Выбрать главу

Вацлаў Іванавіч Блажэвіч, думалася мне на папутцы па дарозе ў Астравец, закончыў усяго пару класаў пачатковай школы. Але яго зацікаўленні шырэй, чым у іншага дыпламаванага спецыяліста. Паслухалі б вы, як ён эрудзіравана і дасціпна каменціруе міжнародныя падзеі, як ведае мінулае свайго кутка зямлі. Паэзію ён мог бы чытаць на памяць, мусіць, усю ноч. Нешта ж разбудзіла ў яго імкненне да прыгожага, прагу духоўнасці, Ці, можа, тут справа ў «прыроджанай быстрасці», як ён сам казаў, у спрадвечнай народнай цікаўнасці і кемлівасці?!

А як гэта імкненне да прыгожага выхоўваецца ў маладога пакалення Астравеччыны? Які эстэтычны зарад атрымоўваюць школьнікі?

Вярнуўшыся ў Астравец, іду ў аддзел народнай асветы. Леанід Уладзіміравіч згодзен, каб у дзвюх-трох дзесяцігодках правесці нешта накшталт анкеты. Выбіраем сельскую ў Жукойнях і местачковую ў Міхалішках. Яно добра было б узяць і Астравецкую, толькі не хопіць ужо часу.

У Жукойні рашыў дабірацца кружным шляхам, праз Спонды. Трэба паглядзець музей партызанскай славы ў Спондаўскай дзесяцігодцы.

За Віліяй праз прыцярушаныя дробным дажджом шыбы пільна ўглядаюся ў навакольныя краявіды. Калісьці тут, у Баранях, у мнагадзетнай сям’і лесніка, парадзіўся беларускі клерыкальны паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч, 1890–1926). Чалавек супярэчлівага жыццёвага і творчага лёсу, у сваім вершаваным зборніку «Мая ліра», выдадзеным у Вільні ў 1924 годзе, ён выкрываў сацыяльны і нацыянальны ўціск беларускага селяніна, шчыра спачуваў яго нядолі, за што ледзь не трапіў у турму. Але глядзеў ён на жыццё вачыма ідэаліста, раздвоены, не мог выйсці з «блуднага кола». Тут, у Клюшчанах, Сваяк нейкі час працаваў ксяндзом, намагаючыся па меры магчымасці даць сялянам грамату, тут у 1916 годзе ставіў свае драматычныя сцэнкі. У адным з твораў ён пісаў, што народ у гэтых мясцінах жыве ціхі, «богам пазабыты». Удалечыні ад гарадоў і вялікіх дарог, сяляне ніколі не вылазілі тут з «цемры і забітасці». Вось што, своеасабліва ўторачы Казіміру Сваяку, сведчыў у сваёй кнізе «Пад возам і на возе» (Кракаў, 1911) ксёндз Ю. Бародзіч, папярэднік Сваяка па Клюшчанскай парафіі. Рэакцыянер, ваяўнічы паланафіл, адзін з ініцыятараў усмірэння сялянскага бунту 1905 года ў Жукойнях-Жалядскіх, ён тым не менш вымушаны быў прызнаць: «Клюшчанская парафія, якая лічыць тры тысячы душ, з’яўляецца самай беднай у епіскапстве, бо знаходзіцца ў закінутай ваколіцы — далёка ад чыгуначнай станцыі, а зямля тут пясчаная, мала ўрадлівая. Народ тут мяшаны, складаецца з беларусаў, палякаў і літоўцаў, вельмі цёмных і забабонных, пераважна непісьменных». Раней адсюль у газеты паступалі толькі сумныя весткі накшталт вось гэтай, узятай з першага нумара «Нашай нівы» за 1915 год: «Клюшчаны. Зладзеі абакралі беднага селяніна, апошнюю адзежу, ало злыдняў злавілі, ды тыя падмазалі сведкаў».

Сёння «закінутая ваколіца» выраўнялася з іншымі мясцінамі. Выпрасаваныя ледавіком палі рэжуць трактары. Насустрач густа трапляюцца машыны і матацыклы. У Страчы і іншых вёсках на вуліцы асфальт. Над хатамі — густы лес высокіх тэлеантэн. Многа цагляных дамоў. Спондаўская дзесяцігодка таксама месціцца ў тыпавым двухпавярховым будынку.

Школьны музей паказвае яго энтузіяст Іван Мікітавіч Мартынаў. Невысокі ростам, хударлявы, рухавы, ён ніколі не ходзіць спакойна, а ўсё бяжыць подбегам, усё спяшаецца. З выгляду яму ніколі не дасі пяцідзесяці сямі гадоў.

— На старасць у мяне ёсць тры лякарствы, — смяецца Іван Мікітавіч, — рыбалка, дарога (сюды я дабіраюся штодзень са Свіры за дванаццаць кіламетраў: летам на мапедзе, а зімой і пешшу) і вось гэты музей. Вывучаць гісторыю партызанскага руху стаў таму, што сам партызаніў у Нарачанскім краі. Вось мы часта гаворым: ніхто не забыты і нішто не забыта, а многае забываецца ж. Тут я стаўлю перад сабой дзве мэты: зберагаць памяць пра народны подзвіг і на яго прыкладзе выхоўваць маладое пакаленне.

Школьны музей цесніцца ў маленькім пакойчыку. Раней тут быў пусты канец калідора. Старшыня калгаса «Ясная Паляна» Сяргей Міхайлавіч Мароз у парадку шэфства памог зрабіць сценку, дзверы. Вучні выгаблявалі і зашклілі стэнды, на якіх — сотні фатаграфій і жыццяпісаў, размешчаных у строгім і, можа, крыху аднастайным парадку.

— Пачалося ўсё з матэрыялаў пра ўраджэнца вёскі Жукойні-Жалядскія Аляксандра Паўлавіча Сільмановіча, — каменціруе Мартынаў, узняўшы на лоб масіўныя акуляры. — Да рэвалюцыі ён выехаў у Піцер, працаваў на фабрыцы «Вулкан». У верасні 1917 года ўступіў у партыю. Удзельнік штурму Зімняга. Падаўляў банды генерала Шкуро. Сільмановіч некалькі разоў бачыў і чуў Леніна: ля Фінляндскага вакзала, у Народным доме, на гістарычным пасяджэнні Петраградскага Савета. Слухаў і ў час вучобы на курсах прапагандыстаў ЦК. Успаміны Аляксандра Паўлавіча надрукаваны ў кнігах «Герои Октября» і «Ленин всегда живой», выдадзеных у Ленінградзе і Варонежы. Цяпер Сільмановіч персанальны пенсіянер, жыве ў Маскве. Адтуль прыслаў дзецям абедзве кніжкі з аўтографамі.