Выбрать главу

Значыць, вельмі многа тут залежыць ад урока (пакінем убаку недасканаласць падручнікаў). Адзін настаўнік анатамізуе мастацкі твор па схеме і тым самым забівае любоў да літаратуры. Другі вучыць мысліць і адчуваць, фарміруе асобу, яе маральны патэнцыял. Шкада, што не пабываў на ўроках у Ліліі Іванаўны Ромаш, хаця з яе небанальных разважанняў пра літаратуру відаць, што такі эмацыянальны зарад яны павінны даваць. А вось у Міхалішках, у дадатак да анкеты, трэба будзе схадзіць на ўрокі рускай і беларускай літаратуры. Схадзіць… А ўрок стане тады ўзорна-засушаным. Вось каб гэта прысутнічаць так незаўважна, нябачна…

На шашы мяне абагнала машына з чырвоным крыжам на баку, рэзка спынілася, падала назад. Гэта ў галоўнага ўрача раёна Валянціна Аляксандравіча Ражко ёсць добры звычай падвозіць выпадковых падарожных. Да самых Міхалішак расказваў ён мне пра свае радасці і клопаты. Пра куміра ўсіх жанчын Астравеччыны Аляксандра Пятровіча Апалінскага, які вось ужо дваццаць год узначальвае радзільнае аддзяленне. Пра хірурга Яўгена Паўлавіча Канановіча. Пад час вайны ён партызаніў, а цяпер заканчвае кандыдацкую дысертацыю, ва ўмовах Астраўца робіць трэпанацыю чэрапа і іншыя складаныя аперацыі. Скардзіўся на тое, што Астравецкая раённая бальніца — самая. малая ў вобласці, усяго на сто дваццаць пяць ложкаў, таму і цяжка размясціць усе аддзяленні.

У Міхалішскай школе з ходу напрошваюся да Алы Паўлаўны Леўшынай на ўрок рускай літаратуры ў дзесятым класе. Праходзіць ён у няўтульным пакоі, дзе нішто не нагадвае пра літаратуру. А іншыя ж урокі, падумалася, тут праводзяцца ў багата абстаўленых кабінетах… Але пачынаюцца заняткі — і перастаеш заўважаць заплямленыя сцены і паламаныя крэслы. Разам з вучнямі пераношуся ў супярэчлівы свет, пасолены жывымі героямі горкаўскай п’есы «На дне». Менавіта жывымі! За ўвесь урок я ні разу не пачуў слоў «рысы вобраза», «тэма». І настаўніца, і вучні адносяцца да Саціна, Лукі, Кляшча як да жывых, паўнакроўных людзей. Што вам падабаецца і што не падабаецца ў Саціне? У чым прычыны яго раздвоенасці? Давайце падыскуціруем, узважым усе «за» і «супраць»! Хлусня ці не хлусня прамовы Лукі? І ў чым шкода такой хлусні? І чым Лука падобны да Платона Каратаева? Урок ідзе па плану і адначасова — ён імправізацыя: адказы вучняў нараджаюць нечаканыя пытанні. На ўвесь клас толькі два-тры пасіўныя, адсутныя абліччы. Усе добра арыентуюцца ў тэксце п’есы. Чыстая руская мова. Дробныя пагрэшнасці тут жа выпраўляюцца. Пасля ўрока вучні не выглядалі змораныя, спакваля пакідалі клас — нібы яшчэ жылі ў іншым вымярэнні, створаным геніем мастака.

А цяпер — анкета. Цікава, у якім класе веды будуць лепшыя: у дзесятым А, дзе «прывілеяваныя» местачкоўцы, ці ў дзесятым Б, дзе вучні прышлыя з іншых, глыбінных васьмігодак?

З семнаццаці вучняў дзесятага А класа шасцёра сваім любімым беларускім пісьменнікам назвалі Івана Мележа, чацвёра — Івана Шамякіна, двое — Івана Навуменку, па аднаму «голасу» атрымалі Купала, Чорны, Маўр і Быкаў. Адпаведна любімыя творы — «Людзі на балоце», «Сэрца на далоні», «Сасна пры дарозе» (аднекуль з’явіўся яшчэ «Вячэрні сеанс»). Амаль усе сярод герояў коласаўскай трылогіі пазвалі Лабановіча і Ядвісю, а двое яшчэ — Аксёна Каля і …Тулягу. Толькі трое ведаюць зборнік Багушэвіча… «Мая дудка». І толькі адзін сярод лаўрэатаў Ленінскай прэміі назваў П. Броўку (іншыя пералічылі амаль усіх масцітых).

Горш з мастацтвам. Выканаўцу галоўнай ролі ў кінафільме «Каліна чырвоная» не ведаў ніхто. Шастаковіча лічылі пісьменнікам. Сярод любімых музычных твораў — «песні», «песні і танцы», «эстрадная песня», і толькі два «пробліскі»: раманс «Я помню чудное мгновенне» і «паланэс». Сярод любімых фільмаў на першым месцы «Чатыры танкісты і сабака».

Дзевяць чалавек хоча жыць у вёсцы (няблага!), шэсць — у горадзе, адзін — у мястэчку, двое вагаюцца. Пяцёра аддаюць перавагу прафесіі педагога (нядрэнна ў параўнанні з іншымі анкетамі), трое — шафёра, двое — інжынера, па аднаму прэтэндэнту ў «артысты ансамбля танца», ткачыхі, медсёстры, аўтаслесары, бухгалтары і «гіёлагі» (з пісьменнасцю тут горш, чым у Жукойнях — «будзім ходзіць», «лётаць на космас»).

Усе ўпэўнены, што праз дваццаць год будуць жыць пры камунізме. Усім хочацца, каб горад, завод прыйшлі ў вёску, каб былі добрыя дарогі, а ў Міхалішках — свой народны тэатр. Людзі знойдуць «такую планету, на якой ёсць разумнае жыццё», на іншых планетах «сабяруць першы ўраджай і закладуць фундамент першага жылога дома», а «на Марсе мы будзем адчуваць сябе, як у бога за пазухай». Вучоныя прадоўжаць жыццё да ста пяцідзесяці год. «Рыбы будуць знаходзіцца ўсюды ў поўнай бяспецы» і ўвогуле «будзе не жыццё, а маліна». Амаль усе пішуць пра тэхнічны прагрэс, матэрыяльны дабрабыт. Духоўнае, маральнае, на жаль, адступае на задні план. Толькі двое турбуюцца пра тое, каб моладзь у будучым не сядзела на шыі сваіх бацькоў, каб кахала «мацней, чым Рамеа Джульету». Толькі адзін вучань вызначае і сваё месца, свой удзел у пабудове «ўсеагульнага шчасця»: «Калі я скончу Інстытут, я абавязкова прыеду працаваць у сваю вёску і буду сваёй працай набліжаць светлае будучае нашай вёскі».