Выбрать главу

Наша прафесія, далажу я вам, цяжкая, але аўтарытэтная. За намі будучыня. Цяпер некаторыя шумяць, што вот людзей у вёсцы мала, што ўсе ў гарады хочуць. А па мне, то людзей у вёсцы яшчэ замнога. Замала механізатараў, каб толькі яны рабілі ўсю работу. Да гэтага ж ідзе.

Так што сваім выбарам я задаволены. За работу атрымаў ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны». Во нядаўна «Жыгулі» купіў, новую мэблю, добрае адзенне. Толькі адпачыць няма дзе. У «Вецярок» светлы касцюм не адзенеш. У клубе цёмна, лямпачкі пабіты. Толькі адно кіно круцяць. У бібліятэцы цікавых кніг мала. Возьмеш каторую, пачытаеш, як пра нашага брата трактарыста пішуць, нібы адно толькі яму ў галаве, каб укалываць, сумна стане, аддасі назад, не дачытаўшы… Ну, яшчэ ў Вільнюс калі на выхадны з’ездзіш.

Мае жаданні? Чалавек мусіць ставіць перад сабой нейкую высокую мэту. І старацца дайсці да яе. Можа, палічыце нясціплым, але хочацца дацягнуць да Героя. Вунь як Паташкевіч у меліярацыі, першы Герой Сацыялістычнай Працы на Астравеччыне.

А мне тут жа прыгадалася, што пра Франца Іосіфавіча Паташкевіча сказаў Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя:

— Я часта бачыў, як людзі добра працуюць. Але аж каб так працавалі — не бачыў. Паслухалі бы вы, як хораша пра яго выступалі рабочыя, абмяркоўваючы яго кандыдатуру. «Калі ён мала накапае, — гаварылі, — у яго настрой падае; не прапусціць ніводнага выпадку, каб памагчы іншым». Баяўся, што, стаўшы Героем, можа, зазнаецца. Ажно не, яшчэ прыбавілася ў яго ахвоты. Нядаўна прыз яго імя механізатарам устанавілі.

Вярнуўшыся ў Астравец, я скіраваўся на пошукі Франца Іосіфавіча. Але калі нядзеляй знайшоў на ціхай вулачцы абрамлены асеннімі вяргінямі акуратны фінскі домік і пачаў націскаць на кнопку званка, жанчына з суседняга гародчыка крыкнула, што Паташкевічы — хоць раз у год — выбраліся ў госці на сваю радзіму, дзесьці пад Маладзечна. Мусіць, назаўтра суседка далажыла пра тую кароткую размову, а пачуццё абавязковасці не давала Францу Іосіфавічу спакою («як жа, нехта шукаў мяне і не знайшоў!»), бо ў панядзелак вечарам, кіруючыся ўскоснымі прыкметамі, ён сам адшукаў мяне ў гасцініцы, тут жа запрасіў да сябе ў госці; «Паглядзець, як жывём!»

У старшага машыніста-экскаватаршчыка Астравецкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі Франца Іосіфавіча Паташкевіча неяк арганічна спалучаецца грамадскае і асабістае. Так, цэлымі днямі, часам ад цямна і да цямна, у гарачыню і ў сцюдзёны дождж, рызыкуючы праваліцца ў халодную жыжку, угрызаецца ён каўшом свайго экскаватара ў клейкую твань балот. Так, многа часу аддае грамадскай рабоце — як член бюро райкома партыі, член бюро сваёй пярвічнай партарганізацыі, як настаўнік моладзі і рацыяналізатар. Але адначасова ён не ахвяруе асабістым. Умее цаніць радасць жыцця: асалоду падарожнічаць на ўласным «Масквічы», утульнасць пакоя, абстаўленага сучаснай мэбляй. Ганарыцца дзецьмі, якія прыносяць са школы выдатныя адзнакі і яшчэ на дадатак займаюцца музыкай. У гэтай сям’і, адчуваеш з першага погляду, пануе дух таварыскасці, а старэйшыя дзеці глядзяць за парадкам і памагаюць малодшым, бо Ніна Герасімаўна, жонка Франца Іосіфавіча, таксама поплеч з ім працуе на балотах. Калі блізка ад Астраўца — прыязджаюць вечарам дамоў, а калі далёка, за Кямелішкамі або Гервятамі, — тыднямі жывуць у вагончыках у полі.

— Каб гэта ўсё падлічыць, колькі я выняў зямлі з 1961 года, як тут працую… — думае ўслых Франц Іосіфавіч. — Возьмем у год восемдзесят тысяч кубоў. Тады за ўвесь час набярэцца да мільёна. Мільён кубоў — гэта недзе дзвесце кіламетраў канавы сярэдняй шырынёй у шэсць метраў. Як адсюль да Мінска і нават далей. Сёлета даў слова выняць шэсцьдзесят пяць тысяч кубоў. А ўжо ёсць шэсцьдзесят сем тысяч. Да канца года яшчэ палавіну плана дам. Так што сваю пяцігодку за тры з паловай гады выканаў.

— Чаму ж у іншых паказчыкі не такія?

— У іншых? — гаспадар на хвіліну задумваецца. — Іншыя любяць самае цяжкое на заўтра пакінуць. У нашай рабоце ўсялякае бывае. Парвецца гусеніца — лезь у балотную гразь. Колькі разоў, паглыбляючы рэчку, правальваешся ў халодную ваду. Усюды ёсць лепшыя ўчасткі і горшыя. Нешта цябе так і падмывае: пакінь цяжэйшы ўчастак, заўтра даробіш. А ты не даешся, бярэш сябе ў рукі: не, трэба зрабіць цяпер! Ты ж сялянскі сын, думаеш, з дзяцінства прывучаны к труду… Прыеду вечарам дадому — увесь час думаю, што мне назаўтра трэба, каб прастояў не было. Прадбачу, якія часткі могуць выйсці са строю, каб запасныя ўзяць. Масла каб хапіла і каб сэканоміць яшчэ. Для паліва бакі ў нас малыя, дык я запасны стаўлю, каб час не ўпусціць. Стараюся і маладых падцягнуць. Тэорыі-то ў іх часам болей, чым у мяне, а практыкі намнога меней. Цяпер пры нашым упраўленні філіял Слонімскага вучылішча адкрылі, дык маладыя ў мяне практыку праходзяць. Ужо чалавек з трыццаць абучыў. Каб лепей працаваць, ездзім за вопытам на выстаўку ў Маскву, да суседзяў у Швянчонскі раён. Яны там у сябе ўзялі курс толькі на дрэнаж. Калектары заглыбляюць у зямлю і тым самым на квадратным кіламетры да гектара зямлі эканомяць.