стаіць пузатая камода з тонкай разьбой. Уселіся мы на шырокай лаве з высокай спінкай, упрыгожанай разьбою. На маленькім падаконніку чырвоным полымем цвілі пеларгоніі. Прыкрыты кужалем стаяў тэлевізар. У закутку бялела пральная машына.

— Каб гэта такое жыццё ў маладыя гады! — уздыхнуў гаспадар, наліваючы ў чарачкі першаку. — У мяне розум быстры быў, але вучыцца давялося мала. Бацькам памагаў, потым на свой хлеб сеў. У вайну на фронце ваяваў, у балотах мок, Кенігсберг штурмаваў. У калгас уступіў. Тады здавалася: аддай зямлю, аддай каня, а як жыць без усяго свайго? А цяпер калі б хто сілком сунуў тую зямлю назад, сказалі б: навошта яна, адчапіся! Значыць, не зямля сама па сабе шчасце дае. Вунь я на калгасным сыноў вывучыў. Адзін заатэхнікам у сваім калгасе, другі шафёрам у Астраўцы, трэці армію дабывае. Чаго ж болей хацець.

— Так ужо нічога і не хочацца! — тут я рашыў паўтарыць пытанне, пастаўленае пару тыдняў назад Дзмітрыю Канстанцінавічу. — Уявіце, што перад вамі чараўнік, які можа выканаць тры любыя жаданні. Што б вы папрасілі?

— Першае — каб дзеці шчасліва жылі…

— І каб жонак добрых знайшлі, — перабіла гаспадыня. — Цяпер жа столькі разводзяцца.

— Другое — каб вайны ў нас доўга не было…

— Што ты чаўпеш, стары, — зноў перабіла гаспадыня. — Каб ніколі не было. Нідзе і ніколі.

— Ну, і каб дажыць да камунізма. Паглядзець сваімі вачыма, як яно там будзе!

7.

У «богам пазабытым» кутку. Справа ўсяго яго жыцця. Там, дзе чорт уссеўся на ледавік. Што паказала анкета. Трактарыст з душой інтэлігента. Першы Герой Сацыялістычнай Працы ёсць — хто наступны?